Сваіх сяброў і чытачоў бібліятэкары міёршчыны сустракалі радасна, гасцінна, крэатыўна

 Адразу дзве прыемныя нагоды сабралі ў мінулую пятніцу ў раённай бібліятэцы аматараў літаратуры. Па-першае, адзначалі Дзень бібліятэк. Па-другое, адбылася прэзентацыя зборніка паэзіі міярчанкі Святланы ЗАХАРЭВІЧ.

Сваіх сяброў і чытачоў бібліятэкары сустракалі радасна, гасцінна, крэатыўна. На гэты раз падрыхтавалі эстэтычную фотазону, літаратурную віктарыну, чаяпіцце з класікамі. Як заўважыла вядучая сустрэчы Вольга Федуковіч, мерапрыемства сабрала невыпадковых людзей. Напрыклад, у ліку ўдзельнікаў пастаянны чытач – настаўніца-філолаг на адпачынку Ларыса Будо. Заўважыла, што з задавальненнем ідзе ў бібліятэку, якая стала культурна-асветніцкім цэнтрам, дзе ладзяць сустрэчы з цікавымі асобамі, знаёмяць з кніжнымі навінкамі і творамі класікаў, арганізуюць разнастайныя выставы. Падкрэсліла працавітасць і крэатыўнасць супрацоўнікаў установы.

У бібліятэку на мерапрыемствы і за літаратурай прыходзіць Святлана Захарэвіч. На гэты раз прынесла ў падарунак свае кнігі. Пабачыў свет першы зборнік паэзіі «Жемчужины моей души».

– Гэта значымая падзея ў маім жыцці. Вельмі ўдзячна бібліятэкарам за магчымасць прэзентаваць кнігу, – адзначыла Святлана Аркадзеўна. – Вершы ў зборніку размешчаны без храналагічнага парадку, не размеркаваны тэматычна. І ў гэтым свая асаблівасць. Калі кожны наступны твор адрозніваецца ад папярэдняга і на яго трэба наноў настройвацца.

Вершы са зборніка паэт чытала на памяць. Каханне, любоў да роднага краю і замілаванне яго прыгажосцю, сэнс жыцця… Развагі на гэтыя і іншыя тэмы адлюстраваны ў радках, якія з асалодай слухала аўдыторыя.

 Падтрымаць аўтара прыехала сястра з Наваполацка з мужам, прыйшлі сяброўкі з аддзялення ТЦСАН, былыя калегі. Завітаў на прэзентацыю наш зямляк, член Саюза пісьменнікаў Славамір Даргель. Менавіта з яго дапамогай Святлана Захарэвіч ажыццявіла даўнюю мару.

– Прачытаў яе вершы і зразумеў, што кніга атрымаецца, – заўважыў Славамір Рыгоравіч. – Святлана Аркадзеўна піша пра тое, што блізка і зразумела кожнаму. Яе вершы знаходзяць водгук у душы.

Паэзіі на свяце гучала шмат. Самая юная ўдзельніца сустрэчы – дзевяцікласніца СШ № 2 імя М. Ізварына Аляксандра Глебка (на фота ўнізе). Вершы піша нядаўна. Прыйшла паслухаць творы спрактыкаваных аўтараў і падзяліцца сваімі спробамі пяра. Іх ацанілі дружнымі апладысментамі і цёплай падтрымкай.

Як падкрэсліў Славамір Даргель, на Міёршчыне шмат таленавітых людзей. Раней пісьменнік дапамог выдаць кнігі Вользе Пашкевіч, Сафіі Гуз, Івану Лісічонку. Іх зборнікі маюцца ў фондзе бібліятэкі. Папоўніла яго кніга Святланы Захарэвіч. Таксама аўтар падарыла адзін экземпляр рэдакцыі «Міёрскіх навін», за што ёй вялікая ўдзячнасць. Нашых чытачоў прадоўжым знаёміць з творчасцю паэта на літаратурнай старонцы «Ручаёк».

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял аўтара.

0 комментариев

Добавить комментарий