Авторизация
 

«Iмкнемся жыць актыуна i з карысцю»

«Iмкнемся жыць актыуна i з карысцю»

 Вячэрнія часы жыцця могуць быць нават самымі цудоўнымі, падобна да таго як найпрыгажэйшыя пялёсткі кветак распускаюцца апошнімі. Так паэтычна сказаў пра сталы ўзрост шатландскі пісьменнік Сэмюэл Смайлс. Відавочна, з ім пагодзяцца ўдзельнікі раённай ветэранскай арганізацыі, чые свабодныя ад працоўных клопатаў дні займаюць розныя грамадскія справы. Пра дзейнасць аб’яднання гутарым з кіраўніком Чаславам КАШКУРАМ.

 

У нашым раёне пражывае 5 497 чалавек пажылога ўзросту, з іх 4 381 – ветэраны працы. Міёрская раённая арганізацыя Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў налічвае ў сваіх радах 41 пярвічку, дзе на ўліку 2 750 пенсіянераў. У іх ліку восем непаўналетніх вязняў фашызму і адна сям’я загінулага. На жаль, у снежні мінулага года развіталіся з апошнім у раёне ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Іаанам Ігнатавічам Лушчонкам, які жыў у Наўгародах, – распавядае Часлаў Станіслававіч.

 

Раскажыце, якім чынам ажыццяўляецца кіраўніцтва арганізацыяй і на чым грунтуецца яе дзейнасць?

 

– Кіраўніцтва ажыццяўляе савет. Яго перавыбралі на сёмай справаздачна-выбарчай раённай канферэнцыі ў сакавіку мінулага года. Рабочы орган – прэзідыум, у складзе якога сем чалавек, і рэвізійная камісія, куды ўваходзяць тры чалавекі. Удзячны сваім памочнікам за сумесную працу і ўзаемападтрымку. Работа раённай ветэранскай арганізацыі і пярвічак вядзецца, згодна са Статутам Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і гадавымі планамі.

 

Дзень пажылых людзей – святочная дата для ўдзельнікаў вашай арганізацыі. І яшчэ нагода падвесці вынікі работы.

 

– Калі браць часавы адрэзак з мінулагодняга 1 кастрычніка да сёлетняга, год атрымаўся насычаным і плённым. Правялі пяць пленумаў і 15 пасяджэнняў прэзідыума. Прынялі ўдзел у арганізацыйным пасяджэнні раённага савета пажылых людзей. Створаны савет узначаліў Пётр Васільевіч Пятроў – старшыня пярвічкі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні. Нашы актывісты ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па прыняцці новай рэдакцыі Канстытуцыі. 16 ветэранаў працы выбралі ва ўчастковыя камісіі, 19 былі назіральнікамі. Сёлета ў студзені адзначылі 35-годдзе арганізацыі.

 

Дата значная і значымая. За гэты час у гісторыю арганізацыі ўпісана мноства падзей і імёнаў. Як шануеце памяць пра сваіх папярэднікаў?

 

– Першым старшынёй Міёрскай раённай ветэранскай арганізацыі быў Міхаіл Іосіфавіч Латышаў. Сёлета споўнілася сто гадоў з дня яго нараджэння. З гэтай нагоды ладзілі ўрачыстасць з удзелам прадстаўнікоў БРСМ, раённай прафсаюзнай арганізацыі.

Час ідзе і забірае з сабой годных людзей. У лютым развіталіся з былым старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімірам Сяргеевічам Бяспальчанкам. Ён таксама назаўсёды ў нашых сэрцах.

 

У Год гістарычнай памяці шмат гаворым і робім для ўшанавання подзвігу беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Ад старэйшага пакалення ў многім залежыць патрыятычнае выхаванне нашай моладзі. Ветэраны працы з’яўляюцца прыкладам сумленнага стаўлення да сваёй справы і пашаны да гісторыі роднага краю.

 

– Нашых ветэранаў заўсёды заўважыце на раённых урачыстасцях, звязаных з датамі ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета таксама разам з землякамі святкавалі Дзень Перамогі і 78-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прымалі ўдзел у траурных мітынгах з нагоды Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, 80-й гадавіны ахвяр яўрэйскага гета ў Міёрах і Дзісне. Пабывалі на ўрачыстым адкрыцці абноўленага помніка воінам-вызваліцелям Міёр. Падчас экскурсіі на Ушаччыну наведалі музей народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Лабанка і мемарыяльны комплекс «Прарыў». Кожны год напярэдадні Дня Перамогі наведваем малалетніх вязняў фашызму, прывозім сувеніры і падарункі. У пачатку года правялі конкурс дзіцячых малюнкаў «Нам мір завяшчана зберагчы», прысвечаны 77-й гадавіне Вялікай Перамогі. Дыпломы і сувеніры ўручылі 14 пераможцам.

 

Жыццё – гэта рух. Крылаты выраз актуальны для любога ўзросту. У якіх яшчэ мерапрыемствах актыўнічаюць ветэраны працы?

 

– Мы адкрытыя для любых прапаноў. Вясной садзілі дрэвы ў родным горадзе. Летам удзельнічалі ў турыстычным злёце для пажылых людзей, што праходзіў у Паставах. У верасні ладзілі спаборніцтвы па шахматах і шашках, прымеркаваныя да Дня народнага адзінства. Імкнёмся жыць ярка, актыўна, цікава і з карысцю.

 

Сёння пажылыя людзі – наш залаты фонд мудрасці, мужнасці і сумленнасці – прымаюць віншаванні са святам. Што ім пажадаеце?

 

– Ад імя раённага савета ветэранаў дзякую ўсім арганізацыям і іх кіраўнікам, якія працуюць з пажылымі людзьмі, дапамагаюць ім у вырашэнні розных пытанняў. Самім жа ветэранам працы шчыра зычу добрага здароўя, доўгіх і шчаслівых гадоў, мірнага і спакойнага жыцця.


Падрыхтавала

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фото Казимир БЛАЖЕВИЧ

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 9 декабря 2022
Василий, Георгий, Даниил, Иван, Илья, Иннокентий, Михаил, Назар, Николай, Петр, Тихон, Юлиан, Афанасий, Яков

Именины 8 декабря 2022
Александр, Андрей, Василий, Виктор, Григорий, Иван, Иларион, Климент, Кузьма, Николай, Павел, Петр, Ярослав, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта