10 жніўня прайшоў дзень дзісненскай іконы Божай Маці «Адзігітрыя»

 Густую песню званоў змяняе лёгкая мелодыя ўдарнага інструмента. На дзясяткі метраў ад царкоўных варот расцягнулася людская чарга і застыла ў радасным чаканні. З храма выносяць святыню. Штогод дзень дзісненскай іконы Божай Маці «Адзігітрыя» аб’ядноўвае вернікаў зблізку і здалёк.

10 жніўня для Дзісны – дата ВАЖНАЯ. Калісьці яе называлі своеасаблівым днём горада. Цяпер на свята мястэчка збіраюцца ў канцы чэрвеня. Жнівеньская ўрачыстасць па-ранейшаму праходзіць маштабна.

Каля дзесяці раніцы на пляцоўцы ля царквы яшчэ нешматлюдна. Адны гараджане на Богаслужэнні ў храме, іншыя прагульваюцца непадалёк уздоўж гандлёвых радоў. Найбольш шырока тут прадстаўлены салодкія ласункі. Цукровыя «пеўнікі» і палачкі-стукалачкі, абгорнутыя каляровай гофрапаперай – абавязковы атрыбут падобных фэстаў.

 Бліжэй да адзінаццаці гараджане і госці збіраюцца ля царквы. Як заўважаюць дзісненцы, сёлета людзей на ўрачыстасці няшмат. Буднім днём не ва ўсіх ёсць магчымасць пабываць на свяце. Калі дзень адзігітрыеўскай іконы выпадае на выхадны, ля царквы і паблізу яблыку няма куды ўпасці. Між тым і на гэты раз налічвалася да тысячы чалавек.

У момант, калі ў дзвярах храма паказваецца велічны абраз Маці Божай, здаецца, на нейкае імгненне знікаюць рамкі часу і далёкае мінулае становіцца побач з цяперашнім. Уяўленне імкнецца адлюстраваць падзеі даўнасці ў сотні гадоў. Калі ў 16 стагоддзі дзісненцы ўпершыню абышлі горад з іконай, якая, як сведчыць паданне, прыплыла па рацэ. Пасля таго хрэснага ходу мястэчка больш не пакутавала ад пажараў. Сімвалічна, што ў наш час ікону Божай Маці «Адзігітрыя» нясуць па дзісненскіх вуліцах супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Святыня ратуе не толькі ад агню. Дапамагае справіцца з рознымі іншымі жыццёвымі складанасцямі. Вера ў яе святую абарону праходзіць праз стагоддзі. Сведчанне таму – доўгая чарга, што расцягнулася не на адну вуліцу. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.