Граць на музычных інструментах, спяваць, танцаваць, маляваць, плесці з саломкі, ляпіць з гліны, выразаць з дрэва… Шмат чаму можна навучыцца ў Міёрскай дзіцячай школе мастацтваў. Педагогі і выхаванцы ўстановы паказалі гэта на прыкладах.
Вернісаж юных талентаў разгарнуўся ў цэнтры культуры і народнай творчасці. У фае па перыметры ішоў разнастайны творчы працэс. Малявалі нацюрморты дзяўчаты ў саломенных капялюшыках, праводзіў майстар-клас па пляценні з саломкі педагог Баляслаў Чарняўскі, прадставіла керамічныя вырабы сваіх вучняў Алена Батарчук, займаліся габеленам выхаванцы Вольгі Чарняўскай. За ўсім гэтым назіралі вучні-пачаткоўцы школ райцэнтра, якіх запрасілі на рандэву са шматгранным і невычэрпным светам мастацтва.
На сцэне чакаў маленькіх слухачоў узорны аркестр баянаў і акардэонаў пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы Ігара Лаўца. І вось прыемны гул дзіцячых галасоў накрыла нябачная хваля жывой музыкі і запоўніла сабой усю глядзельную залу без ніводнага вольнага месца. Юным гасцям таксама далі магчымасць выйсці на сцэну і сыграць на простых інструментах разам з аркестрам. Выступалі з музычнымі, песеннымі і танцавальнымі нумарамі выхаванцы школы мастацтваў, іх падтрымлівалі педагогі. Гучалі мелодыі фартэпіяна, скрыпкі, цымбал, гітары, і кожную завяршалі гучныя апладысменты шчодрай на эмоцыі аўдыторыі.