Авторизация
 

Вопыт і маладосць

Опыт и молодость У Завуцці дзве бібліятэкі — школьная і сельская. У першай працуе спрактыкаваны работнік Фаіна Канстанцінаўна Шугальская. За плячыма жанчыны багаты вопыт. Сама яна піша вершы, карціны. Чытачы газеты рэгулярна маюць магчымасць пазнаёміцца з яе новымі творамі, якія змяшчаюцца на тэматычнай старонцы “Ручаёк”.

 

У школьнай бібліятэцы больш за 5 тысяч кніг, падручнікаў прыкладна 10 тысяч. Бібліятэкар імкнецца далучаць моладзь да сусветнай класікі. Лічыць, што сур’ёзная літаратура ўвабрала ў сябе мудрасць многіх пакаленняў. У ёй можна знайсці адказы на складаныя пытанні: як жыць, што рабіць, хто вінаваты.

У школе з дапамогай бібліятэкара арганізуюцца розныя мерапрыемствы. Так, сумесна з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры праводзілі гутарку “Мова маёй зямлі”. Вучні 5-7 класаў расказвалі пра свой край, агучвалі літаратурныя тэксты і г. д.

Яшчэ ў снежні праходзіла агульнашкольная літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная творчасці Максіма Багдановіча.

У маі сумесна з загадчыцай сельскай бібліятэкі Юліяй Мікалаеўна Нарэйка арганізавалі вечарыну па творчасці Я. Купалы.

 

Юля ў бібліятэчнай справе навічок. Яшчэ няма і году, як яна змяніла Нону Яўгенаўну Нарэйка, былога бібліятэкара, якая пайшла на заслужаны адпачынак. У сельскай бібліятэцы каля 5 тысяч экземпляраў розных кніг, прыходзяць перыядычныя выданні. Бібліятэку наведваюць 193 чытачы, сярод якіх 137 дарослых і 56 дзяцей. Прыходзяць за добрай кніжкай пенсіянеры. Актыўных набярэцца каля 3-х дзесяткаў.

Маладая работніца па-свойму імкнецца аформіць бібліятэку. Тут рэгулярна наладжваюцца розныя выставы. Зацікавіў “Каштоўны куфэрак”. Гэта выстава мае тры падраздзелы: “Залатыя кнігі”, “Сярэбраныя кнігі”, “Плацінавыя кнігі”. У першым падраздзеле — творы для дзяцей, у другім — аб прыродзе, а ў трэцім — знакамітых пісьменнікаў.

У другім куточку бібліятэкі размешчана яшчэ адна выстава “Бацька беларускіх гарадоў — Полацк”. Зноў з падраздзеламі: таямніцы, гісторыі, светачы зямлі Полацкай. Дзеці і дарослыя могуць прачытаць пра Францыска Скарыну, Еўфрасінню Полацкую, Сімяона Полацкага.

 

Прываблівае вока тэматычная выстава “Сям’я... як многа ў гэтым слове”. Тут можна пазнаёміцца з літаратурай, у якой расказваецца пра майстэрства сямейных адносін. У другім падраздзеле размова пра тое, як сем’і арганізуюць вольны час, у трэцім — пра дом. Правільна, што ў бібліятэцы знайшлося месца для вырабаў самадзейных умельцаў. Нават альбом з іх фотаздымкамі аформлены. Вырабы з саломкі, гліны, карціны, посцілкі.

У размове з бібліятэкарамі закраналіся розныя аспекты быцця. І старэйшая, і маладзейшая лічаць, што чытанне добрых кніг спрыяе таму, каб чалавек захаваў у сабе інтэлігентнасць. Без чытання кніг у людзей проста не будзе пра што гутарыць, асновы для вывадаў, кругагляд звузіцца. Людзі павінны чытаць сур’ёзныя кнігі, “тоўстыя часопісы”. Гэта аснова грамадскага прагрэсу. Такім чынам складваецца культура. Сёння мы даволі лёгкаважка адносімся да гэтага, многія з чытачоў прыходзяць толькі за забаўляльнай літаратурай, дэтэктывамі. Некаторыя маладыя людзі не маюць жадання чытаць, а значыць, станавіцца інтэлігентамі. Само слова рэдка ўжываем, часцей пачуеш скептычнае — батанік.

 

Канешне, хацелася б, каб у нашых бібліятэках была магчымасць працаваць з камп’ютарам. У Завуцці ў сельскай пакуль такой тэхнікі няма.

— Выручае дамашні камп’ютар, — кажа Юлія Мікалаеўна. — Дома раблю патрэбныя раздрукоўкі, прыношу ў бібліятэку.

Да канца года запланаваны сур’ёзныя мерапрыемствы. Пройдуць гутаркі пра дзяржаўныя сімвалы, “Волаты слова народнага”, конкурс эрудытаў “Нам засталася спадчына” і інш.

Бібліятэкары прыкладваюць шмат душэўных і духоўных намаганняў, каб у бібліятэках і дзеці, і дарослыя адчувалі прыцягальнасць да духоўных скарбаў. І многае ўдаецца. Безумоўна, у гэтым дапамагае вопыт і запал маладосці.

 

Л. КАСАТЫ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 января 2023
Адам, Андрей, Аристарх, Вениамин, Давид, Иван, Илья, Иосиф, Макар, Марк, Моисей, Павел, Сергей, Степан, Агния, Нина

Именины 26 января 2023
Максим, Петр, Марфа, Афанасий, Яков

Госці краін

free counters
Партнеры сайта