Якія экпанаты прадстаўлены ў гістарычна-краязнаўчым музеі Дзісненскай СШ даведваліся нашы карэспандэнты
gazeta 24-05-2023, 08:49 145 Культура
Рэшткі глінянага посуду ІІІ тысячагоддзя да нашай эры, кніга «Сто дванаццаць абедаў» 1907 года, франтавыя пісьмы, тканыя посцілкі… Шмат цікавых экспанатаў убачаць наведвальнікі гісторыка-краязнаўчага музея Дзісненскай СШ імя М. Кузьміна. Гэта свайго роду партал, праз які трапляеш у розныя перыяды мінулага. Пасля рэстаўрацыі музей набыў новы свежы і ўтульны выгляд. Асобныя работы па афармленні яшчэ працягваюцца.
Баявая слава ў здымках, пісьмах, успамінах
Складаецца музей з трох раздзелаў. Кожны адкрывае сваю старонку з летапісу мінулага. Экспазіцыя «Гісторыя горада Дзісны і школы» яшчэ ў працэсе афармлення. У планах на лета цалкам прывесці яе ў парадак.
Дзве вялікія карціны аздабляюць экспазіцыю «Баявы шлях 159-й танкавай брыгады і Героя Савецкага Саюза Міхаіла Аляксандравіча Кузьміна». На адной – партрэт Міхаіла Кузьміна. Другая – «Бой за Дзісну». Работы мясцовага мастака напісаны спецыяльна для школьнага музея.
– Адчынены музей у другой палове 80-х гадоў. На той час займалася музейнымі клопатамі настаўніца замежнай мовы Вера Сергіенка. Трымала сувязь з роднымі Міхаіла Кузьміна, ветэранамі 159-й танкавай брыгады. Ужо тады яны прапаноўвалі прысвоіць школе імя танкіста-героя, – расказвае цяперашні гаспадар музея Мікалай Пацеенак. – Рэканструкцыю праводзілі ў гэтым навучальным годзе. Пакой баявой славы яшчэ дапоўнім новымі стэндамі. Тут змяшчаюцца не толькі экспанаты, звязаныя з подзвігамі Міхаіла Кузьміна і франтавымі дарогамі 159-й танкавай брыгады. Сабрана інфармацыя пра франтавікоў, партызан з Дзісны, іх фотаздымкі, успаміны, запісаныя вучнямі школы.
Новымі экспанатамі папоўнілася экспазіцыя ў снежні мінулага года. З малой радзімы Міхаіла Кузьміна – Аленінскага раёна Цвярской вобласці – іх прывезлі ўдзельнікі ўрачыстасці па прысваенні школе імя героя. Сярод падарункаў – капсула ў выглядзе гільзы з зямлёй з тых мясцін, дзе нарадзіўся воін-танкіст.
Цытаты з франтавых пісем, вытрымкі з узнагародных лістоў, успаміны родных і баявых таварышаў героя прачытае наведвальнік музея на стэндах, пабачыць здымкі байцоў 159-й танкавай брыгады і прасочыць яе баявы шлях.
Падчас снежаньскай урачыстасці пабываў у школьным музеі пляменнік Міхаіла Кузьміна Андрэй Львоў са сваёй дачкой Ганнай Бутман. Застаюцца на сувязі са школай і плануюць летам зноў пабываць у горадзе, дзе стаў героем іх сваяк. Сярод вучняў школы не засталося тых, хто не быў на экскурсіях у пакоі баявой славы. Як заўважае Мікалай Пацеенак, тэма Вялікай Айчыннай вайны цікавая для маладога пакалення. Асабліва падзеі, што адбываліся ў родных мясцінах.
Самабытная «Беларуская хатка»
Утульна і цікава ў «Беларускай хатцы». Стварала экспазіцыю настаўніца-філолаг Ірына Трафімава. Своеасаблівы каларыт надаюць пакою стылізаваныя бярвеністыя сцены. На іх размешчана частка экспанатаў. Гаспадарчыя прылады, дэталі кроснаў, вышытыя ручнікі.
– Сабраны рэчы ад даўніны да канца 20 стагоддзя. Прасы на вугалях і гліняныя збаны, лазовая дзіцячая калыска і драўляны ложак, засцелены тканай рознакаляровай радзюшкай (рус. покрывало), над якой гаспадыня працавала каля паўгода і за якую ў свой час можна было купіць веласіпед; фарфоравыя статуэткі і электрычны самавар. Адзін з найбольш старажытных экспанатаў – гуслі, знойдзеныя ў дзісненскіх ваколіцах, – расказвае гаспадыня пакоя. – Стылізаваная печ з развешанымі на ёй травамі, як было заведзена ў нашых продкаў, размешчана насупраць абразоў. Калі ў хату прыходзіў госць, перш-наперш павінен быў звярнуць увагу на абразы і перахрысціцца або пакланіцца, толькі пасля гэтага вітаўся з гаспадарамі. Тыя запрашалі прысесці за стол. Калі такой прапановы не было, гэта азначала, што доўга бачыць у сябе госця гаспадары не жадаюць.
Новымі экспанатамі папаўняюць экспазіцыю вучні школы, настаўнікі, жыхары горада. Так, педагог Алена Балаш падарыла драўляны чамадан, з якім яе дзядуля прайшоў усю вайну. Ёсць у «Беларускай хатцы» франтавы гармонік, калаўроты, адзін з якіх у рабочым стане, жом (рус. промокашка) на драўлянай ручцы.
У музейным пакоі часам праходзяць урокі. Са слоў Ірыны Трафімавай, дзецям цікава знаёміцца з рэчамі даўніны. Многім падаюцца дзіўнымі назвы «рэзгіны», «гарлач», «гладыш». Некаторыя пытаюцца: «А ў начоўках начуюць?»
Дзевяцікласнікам Ульяне Малюк, Анастасіі Ганебнай, Уладзіславу Турксу і васьмікласніцы Марыі Трафімавай экспанаты «Беларускай хаткі» і традыцыі нашых продкаў добра знаёмы. Праводзяць тут экскурсіі для гасцей у вобразах Гаспадара, Гаспадыні, Дачкі і Дамавога. Сёлета атрымалі дыплом другой ступені ў абласным конкурсе юных экскурсаводаў, прыемным бонусам стала запрашэнне на раённае свята «Зорны россып». Самы маленькі экскурсавод школьнага музея – другакласнік Дзмітрый Яленскі.
У адрозненне ад урокаў у класе на заняткі ў музей прыходзяць з мабільнымі тэлефонамі. Без іх не атрымаецца счытаць QR-код, размешчаны на многіх экспанатах, і больш даведацца пра тую ці іншую рэч. Умелае сумяшчэнне мінулага з сучаснымі тэхналогіямі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.