Начало учебного года в Миорской детской школе искусств началось с концерта
gazeta 11-09-2024, 12:55 731 Культура / Адукацыя і выхаванне
Начало учебного года в Миорской детской школе искусств наполнили яркие краски, красивые мелодии, слаженные движения и улыбки. Для первоклассников и их родителей устраивали концерт, чтобы показать, чему учат в творческой школе.
Пачатак навучальнага года ў Міёрскай дзіцячай школе мастацтваў напоўнілі яркія фарбы, прыгожыя мелодыі, зладжаныя рухі і ўсмешкі. Для першакласнікаў і іх бацькоў ладзілі канцэрт, каб паказаць, чаму вучаць у творчай школе.
Мастацтва адчыняе сэрцы…
Работы выхаванцаў выяўленчага аддзялення прадставілі на выставе. Юныя танцоры і музыканты паказалі свае ўменні на сцэне. Напрыклад, граў на цымбалах Раман Чарняўскі, спявалі пра дабро дзяўчаты з вакальнага ансамбля, вясёлым танцам парадаваў харэаграфічны калектыў. Падрыхтавалі музычныя нумары настаўнікі. Гралі джаз і народныя матывы, выступілі дуэтам маладыя педагогі ўстановы Анастасія Бадун і Ганна Пазняк.
Павіншаваць першакласнікаў і ўсіх вучняў, іх бацькоў, педагогаў з новым навучальным годам завітала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аксана Падзява. Нагадала дзецям, што вучыцца – гэта іх праца, а ў аснове поспеху – старанне.
Наперадзе ў вучняў і педагогаў яшчэ адна творчая старонка, якая будзе запаўняцца новым зместам. Прадоўжыцца шлях па дарозе мастацтва, якое, як было заўважана падчас мерапрыемства, адчыняе сэрца да прыгажосці і дабра.
…і дзверы ў прафесійны шлях
Першакласнікі толькі робяць першыя крокі на шляху да прыгожага, а некаторыя выпускнікі дзіцячай школы мастацтваў вырашылі звязаць з творчасцю сваю прафесію. Трое сталі студэнтамі Наваполацкага дзяржаўнага музычнага каледжа.
– Для нас гэта поспех, не кожны год такое бывае, – заўважае намеснік дырэктара дзіцячай школы мастацтваў Жанна Каськевіч. – Нам патрэбны добрыя кадры. А самыя лепшыя тыя, якіх мы самі выхоўваем. Кіруемся такім прынцыпам: абапірацца на вопыт і выхоўваць моладзь. Нам імпануюць іх запал і крэатыў. Паспяхова працуюць у школе нашы былыя вучаніцы і выпускніцы Наваполацкага каледжа Дар’я Каралькова, Анастасія Бадун, Ганна Пазняк. Спадзяёмся, вернуцца і цяперашнія першакурсніцы.
На спецыяльнасці «Акадэмічны хор» вучыцца Саманта Тусікава. Вучаніца Жанны Каськевіч займалася на фартэпіяна і спявала ў хоры ўстановы. Спецыяльнасць «Фартэпіяна» выбрала Сафія Блажэвіч. Сем гадоў займалася ў педагога Ірыны Болтач і яшчэ год дадаткова прыходзіла на заняткі, каб рыхтавацца да паступлення.
– Дзяўчына адораная, улюбёная ў музыку, – характарызуе вучаніцу Ірына Мікалаеўна. – За час вучобы Сафія не раз станавілася прызёрам конкурсаў. Напрыклад, двойчы займала другое месца на конкурсе «Натхненне», што праходзіць у Наваполацкім музычным каледжы, была першай на конкурсе «Музычныя ноткі» ў Паставах, таксама займала першыя месцы ў анлайн-конкурсе «Музычная Ліда». Задаволена яе поспехамі. У школу вернецца добры спецыяліст.
Адметны прыклад мэтанакіраванасці і стараннасці – Віялета Томка з Чапукоўскай СШ, у якой дзейнічае музычны клас. Дзяўчына займалася ў баяністкі Таццяны Званскай, пасля зацікавілася флейтай. У Міёрскай дзіцячай школе мастацтваў іграць на гэтым інструменце не вучаць. Для дзяўчыны знайшлі рэпетытара з наваполацкага каледжа. Цяпер Віялета студэнтка і працягвае асвойваць флейту на занятках.
Рады за сваіх выпускнікоў педагогі выяўленчага аддзялення. Карына Арсоба – першакурсніца БНТУ, вучыцца на спецыяльнасці «Прамысловы дызайн». На мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П. Машэрава паступілі Ксенія Даргель і Вікторыя Граковіч. У гімназіі-каледжы мастацтваў у Маладзечне працягвае вывучаць жывапіс Ксенія Зінькевіч.
Навучанне ў дзіцячай школе мастацтваў мае два тэрміны: пяць і сем гадоў. На сямігадовы тэрмін прымаюць дзяцей ад 6 да 9 гадоў, на пяцігадовы – ад 9 да 11.
Кацярына Рынкевіч.
Фотаматэрыял аўтара.