Интелектуальный центр

Интелектуальный центр У аграгарадку Язна сельская бібліятэка карыстаецца папулярнасцю. Яе наведваюць больш 300 чытачоў. Загадвае ўстановай Ларыса Эдуардаўна Карпава. Яна не навічок у культасветніцкай справе. У 1983 годзе закончыла Віцебскае культасветвучылішча, атрымала накіраванне ў Язненскі сельскі Дом культуры. Працавала мастацкім кіраўніком, нейкі час дырэктарам. 5 гадоў таму на заслужаны адпачынак пайшла Яўгенія Мікалаеўна Дарашкевіч. З таго моманту Ларыса Эдуардаўна стала гаспадыняй бібліятэкі. Жанчына лічыць, што ў сховішчы для кніг усё павінна быць прыгожа: і колер сцен, і фонды, і праца з чытачом. На сваю работу трэба глядзець вачыма не толькі прафесіянала, але і тых, хто прыходзіць сюды. Чаго ён прыйшоў у бібліятэку, што важна для чалавека, чым яму можна дапамагчы?

 

Цяпер бібліятэка становіцца інтэгратарам паслуг, дзе магчыма атрымаць кнігі, аўдыё, відэа, пляцоўку для прагляду матэрыялаў, чытання перыёдыкі. Тут можна падрыхтаваць рэферат і адксеракапіраваць патрэбны дакумент, мець сувязь з сябрамі ў інтэрнэце. Бібліятэка — не толькі месца, дзе выдаюць кнігі, гэта інтэлектуальны цэнтр культуры.

 

У верасні мінулага года са сталіцы на язненскую зямлю завіталі знакамітыя пісьменнікі з акцыяй “Чытаем разам”. Распачалі яны творчую сустрэчу ў Язненскім СДК. Гасцей хлебам-соллю, прывітальнымі словамі і спевамі сустракалі работнікі культуры, вучні, настаўнікі, жыхары вёскі. Знакамітыя госці пабылі ў Язненскай бібліятэцы, дзе адбылося пасяджэнне дамскага клуба “Вера. Надзея. Любоў.” У пакоі былі размешчаны фотавыставы, прысвечаныя жыццю язненцаў, сямейных абрадаў (выстава ранейшых шлюбных фотакартак). Дэманстравалася радавое дрэва сям’і Зубко, якое вельмі зацікавіла пісьменнікаў. Ларыса Эдуардаўна Карпава пазнаёміла гасцей з работай бібліятэкі па напрамку “Нам засталася спадчына”. Пісьменнікі далі аўтографы, расказалі пра асаблівасці творчай працы, павесялілі гісторыямі з свайго жыцця. На развітанне і памяць гасцям уручылі невялічкія сувеніры, зробленыя сваімі рукамі, — падушачкі, напоўненыя гаючымі травамі з язненскай зямліцы.

 

У бліжэйшых планах работы бібліятэкі — арганізаваць і правесці літаратурныя гасцёўні “Магутнае слова, ты, роднае слова” (да 130-годдзя Янкі Купалы), “Над старонкамі паэзіі М. Танка”, літаратурна-музычную вечарыну “Жыццё і творчасць — Радзіме ў спадчыну” (да 130-годдзя Якуба Коласа), кніжныя выставы “Летапіс беларускага слова” (да Дня беларускага пісьменства), “Мову родную, край свой любіце” (да Міжнароднага дня роднай мовы). За студзень-сакавік сёлета праведзены (акрамя літаратурных календароў і кніжных паліц да юбілеяў пісьменнікаў і мастакоў, якія абнаўляюцца амаль кожны тыдзень) конкурсна-пазнавальная праграма “Незвычайныя святы”, гутарка-роздум “Зламаны рамонак”, літаратурна-музычная кампазіцыя “Беларусь мая, родны край”, бібліяграфічны агляд “Грунвальдская бітва на старонках мастацкіх твораў”.

 

Ларыса Эдуардаўна лічыць, што бібліятэку наведваюць вельмі адказныя і дапытлівыя чытачы, якія цікавяцца і вершамі, і прозай. Прыходзяць за кнігамі, часопісамі, газетамі і дзеці, і дарослыя. Самаму маленькаму чытачу 5 гадоў, а старэйшым пераваліла за 70.

 

Ларыса Эдуардаўна ўдзячна сваім чытачам за тое, што яны не даюць ёй на працы нудзіцца, у бібліятэцы амаль заўсёды ёсць наведвальнікі. Да іх паслуг больш 8000 экзэмпляраў кніг. Фонд штогод папаўняецца, более духоўнай літаратуры. Добрыя адносіны са школьнай бібліятэкай. Яе загадчыца Алена Паўлаўна Чэпікава працуе ў цесным кантакце з Ларысай Эдуардаўнай. А апошняя ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, дапамагае работнікам клубнай установы ў распрацоўцы сцэнарыяў розных мерапрыемстваў. Адным словам, супрацоўніцтва плённае, якое адгукаецца цёплымі падзячнымі словамі вяскоўцаў.

На здымку: загадчыца Язненскай сельскай бібліятэкі Л. Э. Карпава.

Л. КАСАТЫ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.