Жывая музыка, цёплыя віншаванні, доўгія гучныя апладысменты гучалі пятнічным вечарам 20 мая ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. У коле сяброў і аматараў музыкі аркестр баянаў і акардэонаў дзіцячай школы мастацтваў адзначаў важную падзею. 20 гадоў таму калектыву прысвоілі званне «ўзорны», якое пастаянна пацвярджае. Свет размаўляе з душой праз прыгажосць. Адно з яе праяўленняў – музыка. Гукі – пяшчотныя і гарэзлівыя, працяглыя і імклівыя – абуджаюць ва ўяўленні яркія вобразы, пераносяць у думках у чароўныя мясціны, выклікаюць то радасць, то сум, то бадзёрасць, то спакой. – Вы не ўяўляеце, як б’юцца нашы сэрцы і як мы хочам данесці праз музыку пасыл дабрыні, – заўважаў гледачам Ігар Лавец – дырэктар дзіцячай школы мастацтваў і нязменны кіраўнік аркестра баянаў і акардэонаў. Аркестр павітаўся з гледачамі кампазіцыяй сярэдзіны 20 стагоддзя «Сустрэча» італьянскага калектыву «Rondo Veneziano». У залу ліліся спакойныя, лёгкія, цёплыя гукі. Наглядным фонам пад мелодыю з французскага фільма «Укол зонтиком» на экране распускаліся кветкі. Ад музыкі сапраўды веела свежасцю і вясновым абуджэннем. Цёплыя ўспаміны звязаны ў калектыва з кампазіцыяй «Рэальны свет» французскага кампазітара Уладзіміра Касма. Выконвалі яе на конкурсе «Спяваем з аркестрам», што праходзіў падчас ХХ фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», і занялі трэцяе месца.