Цёплае свята людзей у белых халатах
gazeta 21-06-2022, 09:13 462 Культура

Атмасфера ў фае прыемна ўзрушаная і нязвыкла нязмушаная для медработнікаў. Звычайна сабраныя і засяроджаныя, у нязменных белых халатах, на ўрачыстасці яны выглядаюць і адчуваюць сябе па-іншаму. Перш чым заняць месцы ў глядзельнай зале, робяць здымкі на памяць у фотазоне, любуюцца вырабамі сваіх калег, прадстаўленымі на выставе. Тут вышытыя карціны, мяккія цацкі, кветкі з бісеру. У медыкаў рукі ўмелыя. Хтосьці затрымлівае позірк на шырокім экране, што паказвае відэа пра медыцынскую сферу раёна. Відэасюжэт дапаўняе стыкер, распрацаваны медсястрой Вольгай Хахловай. Якраз напярэдадні прафесійнага свята абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя падвяла вынікі конкурсу па стварэнні стыкерпакаў для мэсэнджараў. Работам міярчанкі прысудзілі другое месца.
У зале раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці медработнікі не збіраліся тры гады. Праводзіць маштабныя мерапрыемствы не дазваляла пандэмія каронавіруснай інфекцыі.
– Дзякуючы вашай працы вірусы і хваробы адступаюць, і мы маем магчымасць сустрэцца і паглядзець адзін аднаму ў вочы, – вітаў медыкаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Кузняцоў. – Чым мацней і здаравей нашы людзі, тым мацней эканоміка краіны. Наша здароўе – у вашых руках.
Медыкі лечаць не толькі рукамі. Акрамя прэпаратаў важныя і цеплыня слоў, і чысціня думак. Ніякі сучасны прыбор не здольны замяніць чулых і ўважлівых адносін да чалавека, адзначыла галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Алена Сівая. Заўважыла, што званкоў ад
удзячных пацыентаў было вельмі шмат. Ніколі не сумнявацца ў абранай справе раіла калегам старшыня прафсаюзнага камітэта Святлана Карпеза. Чыстай і стэрыльнай жыццёвай дарогі, моцнага імунітэту ад нягод, паспяховай работы без складаных дыягназаў пажадала галоўны санітарны ўрач раёна Галіна Федуковіч.
За амаль дзве гадзіны, што доўжылася свята, цёплыя словы і шчырыя пажаданні ў адрас людзей у белых халатах не сціхалі. Апладысментамі суправаджалі на сцэну тых, чые старанні і заслугі атрымалі найвышэйшыя адзнакі. Ганаровую грамату Міністэрства аховы здароўя ўручылі загадчыку Дзісненскай бальніцы сястрынскага догляду Святлане Палячэнка, Падзяку аб’явілі старшай медсястры паліклінічнага аддзялення Алене Януковіч. Узнагароды галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама атрымалі медсёстры Вера Туронак, Святлана Кузьміна, Зінаіда Фурс. Ганаровай граматай Віцебскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ўзнагароджана фельчар-лабарант Юлія Янушкевіч. Амаль два дзясяткі імён у спісе тых, каго адзначыла кіраўніцтва раёна, бальніцы і галіновага прафсаюза.
Музычныя віншаванні дарылі самадзейныя артысты з Язна, салісты раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Спявалі медыкі. Свой нумар прысвяцілі памяці ўрача-хірурга Івана Гарбачова, чыё сэрца перастала біцца 16 красавіка. Песенныя радкі пра адданага сваёй справе і міёрскаму краю доктара ў многіх выклікалі слёзы. У памяць пра таленавітага хірурга пад вокнамі яго кабінета калегі пасадзілі клумбу хрызантэм, якія ён вельмі любіў. 18 чэрвеня Івану Міхайлавічу споўнілася б 70 гадоў. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць усіх медыкаў раёна, якіх няма з намі.
«А жизнь нам дана одна,
Каждый миг ее ты цени,
И даже если она трудна,
Твори добро и люби», – радкі песні, што гучала ў фінале, падыдуць у якасці дэвізу медработнікаў. Яны ведаюць цану жыцця, бо змагаюцца за яго кожны дзень. Пры гэтым не страчваюць
чуласць і дабрыню.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА