На конкурсы – з хваляваннем, да даому – з дыпломамі
gazeta 22-05-2023, 16:23 139 Культура
Для дзіцячай школы мастацтваў гэты навучальны год аказаўся шчодрым на перамогі ў творчых конкурсах. Разам з дыпломамі юныя творцы атрымалі каштоўны вопыт. Рады іх поспехам педагогі.
Сяброўкі-аднакласніцы Варвара Мацур і Варвара Чарняўская пасля ўрокаў спяшаюцца ў школу мастацтваў. Займаюцца на розных аддзяленнях. Адна грае на скрыпцы, другая – на фартэпіяна. У І абласным конкурсе юных канцэртмайстраў удзе- льнічалі разам і атрымалі дыплом І ступені. Чакаў поспех на І міжнародным конкурсе ансамблевай музыкі «Вясенняя фантазія». У ім прынялі ўдзел 245 юных музыкантаў з Беларусі і Расіі. І зноў у абедзвюх дыплом І ступені. Варвара Мацур займаецца ў педагога Ірыны Кісляк. Варвара Чарняўская – вучаніца педагога Жанны Каськевіч.
– Старанная і адказная, – характарызуе дзяўчынку Жанна Валер’еўна. – Рыхтуючыся да конкурсаў, шмат зай- маліся. Рэпеціравалі пасля заняткаў, па выхадных. Поспех патрабуе працы.
Ёсць нагода парадавацца ў педагога Ірыны Болтач. Яе выхаванцы паспяхова выступілі на рэгіянальным конкурсе юных піяністаў «Вясеннія ноткі» ў Паставах. Першая месца заняла Сафія Блажэвіч. Сёлета заканчвае школу мастацтваў, плануе займацца музыкай прафесійна. З музычнай творчасцю думае звязаць прафесію Паліна Суботка, з конкурсу вярнулася з трэцім месцам. Такі ж вынік у Яны Хамянок, для якой творчае спаборніцтва стала дэбютам. У Анастасіі Кунцэвіч другое месца.
– Усе дзяўчаткі – малайцы. На конкурс едуць самыя лепшыя. Рыхтаваліся з пачатку навучальнага года. Аднак як ні рэпеціруй, без хваляванняў не абыходзіцца, – заўважае педагог.
Вярнуліся з перамогамі ўдзельнікі І абласнога конкурсу выканаўцаў на струнных інструментах. Гітарысты Анастасія Гелеш і Аляксандр Даронда прывезлі дыпломы ІІІ ступені.
– Насця займаецца другі год, Саша – трэці. Для абодвух удзел у конкрусе – дэбют, – заўважае педагог Таццяна Бялевіч.
Вучні Лідзіі Алеська – Ілья Зуеў і Мікіта Тарноўскі – ужо лідзіравалі ў конкурсах. Чарговым дасягненнем для Ільі стаў дыплом ІІ ступені, у Мікіты – дыплом ІІІ ступені.
Абласны конкурс дзіцячых аркестровых калектываў «Звучащая партитура» сабраў 31 калектыў. У тым ліку дзесяць баянных узорных аркестраў. Першае месца журы прысудзіла ўзорнаму аркестру баянаў Міёрскай ДШМ.
– Удзел у конкурсе для дзяцей – магчымасць паказаць сябе, павучыцца ў іншых, – адзначае кіраўнік калектыву Ігар Лавец. – Таксама ўдзельнічалі ў абласным відэаконкурсе «Гучаць аркестры над Дзвіною і Дняпром». Вынік – дыплом І ступені ў намінацыі «Лепшы дзіцячы аркестр баянаў і акардэонаў». Дыплом ІІІ ступені атрымаў у гэтым конкурсе ансамбль нашых педагогаў «In sound» у намінацыі «Лепшы інструментальны ансамбль».
Сваё партфоліа поспехаў у выхаванцаў мастацкага аддзялення. Станіслаў Гернат у ліку пераможцаў абласной выставы-конкурсу «Мой Віцебскі край». Дыпломам ІІІ ступені адзначылі работу Арыны Гярбко на выставе-конкурсе «Калядныя матывы». Абодва – вучні Вольгі Чарняўскай. На абласным мастацкім конкурсе «АссоРТи» ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» дыплом ІІ ступені атрымала Валерыя Бабінская (педагог – Баляслаў Чарняўскі), дыплом ІІІ ступені ў Аксаны Тарапіной (педагог – Наталля Даргель).
Днямі прыляцела яшчэ адна прыемная навіна – харэаграфічны калектыў «Задорынкі» (мастацкі кіраўнік – Аляксандра Катышава) заняў другое месца ў ІХ міжнародным конкурсе харэаграфічнага мастацтва «Сузор’е Тэрпсіхоры – 2023».
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.