Епископ Игнатий совершил Литургию в Приходе храма Святой Живоначальной Троицы д. Леонполь Миорского благочиния

 Сёлета храму Святой Жываначальнай Тройцы ў Лявонпалі спаўняецца 250 гадоў. З гэтай нагоды ў мінулую суботу тут узначаліў Божую літургію епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій.

Ля варот царквы епіскапа Ігнація з хлебам-соллю і кветкамі сустракалі вернікі. Саслужылі яму ў тым ліку благачынны Міёрскай акругі протаіерэй Віктар Вабішчэвіч і настаяцель храма Уладзімір Стрэха.

 Малітву аб аднаўленні міру ўзнёс Уладыка. Два важныя саюзнікі ў гэтым – улада і царква. Ён падкрэсліў, што такіх добразычлівых кантактаў паміж імі, як сёння, яшчэ не было: улада не ўмешваецца ў справы царквы, а царква не ўмешваецца ў справы дзяржавы. Разам з тым адказаў на пытанне, у чым адрозненне паміж рэлігіяй і ідэалогіяй:

– У царквы ёсць бачны і нябачны бакі. Бачны – гэта нашы храмы, богаслужэнні, песнапенні, ўборы, іконы, свечкі, абрады. А нябачная – гэта тая божая ласка, якая падаецца па веры кожнага чалавека і дакранаецца да яго сэрца. Гэтага няма ў ідэалогіі. Але правільная ідэалогія, выбудаваная на любові да сваёй Айчыны, да сваіх продкаў, да сваіх традыцый, захавання сваёй ідэнтычнасці можа прывесці чалавека і да рэлігійнасці. Царква і сучасная ідэалогія нашай дзяржавы не ўступаюць у супярэчнасці, а дапаўняюць адна адну. Мы абагачаемся агульнымі стасункамі, узмацняемся і згуртоўваемся вакол нашай дзяржавы.

 Вяртаючыся да юбілею храма Святой Жываначальнай Тройцы, Уладыка заўважыў, што ён самы старажытны на Міёршчыне. Па яго словах, захоўваць такія помнікі архітэктуры і гісторыі вельмі важна, бо ў іншым выпадку мы падсякаем сабе карані, а любое дрэва, якое губляе карані, хутка засыхае.

– Трэба захоўваць гісторыю і  традыцыі, прыходзіць у храм, маліцца. І тады мы з вамі будзем сапраўды патрыётамі, бо гэтае слова паходзіць ад грэчаскага «патрас» – бацька. Вяртанне да веры бацькоў – вось сапраўдны патрыятызм.

Часцей збірацца ў такіх месцах, бо яны добра ўплываюць на душу, заклікаў вернікаў епіскап Ігнацій. Калі кожны з нас будзе захоўваць мір у сваёй душы, то мір наступіць і навокал.

Прывітальны адрас ад кіраўніцтва раёна зачытаў Уладыку і прыхаджанам старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Драба. Той у сваю чаргу ўручыў архіерэйскія граматы тым, хто моліцца і працуе ў гэтым храме: Уладзіміру і Веры Чысцюліным, Святлане Бакевіч, Святлане Рыжковай, Марыі Сушко, Леаніду Яроменка і Таццяне Вішнёвай. У падарунак прыпаднёс лампадкі, кноты і масла для іх. n

У ТЭМУ
 У свой 250-гадовы юбілей храм у Лявонпалі выглядае ўрачыста і прыгожа. Вялікі ўнёсак у гэтую справу зрабілі настаяцель Уладзімір Стрэха і прыхаджане. За дапамогу ўдзячныя Васілю Рачыцкаму, Яўгену Лявіцкаму, Івану Булгаку і Наталлі Шокель.

Алена Вароніна.
Фота аўтара і Казіміра Блажэвіча.

0 комментариев

Добавить комментарий