Прывабнымі аб’ектамі духоўнага турызму сталі праваслаўныя і каталіцкія храмы Міёршчыны
gazeta 14-04-2023, 17:01 540 Культура
На старонках раённай газеты і ў інтэрнэт-прасторы займаюць сваё месца публікацыі аб падзеях у рэлігійным жыцці раёна. Прывабнымі аб’ектамі духоўнага турызму сталі праваслаўныя і каталіцкія храмы Міёршчыны. Пра гэта ішла размова ў райвыканкаме на пасяджэнні камісіі па садзейнічанні і кантролі за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях.
У святле веры
За мінулы год у раённай газеце размешчана 30 публікацый рэлігійнай тэматыкі. Матэрыялы на тэматычнай старонцы «Святло веры» распавядаюць пра значныя падзеі ў рэлігійным жыцці раёна, пра мерапрыемствы з удзелам святароў. Стала добрай традыцыяй з газетных старонак віншаваць хрысціян са святамі Божага Нараджэння, Вялікадня, у пачатку года друкаваць канфесіянальны каляндар. На сайце райвыканкама інфармацыя аб этнаканфесіянальнай сферы раёна размяшчаецца ў раз- дзеле «Рэлігія». Пра гісторыю праваслаўных храмаў Міёршчыны і адметныя падзеі ў міёрскім благачынні распавядае сайт храма Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ва Улахерне. Праваслаўны маладзёжны рух «Ладанка» дзеліцца навінамі ў аднайменнай суполцы «УКантакце». У гэтай жа сацсетцы і на сваім сайце адлюстроўвае дзейнасць міёрская парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Такую інфармацыю прывяла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксана Ашурка. Прапанова для далейшай дзейнасці ў гэтым накірунку – расказваць пра сем’і, у якіх пражываюць прадстаўнікі розных веравызнанняў, тым самым падкрэсліваючы канфесіянальны мір на міёрскай зямлі.
Наша духоўная спадчына
«Па старых вуліцах горада» і «Зачараванне Міёрскага краю» – турыстычныя маршруты выхаднога дня, што вядуць да духоўнай спадчыны Міёршчыны. Распрацавалі іх супрацоўнікі раённага гісторыка-этнаграфічнага музея. Дырэктар установы Аксана Лагунёнак патлумачыла, што першы маршрут – аглядавая экскурсія па райцэнтры з наведваннем царквы і касцёла, што з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Другі з Міёр вядзе ў Мілашова да касцёла Божай Маці Шкаплернай, што таксама ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей дзяржавы. Абодва маршруты папулярныя як у мясцовых жыхароў, так і ў турыстаў з Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля і іншых гарадоў і месцейкаў краіны. У 2022 годзе музейныя работнікі распрацавалі маршрут «Скарбы Дзісненшчыны». Вялікае свята маленькага гарадка – Адзігітрыя, куды 10 жніўня збіраюцца вернікі з розных куточкаў раёна і не толькі. Сёлета спаўняецца 430 гадоў касцёлу Святой Троіцы і 250 гадоў царкве Свяціцеля Мікалая ў Новым Пагосце. Значныя круглыя даты для супрацоўнікаў музея паслужылі нагодай распрацаваць маршрут «Храмы Новапагосцкага краю».
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.





