Упрыгожылі елку ў цэнтральнай раённай бальніцы зайчыкі, шарыкі, сняжынкі, ліхтарыкі і іншыя цацкі. Гэта конкурсныя работы медыкаў, сярод якіх не знойдзеш дзвюх аднолькавых. Па-за конкурсам у аддзяленнях аформлены навагоднія фотазоны.
– Творчыя навагоднія конкурсы – наша традыцыя. Сёлетні назвалі «Упрыгожым елку самі». Усе падраздзяленні прынялі ўдзел і падрыхтавалі арыгінальныя работы, – расказвае старшыня прафсаюзнай пярвічкі Святлана Карпеза. – Вынікі падвядзём бліжэй да Новага года, а пакуль любуемся і здзіўляемся прыгажосці, створанай сваімі рукамі.
Здзівіцца ёсць чаму. Супрацоўнікі рэнтгенкабінета змайстравалі шар з адпрацаванай рэнтгенплёнкі. Урач-інфекцыяніст Таццяна Масла з дапамогай фарбы і пэндзліка ператварыла лямпачку ў сімпатычнага зайчыка. У дзісненскіх медыкаў елка з ваты аздоблена каляровымі крышачкамі з-пад флаконаў ад антыбіётыкаў. У загадчыка Даўгінаўскай амбулаторыі Ганны Блажэвіч прыгожыя шышкі з духмяным водарам. Пасля конкурсу імі пачастуюцца з чаем.
Супрацоўніца клініка-дыягнастычнай лабараторыі Надзея Атопкіна змайстравала зайчыка-смяшарыка Кроша, якому знайшлося месца пад елкай. У лабараторыі аформіла казачную фотазону з камінам, елкай, аленямі і снегавіком. У цэнтры – сімвал года Зайчык, асновай для якога стаў паветраны шар.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.