Што вязём з сабой? Песнi i добры настрой!

Лета – 2022 для аўтаклуба Міёрскага цэнтра культуры і народнай творчасці багатае на гастролі. Нядзельным днём 14 жніўня мікрааўтобус з артыстамі скіраваўся ў вёску Іст, а затым павёз свята ў аграгарадок Цвеціна на вуліцу Садовую.

«Пакуль Іст пяе, датуль Іст жыве» 

Так не раз заўважалі на раённых аглядах-конкурсах мастацкай творчасці ўдзельнікі з Іста. Працягвае спяваць вядомы за межамі Міёршчыны народны фальклорны гурт «Іставіца». Нядаўна ў чарговы раз пацвердзілі званне. Цяпер у калектыве дзесяць удзельнікаў. У іх ліку Людміла Дзімітровіч.  

– 22 гады разам з «Іставіцай». Выступалі ў Віцебску, Оршы, Дуброўна, Ушачах і іншых гарадах на конкурсах і фестывалях. Шмат прыемных успамінаў, – заўважае Людміла Дзмітрыеўна. – Па прафесіі я повар. Працавала ў мясцовых дзіцячым садку і школе, затым у сталовай гаспадаркі. У творчы калектыў мяне прывяла любоў да музыкі і спеваў. Больш падабаюцца народныя матывы. Канцэрты ў вёсцы не прапускаю. Увогуле ў нас такія мерапрыемствы любяць.
Словы суразмоўніцы пацвердзіліся праз некалькі хвілін. Вольных месцаў у глядзельнай зале пад чыстым сінім небам заставалася ўсё менш. Вяскоўцы ішлі на свята з роднымі і сябрамі, хтосьці прыехаў з горада. Маленькія дзеці ў калясках і ў матуль на руках, падлеткі, моладзь, старэйшыя жыхары і госці – публіка розная.

– Багдан Кавалёў, год і сем месяцаў, – прадстаўляе сыночка маладая маці Наталля. – Родам я з гэтай вёскі і вельмі яе люблю. Вучылася ў Полацку на повара-кандытара, працавала ў Міёрах, давялося пажыць у Гомелі, а цяпер зноў дома. Хораша тут.   
Калісьці жыццё ў Ісце віравала. Мясцовы саўгас «Дзісненскі» быў адной з наймацнейшых гаспадарак раёна. Для працаўнікоў узводзілі шматкватэрныя дамы з усімі выгодамі, большая частка якіх ужо без гаспадароў. Моладзь спяшалася на танцы ў прасторны клуб, што знаходзіўся ў адным будынку з адміністрацыяй саўгаса і бібліятэкай. Цяпер вялікая закінутая пабудова сумна пазірае на наваколле пустымі аканіцамі. Сельскі клуб пераехаў у адзін з будынкаў зачыненай школы. Акрамя яго з аб’ектаў інфраструктуры засталіся ФАП і магазін.
Аднак ёсць у месцейку штосьці непадуладнае часу. Гэта добразычлівасць і жыццярадаснасць яго жыхароў. Спявалі разам з артыстамі, танцавалі і вадзілі карагоды, словам, весяліліся ад душы. Ніхто з выступоўцаў не застаўся без кветак, якія ўдзячныя гледачы дарылі пасля кожнага нумару. Цёпла віталі салістаў Сяргея Ішчука, Ягора Абалевіча, Валерыю Паўлоўскую, дуэт Арыны Кліменцьевай і Аляксандры Мацвеевай. Спявалі для аднавяскоўцаў супрацоўніцы клуба Раіса Налівайка і Алена Парадня. Быў рады завітаць да землякоў Ігар Мятла.
– Канешне, сумна ад таго, як змянілася родная вёска, аднак жыццё працягваецца, – падкрэсліў артыст і дадаў пазітыву вясёлымі кампазіцыямі.

Калі музыка сціхла, гледачы не спяшаліся разыходзіцца. Абмяркоўвалі ўбачанае, дзяліліся ўражаннямі.
– Усе нумары цікавыя і яркія. Ігар Мятла цудоўна спявае, – заўважае Алена Дубоўская. – Родам я з Цвеціна, а ў Іст па размеркаванні ў школу прыехала. Тут і засталася. Цяпер выкладаю матэматыку і фізіку ў Язненскай школе. Старэйшы сын Максім пойдзе ў трэці клас, дачушка Маша ў першы збіраецца.
18 гадоў займалася з істаўскімі вучнямі-пачаткоўцамі настаўніца Ніна Мірзоева. На працу спяшалася з суседняй роднай вёскі Плігаўкі, дзе цяпер тры жылыя дамы. На свята прыехала на электрасамакаце.
– Пешшу дабірацца ўжо складана, а гэта транспарт зручны. Хвілін дзесяць – і на месцы, – гаворыць былы педагог. – Свята вельмі спадабалася. Проста цудоўнае.

Верагодна, такое меркаванне ў кожнага гледача.  
Прыемныя падарункі – музыка і ласункі
Да пачатку свята на вуліцы Садовай у Цвеціне хвілін 15. Пакрысе збіраюцца гледачы. Матулі з дзецьмі, падлеткі невялікімі кампаніямі, жанчыны-сяброўкі.
– На жаль, не ва ўсіх атрымаецца прыйсці. Большасць жыхароў працаздольнага ўзросту. Хто ў полі цяпер, хто на ферме, – заўважае загадчык Цвецінскага цэнтра народнай культуры і фальклору Таццяна Шчарбакова. – Разам з тым вяскоўцы падтрымалі ідэю правесці ў іх свята вуліцы.

Мясцовыя работнікі культуры на гэты раз у ролі гледачоў. Завіталі не з пустымі рукамі. Падрыхтавалі падарункі. Торт – самай старэйшай жыхарцы вуліцы Зоі Міронаўне Свірко. Салодкія ласункі для маленькіх Дашы Осіпавай, Яны Свірко, Нікі Радчынай, Сашы Баброўскай. Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас ветэранаў працы Зоі Усеваладаўны Мяцеліца, Тэрэзы Аркадзеўны Ганебнай, Сяргея Міхайлавіча Лавейкі, Фёдара Леанідавіча Корбута. Адзначылі шматдзетных матуль Ганну Савіцкую, Маргарыту Радчыну, Вольгу Баброўскую.
Падарункаў, калі не салодкіх, то музычных, дакладна хапіла ўсім. Артыстаў гледачы сустракалі з цікавасцю і падтрымлівалі апладысментамі.

– Якія нумары запомніліся? – цікаўлюся ў фінале ў публікі.
– Усе цікавыя, але найбольш Сяргей Ішчук спадабаўся, – заўважаюць жанчыны.
Канцэрт скончыўся, а забавы прадоўжыліся. Артысты перадалі эстафету інспектару РАНС Дзмітрыю Плотнікаву. Выратавальнік завітаў на свята з пазнавальна-забаўляльнай праграмай для дзяцей, да якой з задавальненнем далучыліся дарослыя. Прыгадвалі нумары экстранных служб, адгадвалі тэматычныя загадкі, прадумвалі алгарытмы дзеянняў у надзвычайных сітуацыях. Актыўныя ўдзельнікі атрымалі прызы.

Кацярына РЫНКЕВІЧ
Казимир БЛАЖЕВИЧ

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.