Борис Манцевич наш земляк

Музей кнігі і друку Міёрскай СШ № 3 імя Героя савецкага Саюза Я. Томкі багаты на экспанаты, але, упэўнены, сярод іх знойдзецца месца для зборнікаў, якія даслаў «паважанаму збіральніку» іх аўтар Барыс Манцэвіч. З яго лёгкай рукі за 2018 – 
2020 гады хаця і невялікімі накладамі пабачылі свет з друкарняў Вілейкі і Мінска пяць кніг у мяккай вокладцы аб’ёмам ад 130 да 216 старонак.


Барыс Флоравіч – наш зямляк, нарадзіўся ў 1933 годзе ў сям’і настаўнікаў. Зоркавым часам для яго бацькі Флора Данатавіча быў не толькі ўдзел у Народным сходзе ў Беластоку ў 1939-тым, але і выступленне з дакладам па адным з асноўных пытанняў парадку дня, а затым паездка з заходнебеларускай дэлегацыяй у Маскву. За ўклад у станаўленне беларускай дзяржаўнасці ён заплаціў жыццём: у 1941-м расстраляны захопнікамі ў Полацку. Маці Аляксандра Міхайлаўна разам з дзецьмі актыўна ўключылася ў барацьбу з ворагам у радах падпольшчыкаў і партызан, стварыла адзіны ў Беларусі падпольны партызанскі атрад «Масква», а ў пасляваенны час арганізоўвала першы на Міёршчыне дзіцячы дом – Александроўскі.


Свае ўспаміны пра бацькоў і той трагічны для краіны час Барыс Флоравіч друкаваў у нашай раённай газеце. А кнігу «Дарога ў журналістыку» і іншыя дапамог яму напісаць дзённік, які вёў з 1949 года. Прысвячаецца яна першаму дырэктару Міёрскай СШ Міхаілу Лісічонку, у недалёкім мінулым камісару атрада партызанскай брыгады імя М. І. Калініна. Менавіта па настойлівай рэкамендацыі Міхаіла Цярэнцьевіча Барыс Манцэвіч паступіў на факультэт журналістыкі БДУ, хаця напачатку меў намер набыць традыцыйную для сям’і прафесію педагога.


Міёрскую ШКОЛУ Барыс скончыў у 1952 годзе, гэта быў толькі трэці выпуск. Першы адбыўся ў
1950-м, тады атэстаты сталасці атрымалі дзесяць чалавек, пра дваіх з іх Міёры яшчэ не забыліся. Гэта намеснік загадчыка РАНА Роза Ціханаўна Чындарава-Васілевіч і настаўнік Аляксандр Аляксандравіч Паляшчук. Аднакласнікам Барыса быў не менш вядомы дырэктар школы і кіраўнік раённага аддзела адукацыі Віктар Канстанцінавіч Казлоў.


Аповяд пра вучобу ў БДУ займае каля палавіны кніг. Для сённяшніх журналістаў будзе цікава прачытаць, як пачыналі працу выкладчыкаў будучыя карыфеі факультэта Рыгор Васільевіч Булацкі, Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі, Іван Якаўлевіч Навуменка, непрадказальны Сямён Лаўрэнцьевіч Абэцэдарскі. Аматары літаратуры даведаюцца пра студэнцкія гады многіх вядомых у пазнейшы час беларускіх празаікаў і паэтаў. Асабіста я звярнуў увагу на тры раздзелы, прысвечаныя праходжанню практыкі, якая для Барыса Манцэвіча пачалася 12 ліпеня 1955 года ў Міёрскай раённай газеце «Зара камунізму».


Рэдактарам раёнкі на той час быў ужо аўтарытэтны на Міёршчыне Міхаіл Іосіфавіч Латышаў. З ім практыкант хутка знайшоў агульную мову і нават пры развітанні атрымаў прапанову перайсці на завочнае навучанне і працаваць на радзіме.
Затое крытычна адносіўся да студэнта-практыканта намеснік рэдактара Аляксандр Фядотавіч Агурцоў. Хаця ў самога за плячыма было толькі педвучылішча і практыка выпуску МТС-аўскай шматтыражкі. Адказным сакратаром працавала даволі вопытны журналіст Лідзія Іванаўна Вашнёва. Аддзел сельскай гаспадаркі ўзначальваў Мікалай Пятровіч Ваяводаў, які скончыў толькі восем класаў, але дзякуючы самаадукацыі добра разбіраўся ў сельгасвытворчасці. Загадчыцай аддзела пісьмаў была Фаіна Данілава, нядаўняя выпускніца тэхнікума лёгкай прамысловасці і дачка першага сакратара райкама партыі. Пасля сярэдняй школы сталі літсупрацоўнікамі (кваліфікаваных кадраў паўсюдна не хапала) Людміла Падгол і Анатоль Чындараў.


Транспарта ў рэдакцыі не мелі, журналісты хадзілі па раёне пешшу, ездзілі на спадарожных машынах. Вось і Барыс Манцэвіч сваім ходам дабіраўся да маці начаваць за восем кіламетраў у Орцы, рыхтаваць матэрыял з калгаса «Свабода» Навакрукаўскага сельсавета з цэнтрам у даўно забытай вёсачцы Кручкі, чэраскага «Баявога партызана», дзе старшынстваваў былы рэдактар Пётр Акімавіч Клімаў. Прапаноўваў разнастаіць тэматыку публікацый: пісаць пра будаўніцтва льнозавода, агародніна-сушыльнага завода, дзейнасць крахмала-патачнага, лесапільнага, цагельнага.


Заўважу, што ніхто з названых Барысам Манцэвічам работнікаў доўга ў рэдакцыі не затрымаўся толькі з-за імклівых хрушчоўскіх рэформ. Яго школьны сябра Толік Чындараў, да прыкладу, неўзабаве стаў студэнтам, а потым і Анатолем Ціханавічам, партыйным работнікам высокага рангу з персанальным кабінетам у будынку ЦК КПБ.
Што да самога Барыса Флоравіча, то практыку ў міёрскай «Зары камунізму» ён прайшоў паспяхова. Потым працаваў адказным сакратаром рэдакцыі ў Вілейскім «Шляху перамогі», выпрабаваў сябе на партыйнай рабоце і вярнуўся ў журналістыку рэдактарам бярэзінскай раёнкі «Сцяг Леніна».


… Пры гэтым працягваў весці дзённік. Запісы ў ім, назіранні за ўласнымі і суседскімі малымі дазволілі напісаць цэлую кнігу «Дзіцячая логіка». Раю пераняць гэты вопыт: праз шмат гадоў будзе цікава нагадаць як рос і сталеў ваш маленькі чалавечак.
Асабістыя публікацыі журналіста леглі ў аснову двух зборнікаў – «Жыццё пражыць…» і «Вадавароты лёсу». З большага, гэта перапрацаваныя газетныя нарысы, дзённікавыя запісы, што сталі паўнацэннымі апавяданнямі, выпадкі з жыцця. Для міёрскага чытача асаблівую цікавасць уяўляе твор «Бандыцкія кулі» ў «Вадаваротах лёсу». Ён пра актывістаў пасляваеннага адраджэння ў нашых мясцінах – Міхаіла Сасноўскага з Папкоў, старшыню Міёрскага сельсавета Іосіфа Дразда, міліцыянера Лапатачкіна. Як не сказаць, што першапачатковы варыянт успамінаў надрукаваны ў «Міёрскіх навінах» яшчэ ў 2011 годзе.


Нашы мясцовыя матывы можна знайсці ў апавяданнях кнігі «Жыццё пражыць…». А назва верша «Атрад «Масква» гаворыць сам за сябе. Ён пра падпольны атрад, які арганізавала маці Барыса Аляксандра Манцэвіч, а да яго спраў мелі дачыненне нават яе малыя дзеці. Вось завяршальныя радкі, напісаныя ў маі – чэрвені 2017-га:
Хоць столькі гадоў
Адышло з той пары,
Як пушчы ад смерці
Людзей ратавалі,
Мяне ж па-ранейшаму
Цягне туды,
Дзе мы ў дзяцінстве
Дарослымі сталі.
Так, Барыс Манцэвіч, аказваецца, яшчэ і паэт. Ды не просты, цэлы зборнік гумару і сатыры падрыхтаваў – «Ну і ну». У ім сцвярджае, што першы раз усміхнуўся, як на свет з’явіўся. З гумарам прайшоў усё жыццё. Вось некалькі яго «карацюлек» для характарыстыкі творчасці, а ў кнізе іх тры сотні з вялікім «гакам».

Сны на замежнай мове

«Што, доктар, мне рабіць, не знаю:
Сны сню на мове мне чужой».
«Вы халасцяк? То ад душы вам раю
Класці перакладчыцу з сабой».

Худая курыца

«Чым курыцу сваю ты, дзед, карміў?» –
Пачуў на рынку прадавец.
«Мяне сваім пытаннем ты здзівіў».
«А што тут дзіўнага?
І я хацеў бы пахудзець».

Эпітафія

Спакойна спі, мой Герман,
Ты быў найлепшым на зямлі.
А тое, што ты краў бязмерна,
Яны так даказаць і не змаглі.

Цудоўны біфштэкс

«Цудоўны біфштэкс!
Такіх смачных не еў».
А афіцыянтка аж крыкнула ў зале:
«Што я нарабіла?! То ж гэты біфштэкс
Дырэктару падрыхтавалі!»


У заключэнне раю ўсім аматарам літаратуры пазнаёміцца з творчасцю нашага земляка Барыса Манцэвіча. Кожны знойдзе ў яго кнігах нешта для сябе ад успамінаў пра мінулае да трапнага слоўца пра сённяшняе.


Леанід МАТЭЛЕНАК

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.