Россып журавiн i уражанняў

 Пахмурна, бязветрана, ні цёпла і ні халодна. Надвор’е ў аўторак, 20 верасня, цалкам спрыяла конкурсу «Смак журавін». Традыцыйнае ў праграме свята «Жураўлі і журавіны Міёрскага краю» спаборніцтва па зборы карысных ягад сёлета сабрала дзесяць каманд. Конкурсная пляцоўка – маляўнічая Ельня ў ваколіцах вёскі Сухавержжа.

 

Ягады сабраць і не заблукаць

 

Дзесяцілітровае вядро ўзяла з сабой толькі таму, што меншага дома не знайшлося. «Хоць бы напалову запоўніць, – падумала, збіраючыся на конкурс. – Кажуць, ягад сёлета мала».

Вось і дырэктар заказніка «Ельня» Іван Барок заўважае канкурсантам, што, па словах заўзятых збіральнікаў і знаўцаў ягадных месцаў, журавін на балоце няшмат. Між тым настрой ва ўсіх бадзёры і аптымістычны. Да таго ж інспектар РАНС Дзмітрый Плотнікаў запэўніў, што заблукаць у гэтым месцы складана. Бярвеністы насціл, што вядзе да возера Курганістага, – добры арыенцір. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аксана Падзява нагадвае ўмовы конкурсу: збіраць ягады толькі рукамі і да 13.30 паспець вярнуцца. Спачатку два кіламетры дарогі праз лес, затым – бяскрайні яльнянскі прастор. Для тых, хто ўдзельнічаў у конкурсе ў мінулым годзе, маршрут  знаёмы. Хтосьці тут упершыню.

 

 Балота лечыць,

 вабіць, здзіўляе…

 

Шлях да балота займае хвілін дваццаць. І вось лясны водар з тонкімі ноткамі апалай лістоты і прыемнай сырасці змяняе гаючае балотнае паветра. Хочацца ўдыхаць яго на поўныя грудзі.

– Як тут прыгожа! – усклікае адна з удзельніц. – Дарэмна тэлефон не ўзяла, цудоўныя здымкі атрымаліся б.

Перапыняць збор ягад на фотаздымку – значыць, змяншаць свае шанцы на перамогу. Аднак мы з калегай Аленай Варонінай у лідары не імкнёмся. Ехалі за ўражаннямі, журавінамі, цудоўным днём па-за сценамі рэдакцыйных кабінетаў. Час ад часу ўключаю камеру на тэлефоне. Ну як не сфатаграфаваць расшыты буйным журавінавым бісерам мох, махнатага карычнева-чорнага вусеня, пяшчотна-ружовыя кветачкі яшчэ не вядомай мне балотнай расліны. Мікрасвет Ельні такі ж прывабны і чароўны, як і яе неабсяжныя маляўнічыя пейзажы.

– Дакладна не прыгадаю, калі апошні раз на балоце была. Гадоў 15 таму, – заўважае Алена. – Як тут хораша! Вось толькі б яшчэ больш не захварэць.

– Балота лечыць, – упэўніваю калегу, якую ўжо некалькі дзён даймала лёгкая прастуда з насмаркам (назаўтра ад яе амаль следу не засталося).

Спачатку збіраем журавіны недалёка ад бярвеністага насцілу. Здаецца, іх тут дастаткова. Між тым астатнія канкурсанты адразу скіраваліся ўглыб. Пакрысе і нас пачынаюць вабіць далей яльнянскія прасторы. Усё часцей сустракаюцца купінкі з журавінамі. Месцамі ягады нібы рассыпаны па мяккай мохавай коўдры. Цікавей збіраць, калі журавін не вельмі шмат, але памерам яны ледзь не з вішню.

Сочым за часам. 10.30, 11.00, 11.30… Кожныя паўгадзіны пралятаюць незаўважна. Таксама нібы неўпрыкмет напаўняюцца ягадамі вёдры. Тры літры, пяць, сем… І, нарэшце, дзесяць. Дзесяць!!! Для спрактыкаваных зборшчыкаў сабраць за чатыры гадзіны дзесяць літраў журавін – лічы, дарэмна на балота схадзіць. Для тых жа, хто вялікага вопыту ў гэтай справе не мае, гэта дасягненне.

 

 

 … і крыху экстрыму дабаўляе

 

– Малайцы, сёлета больш сабралі, чым у мінулым годзе. А журавіны якія буйныя! – заўважае нам супрацоўніца сектара спорту і турызму Марына Канапелька на выхадзе з балота.

Яе звонкі вокліч: «Рэдакцыя! Ау! Вы дзе?» чулі некалькі разоў, пакуль выходзілі з балота. Адгукаліся, але, відаць, не так гучна.

– Мне інспектар РАНС даручыў прасачыць, каб ніхто на балоце не застаўся, – кажа Марына Іванаўна. – Мясціны добра ведаю. І з лесу не раз людзей выводзіла.

Ад іншых канкурсантаў мы адсталі па ўважлівай прычыне. На зваротным шляху Алена ступіла на вязкае месца і да калена правалілася.

– Выцягвай нагу, а бот пасля дастанем, – раю калезе.

– Ды я і нагу дастаць не магу, – трывожыцца яна.

Аперацыя па выратаванні заняла хвілін пяць, далей ішлі асцярожна, кожным наступным крокам правяраючы балотную паверхню на трываласць. Дарэчы, Алена не адзіная, хто пабываў у абдымках Ельні. Адна з удзельніц абедзвюма нагамі ледзь не па пояс сіганула. Выбралася самастойна.

 

 Пабыць на Ельні – цудоўны падарунак

 

На фінішы – узважванне балотнага ўра-джаю.

23 кілаграмы журавін сабралі разам загадчыца яслі-сада № 2 Ніна Лагун і супрацоўніца ўстановы Наталля Вішнеўская. Гэта найлепшы вынік. Наталля Карніцкая і Людміла Бадун з Міёрскай ЦРБ прынеслі 21 кілаграм 100 грам чырвонага золата і атрымалі серабро. 15,6 кілаграма журавін – вынік Марыны Канапелька і Ірыны Пінчук з каманды сектара спорту і турызму, якія ўзялі трэцяе месца.

Сёння на святочным паўвостраве пераможцам конкурсу «Смак журавін» уручаюць прызы. Між тым магчымасць у чарговы раз пабываць на Ельні сама па сабе цудоўны падарунак, які доўга будзе радаваць атрыманымі ўражаннямі.

 

Кацярына РЫНКЕВИЧ

Фотаматэрыял Барыса ЛІСКОВА

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.