Искусство рисованных ковров в Миорах

 «Малюнкі на дыване: ад задумы да ўвасаблення». Пад такой назвай у цэнтральнай раённай бібліятэцы праходзіць выстава маляванак народнага майстра Святланы Скавырка з Глыбокага. Адкрыццё адбылося з удзелам аўтара.

Маляванкай Святлана Скавырка займаецца 18 гадоў. У творчай спадчыне звыш сямі дзясяткаў работ. Персанальная выстава ў Міёрах – 18-я па ліку. Сёлета маляванкі народнага майстра Беларусі экспанаваліся ў Санкт-Пецярбурзе, Мінску, Вілейцы, Паставах, Браславе і іншых беларускіх гарадах.

 З гісторыяй маляваных дываноў удзельнікаў сустрэчы пазнаёміла навуковы супрацоўнік Міёрскага гісторыка-этнаграфічнага музея Кацярына Рачыцкая. Адзначыла, што маляванкі адносяць да наіўнага мастацтва, паколькі стваралі іх самавучкі без спецыяльнай адукацыі. Вядомы з канца 19 стагоддзя гэты від жывапісу па палатне найбольшае распаўсюджванне атрымаў у 30-50-я гады 20 стагоддзя, асабліва ў паўночных рэгіёнах Беларусі. На саматканым ільняным палатне памерам паўтара на два метры, афарбаваным у чорны ці цёмна-карычневы колер, майстры адлюстроўвалі раслінныя матывы, выявы птушак, жывёл. Цэнтр кампазіцыі звычайна займаў букет кветак у вазе ці кошыку. Сюжэтамі некаторых дываноў з’яўляліся сустрэча ці развітанне закаханых. Як падкрэсліла супрацоўнік музея, калі і кім быў створаны першы беларускі маляваны дыван, адказаць складана. Самыя вядомыя імёны ў гісторыі маляванкі – Язэп Драздовіч, з чыёй творчасцю можна пазнаёміцца ў музеі ў Германавічах, і Алена Кіш, 11 з 13 работ якой захоўваюцца ў музеі ў Заслаўі.

 Адна з работ глыбоцкага майстра Святланы Скавырка таксама навеяна матывамі твораў Алены Кіш. Акрамя таго, на прадстаўленых на выставе дыванах адлюстраваны святы народнага календара, адметнасці Глыбоччыны, прыродныя і іншыя матывы. У падарунак для міярчан майстрыца стварыла дыван з адметнымі мясцінамі нашага краю, сярод якіх касцёл у Міёрах і вадаспад на рацэ Вята.

Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий