Чым славіца «Язынка» даведваліся міёрскія карэспандэнты

 Сельскі Дом культуры ў Язне – найлепшая з такіх устаноў у вобласці. Так лічаць ва ўпраўленні культуры аблвыканкама. І гэта пацвярджае адпаведная ўзнагарода, з якой язненскія культработнікі вярнуліся з выязной калегіі, што нядаўна прайшла ў Глыбокім. У чым сакрэт поспеху?

Загадчык установы Ларыса Бервячонак заўважае, што ніколі не задумвалася, у якой яшчэ прафесіі змагла б сябе рэалізаваць. Сцэна і культурна-масавая дзейнасць вабілі са школы, асабліва падабалася спяваць патрыятычныя песні.

Быў жнівень 1986 года, калі выпускніца сталічнага інстытута культуры вярнулася ў роднае Язна і стала загадчыкам мясцовага СДК.

У тым жа 1986-м прыйшла ў Язненскі СДК аднакласніца Ларысы Генадзьеўны Вольга Александроўская.

Сваім пазаштатным супрацоўнікам называюць бібліятэкара Ларысу Карпаву, якая і на сцэне спявае, і ў іншых мерапрыемствах удзельнічае. Яе сын Міхаіл заняткі з дзецьмі ў філіяле школы мастацтваў сумяшчае з работай акампаніятара ў СДК. На гэтыя два творчыя фронты занята і дачка Вольгі Александроўскай Анастасія Бурштэйн – педагог і культарганізатар. Малюнкі яе юных мастакоў упрыгожваюць святочныя падзеі.

У раёне і за яго межамі Язненскі СДК вядомы народным фальклорным гуртом «Язынка». Звонкія галасы вясковых артыстаў  штогод гучаць на фестывалі «Славянскі базар у Віцебску». Без іх немагчыма ўявіць язненскі падворак на экасвяце «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю».

Двойчы захавальнікі народных песень і абрадаў прымалі ў сябе тэлеперадачу «Наперад у мінулае». Паказвалі «Хрэсьбіны». Мінулым летам – вясельную рагатку.

Гісторыя «Язынкі» пачалася ў 1987-м. Спачатку гэта быў проста фальклорны гурт. Сталыя жанчыны збіраліся ў Доме культуры і спявалі аўтэнтычныя песні. Назву аб’яднання падказала тагачасны акампаніятар Ірына Любчык. З часам «Язынка» стала адным з культурных брэндаў Міёршчыны.

Больш за 20 гадоў у кагорце артыстаў загадчык мясцовай бальніцы Уладзімір Пашковіч, чыя творчая кар’ера пачыналася з ролі Дзеда Мароза. Свабодна адчуваюць сябе на сцэне загадчыца дзіцячага сада Ірына Балай і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Язненскай школы Ірына Кухцінская. Кіраўнік спраў сельвыканкама Марына Казлоўская часта выступае вядучай, а яе вершаваныя радкі гарманічна ўплятаюцца ў любы сцэнарый. Любяць гледачы саліста Анатоля Дубоўскага, што працуе ў мясцовай гаспадарцы. Стаў тут сваім Уладзімір Каханчык, які яшчэ хлапчуком прыязджаў да бабулі на канікулы з Наваполацка і ўдзельнічаў у канцэртах. Супрацоўніца ўчастковай бальніцы Алена Банах пераехала з Оршы, і ў Язне раскрыліся яе вакальныя здольнасці.

Шмат гадоў ва ўстанове дзейнічае аматарскае аб’яднанне «Вера. Надзея. Любоў». Пад кіраўніцтвам Саламеі Сіняўскай ладзяць цікавыя сустрэчы, удзельнічаюць у разнастайных акцыях.

Рыхтуючы чарговае свята, артысты кіруюцца адным матывам – каб гледачу спадабалася. Вывучылі густы сваёй публікі і штораз задавальняюць яе новымі сюжэтамі, жартоўнымі сцэнкамі, народнымі і эстраднымі песнямі, майстэрствам выканання.

 

Падрабязней у выпуску раённай газеты.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

0 комментариев

Добавить комментарий