Дзень праваслаўнай кнігі прайшоў у Міёрах

 Хто такі чалавек, у чым сэнс яго жыцця, дзе шукаць адказы на вечныя пытанні пра дабро і зло, праўду і фальш. Глыбокую тэму простымі словамі тлумачылі на сустрэчы ў Міёрскай цэнтральнай бібліятэцы ў Дзень праваслаўнай кнігі 14 сакавіка. Удзельнікамі мерапрыемства духоўнай скіраванасці сталі дзевяцікласнікі з СШ № 2.

У шахматах кароль – самая слабая фігура, а мат яму азначае завяршэнне партыі. Чалавек – кароль у гэтым свеце. Створаны Богам па яго вобразе і падабенстве, ён надзелены здольнасцю, якой адрозніваецца ад іншых жывых істот. Чалавеку ўласціва творчасць. Ён слабы кароль, калі разлічвае толькі на свае сілы, і моцны, калі разам з тым спадзяецца на Бога. Усявышні любіць чалавека як сваё стварэнне і адлюстраванне сябе ў ім.

Наша высокая задача – апраўдаць імя Бога перад Сусветам. Нарадзіцца чалавекам яшчэ не значыць ім стаць. Галоўную ролю ў гэтым адыгрывае выхаванне. Праз відэаролік з такімі развагамі протаіерэя Андрэя Ткачова азнаёміліся ўдзельнікі сустрэчы. У выступленні святар Рускай праваслаўнай царквы аналізаваў оду «Бог» рускага паэта 18 стагоддзя Гаўрыіла Дзяржавіна. Аўтар твора паэтычна імкнуўся выказаць сваё разуменне, хто мы такія і для чаго жывём на зямлі.

– Кожнаму з нас Гаcподзь падарыў свабоду. У гэтай свабодзе мы павінны развіваць і праяўляць свае найлепшыя дабрадзейнасці і менш гра-  шыць, – заўважыў аўдыторыі дабрачынны Міёрскай акругі Віктар Вабішчэвіч. – Жыццё – дар Божы, і пражыць яго трэба годна. Разам з тым гэта іспыт у падрыхтоўцы да жыцця вечнага. Калі ў душы і ў сэрцы чалавека ёсць Бог, лягчэй спраўляцца са складанасцямі.

Святар нагадаў з дабрынёй ставіцца адзін да аднаго, падтрымліваць і дапамагаць. Як у дні Вялікага паста, так і ў любы іншы час.

Падрабязней у заўтрашнім выпуску раённай газеты.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий