Сказки на холсте: выставка юных художников Витебска в Миорах
gazeta 10-01-2026, 10:46 1 447 Культура
Дні ў канцы снежня – пачатку студзеня напоўнены атмасферай казкі. Акунуцца ў казачны свет запрашае выстава «Гартаючы старонкі любімых кніг» у выяўленчым аддзяленні дзіцячай школы мастацтваў. Тут экспануюцца работы юных мастакоў з Віцебска, што займаюцца ў школе мастацтваў № 3 «Маладзік».
Партрэт рыжавалосай дзяўчынкі з двума загнутымі ўверх касічкамі. На твары шырокая ўсмешка, у руках – гарэзлівая малпачка. Ну канешне, гэта Пэпі Доўгаяпанчоха, гераіня Астрыд Ліндгрэн. Побач сюжэт, таксама навеяны творам гэтай пісьменніцы: Малы выглядае ў акно свайго сябра Карлсана, які жыве на даху. Абодва малюнкі поўняцца яркімі фарбамі і грэюць пазітывам. Зусім іншае адчуванне выклікае партрэт Снежнай Каралевы, прыдуманай Хансам Хрысціянам Андэрсэнам. Строгі воблік, халодныя адценні. Чым далей адыходзіш ад малюнка, тым выразней яго выгляд. Гэта эфект тэхнікі мазкоў, у якой выканана работа.
На малюнках юных творцаў, якім ад шасці да 15 гадоў, знайшлі адлюстраванне сюжэты народных казак, вершаў Агніі Барто, твораў Аляксандра Пушкіна, Аляксея Талстога, Антуана дэ-Сент Экзюперы і іншых аўтараў. Некаторыя паспрабавалі напісаць партрэты пісьменнікаў. Хтосьці аддаў перавагу тэматычным кампазіцыям. Адна з іх – «Казачныя ўцёкі». У цэнтры сюжэта прынцэса, якая вырашыла ўцячы з казкі ў рэальнасць. Работа вызначаецца цікавай тэхнікай выканання: у аснове газетныя лісты, а па-над імі малюнкі гуашшу. Прапанавалі юныя аўтары свае варыянты вокладкі для кніг.
– Выстава экспанавалася ў абласным музеі. На працягу студзеня будзе дзейнічаць у нас. Чакаем навадвальнікаў, – заўважае загадчык выяўленчага аддзялення Баляслаў Чарняўскі. – Выставу адрознівае прадуманая кампазіцыя. Работы ў вялікіх фарматах. Мы ў такіх не працуем, ёсць чаму павучыцца. Такім чынам папулярызуем выяўленчае мастацтва як сярод навучэнцаў, так і ў гараджан.


Адкрыццё выставы «Гартаючы старонкі любімых кніг» прайшло ў творчай сяброўскай атмасферы. Завіталі на мерапрыемства галоўны спецыяліст сектара культуры райвыканкама Вольга Чапулёнак, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў Ігар Лавец. Пажадалі навучэнцам аддзялення атрымліваць асалоду ад творчасці і знайсці свой стыль. Пазітыўнымі ноткамі дапоўнілі сустрэчу юныя гітарыст Захар Кулеш і салістка Анастасія Гелеш.
ДАРЭЧЫ
Выстава з «Маладзіка» – чацвёртая ў новым памяшканні выяўленчага аддзялення ДШМ. На першай – «Вучань. Студэнт. Настаўнік» – прадстаўлялі работы выпускнікоў установы розных гадоў. Затым экспанаваліся работы навучэнцаў Полацкай мастацкай школы на тэму «Знакамітасці вачыма юных мастакоў». Наступнымі сталі палотны мастака з Шаркаўшчыны Віктара Крука.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял Казіміра Блажэвіча.





