Ёсць падзеі, якія хочацца паўтарыць, пражыць наноў з усёй яркасцю адчуванняў і эмоцый. Напэўна, гледачы канцэрта «Новы год для сваіх», што адбыўся 25 снежня ў Міёрскім ЦКіНТ, зноў вярнуліся б у залу і з асалодай акунуліся ў атмасферу цёплай сустрэчы, добрай музыкі, дасціпнага гумару.
Адлічвае свае апошнія дні 2022 год. Для Міёрскага цэнтра культуры і народнай творчасці ён адметны двума значнымі датамі. Установе культуры споўнілася 60 гадоў, тэатру мініяцюр «Свае хлопцы» – 30. Круглую лічбу адзначылі на сцэне цёплымі ўспамінамі і жартоўнымі мініяцюрамі.
Пра ўчарашняе і сённяшняе «Сваіх хлопцаў» распавядаў вядучы святочнай праграмы і цяперашні кіраўнік калектыву Аляксей Рачыцкі. Гутарка з залай несла пасыл дабрыні і жыццярадаснасці, веры ў сваю мару. А яна здзяйсняецца, калі не пераставаць за ёй крочыць.
Юных цыркачоў з суседняга райцэнтра міёрская публіка прыняла цёпла і гасцінна. Як і дзіцячы калектыў лыжкароў «Ладушкі» з Павяцкага СДК.
Атмасфера зімовай казкі і пазітыўнага настрою, чакання цуду і светлага кахання прасяквала музычныя нумары салістаў Ганны Мацуковай, Ігара Мятлы, Дар’і Каральковай, Ягора Абалевіча, Дар’і Мілашэвіч, Мікіты Дабравольскага, Святланы Ішчук, калектыву «Мёрыца». Кожнае выступленне знаходзіла цёплы, гучны, доўгі водгук у апладысментах залы.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Поўную версію чытайце ў раённай газеце.