Разам мы беларусы. Беларусь – гэта мы
gazeta 20-09-2022, 16:23 323 Культура
Мы разам, і гэта галоўнае. Так можна акрэсліць лейтматыў святочнага канцэрта, што адбыўся ў Міёрскім цэнтры культуры і народнай творчасці напярэдадні Дня народнага адзінства. Поўная зала, яркія нумары, цёплыя віншаванні, дружныя апладысменты стваралі радасны ўзнёслы настрой – агульны для ўсіх.
Дзень народнага адзінства – самае маладое свята ў календары адметных дат нашай краіны. Як заўважыў старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў, яно стала сімвалам нацыянальнай згоды і згуртаванасці ў імкненні захаваць багатую гісторыю роднага краю, унікальную культуру, духоўныя традыцыі, маральныя каштоўнасці нашых бацькоў і дзядоў. Дата 17 верасня 1939 года дала беларускаму народу шанц пабудаваць уласную дзяржаву на сваёй гістарычнай зямлі. Вызначальнай стала яна і для Міёрскага раёна, утворанага 15 студзеня 1940 года. Не раз праверанае на трываласць – і ў 90-я гады ХХ, і ў 20-я ХХІ стагоддзя – адзінства народа застаецца той асновай, што зберагае спадчыну, умацоўвае дзяржаву, забяспечвае мір і стабільнасць.
Наша краіна мае ўласны шлях развіцця, падкрэсліў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Міёрскай выбарчай акрузе № 15, генеральны дырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд» Уладзімір Мацвееў. Звярнуў увагу на простыя словы з глыбокім сэнсам: Год малой радзімы, Год народнага адзінства, Год гістарычнай памяці. У іх пасыл ведаць свае карані і гісторыю, разам памнажаць дабрабыт сваёй краіны.
Калі б не было 1939 года, мы наўрад ці зваліся б беларусамі, лічыць пісьменнік Славамір Даргель. Прыгадаў расповяды сваіх бацькоў, якім давялося вучыцца ў польскай школе. Размаўлялі па-польску, за беларускія словы ставілі на калені на гарох. Родны міёрскі край для творцы – крыніца энергіі і натхнення. Сюды прыязджае сілкаваць душу. Прачытаў чарговы верш, прысвечаны Міёршчыне. Радком «заспяваюць дзяўчаты ў Міёрах, замаўкаюць вакол салаўі» можна ахарактарызаваць святочны канцэрт.
Цёпла віталі гледачы Надзею Шымуковіч і Вольгу Іванову, Леру Паўлоўскую, Таню Жук, Аню Лукашонак, Святлану Ішчук, Сняжану Аксёнаву, Святлану Бакевіч, Дзіну Градзіль, Дар’ю Каралькову. То на лірычны, то на бадзёры лад настройваў публіку Мікіта Дабравольскі. У рэпертуары выступоўцаў – песні пра любоў да радзімы, радасць кахання, боль вайны, веру ў светлы заўтрашні дзень. Фінальную кампазіцыю «Беларусь – это мы» зала слухала стоячы і не збаўляла тэмп апладысментаў. Напэўна, усе былі адзінымі ў меркаванні, што канцэрт атрымаўся яркім і запамінальным.
У ТЭМУ
У фае дзейнічала выстава «Вытокі адзінства». Вырабы міёрскіх майстроў і юных умельцаў з Цэнтра дзяцей і моладзі, цікавыя кнігі з цэнтральнай бібліятэкі і адметныя экспанаты з гісторыка-этнаграфічнага музея прыцягвалі ўвагу наведвальнікаў. Добрай музыкай стваралі святочны настрой педагогі дзіцячай школы мастацтваў.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА