Авторизация
 

Школа жыве

 Пяты навучальны год установа адукацыі ў Слабадзе працуе як яслі-сад – пачатковая школа. Садок наведваюць 17 дзетак. Вучняў дзевяць, з іх адзін займаецца дома. Як і чым жыве самая маленькая па колькасці выхаванцаў школа ў раёне, пацікавіліся карэспандэнты раённай газеты.

 

Націскаю кнопку званка на ўваходных дзвярах – адчыняе дырэктар Тамара Невяроўская. У яе прыветная радасная ўсмешка, гарэзлівыя агеньчыкі ў вачах, бадзёрыя ноткі ў голасе. Відаць, у душы яна застаецца той натхнёнай, энергічнай, поўнай энтузіязму выпускніцай педінстытута, якой у 1989 годзе ўпершыню пераступіла парог Слабадской базавай школы, дзе 1 верасня празвінеў першы ў гісторыі ўстановы званок.

 

…прыемнымі ўспамінамі

 

– З мужам Браніславам Зігмундавічам мы тут з самага пачатку. Ён быў першым і адзіным дырэктарам школы да яе рэарганізацыі ў пачатковую. Я выкладала гісторыю, затым была намеснікам дырэктара, – расказвае Тамара Віктараўна.
Гутарым у настаўніцкай за чаяпіццем. У калідоры цішыня – ідуць урокі. Да чарговага перапынку яшчэ дваццаць хвілін. Да знаёмства з вучнямі і калектывам вывучаем мінулае ўстановы праз расповяды дырэктара.
– Школу ў Слабадзе будаваў калгас. 15 жніўня 1989 года сюды прыехалі маладыя настаўнікі. Да першага званка займаліся рамонтнымі работамі. З раніцы да вечара фарбавалі, клеілі, – з цеплынёй успамінае Тамара Віктараўна. – Усе вельмі стараліся. Работы было шмат. Мэблю сабраць да першага верасня паспелі толькі ў кабінетах пачатковых класаў. Вучні пятых – восьмых класаў на другі дзень пасля ўрачыстай лінейкі пайшлі з настаўнікамі ў калгас, а дырэктар – адзіны на той час мужчына ў калектыве – у школе астатнюю мэблю збіраў, стэнды з дрэва майстраваў. Загадчыка па гаспадарцы тады не было, вечарамі прыходзіў на падмогу стрыечны брат адной з настаўніц, працу заканчвалі далёка за поўнач. Сцены ў школьных калідорах па начах распісвалі мастакі з Санкт-Пецярбурга, што здымалі дачу ў Грудзінаве. Дырэктар папрасіў іх зрабіць такі падарунак дзецям.
 
…настаўніцкімі клопатамі

 

Нашу размову перапыняе званок. Урок скончыўся, дзецям час падсілкавацца ў сталоўцы. Пакуль вучні заняты абедам, які для іх прыгатавалі повары Таццяна Новікава і Кацярына Іванова, ёсць час пагутарыць з настаўнікамі.
У педкалектыве пяць чалавек. Тамара Невяроўская акрамя класічных абавязкаў дырэктара, кола якіх даволі шырокае, займаецца як настаўнік-дэфектолаг з вучнем дома. Педагогі Ала Сухоўская і Юлія Адамёнак вядуць урокі ў класах-камплектах. Выхаванцы Алы Францаўны – першакласнік Косця Грыдзюшка і два вучні трэцяга класа.
– Працую ў гэтай школе з самага адкрыцця. Яна для мяне штосьці большае, чым другі дом. Родам я з Волкаўшчыны, у Слабаду па размеркаванні прыехала. Рада, што засталася на роднай Міёршчыне, – гаворыць Ала Францаўна. – У школе добра працаваць. Калектыў дружны. Мы як адна сям’я. Вялікіх класаў за ўсе гады ў мяне не было, самы большы – восем чалавек.
Першы год у школе Юлія Адамёнак. У маладога спецыяліста пяцёра выхаванцаў. Тры вучні ў другім класе, два ў чацвёртым. Да кожнага ўрока трэба рыхтаваць два планы-канспекты.
– Дома шмат часу аддаю на падрыхтоўку да наступнага дня. Як правіла, увесь вечар – з шасці да адзінаццаці – праводжу за работай. Дакументацыі шмат, бывае складана разабрацца. Падтрымліваюць і дапамагаюць старэйшыя калегі, – расказвае 19-гадовая настаўніца. – Самае прыемнае ў рабоце – зносіны з дзецьмі. Яны цудоўныя, умеюць узняць настрой.
З дашкольнікамі займаюцца выхавацелі Мікалай і Таццяна Шчарбіцкія. Ведаюць, як знайсці падыход да маленькіх гарэз, зацікавіць іх вясёлымі цікавымі заняткамі.

 

…сямейнымі падрадамі

 

З сямейнай парай педагогаў памочнікам выхавацеля занята ў садку родная сястра Таццяны – Зоя Смерцьева. Знайшла прымяненне і сваім мастацкім здольнасцям. Да прыкладу, інтэр’ер сталовай дапоўніў сімпатычны паваронак на сцяне.
Разам ідуць у школу повар Кацярына Іванова з дачушкай Крысцінай, якая наведвае дзіцячы садок.
– Старэйшая Віялета – сямікласніца, ва Узмёнах вучыцца, – расказвае яна. – Я таксама гэтую школу заканчвала. Тамара Віктараўна была маім класным кіраўніком. На працу сюды ўладкавалася ў 2014 годзе.
З першых дзён працуе ў школе тэхработнік Валянціна Лакотка. Акрамя сваіх асноўных абавязкаў, з якімі, па словах дырэктара, спраўляецца бездакорна, прыглядае за дзецьмі. Раніцай сустракае вучняў у гардэробе, дапамагае распрануцца, пасля ўрокаў адпраўляе дадому, праверыўшы, ці добра шалікі завязаны і курткі зашпілены. У школе заняты качагарам яе муж Вячаслаў, а сын Ігар працуе вартаўніком.
Даўно скончылі школу дзеці Юрыя і Тамары Мікеляў, а бацькі засталіся тут. Юрый клапоціцца пра тое, каб педагогам і выхаванцам было цёпла. Тамара акрамя асноўных абавязкаў вартаўніка пры неабходнасці рэстаўрыруе мэблю. Нядаўна банкеткі перацягнула новай тканінай.
Усёй сям’ёй у школе Лазаравы. Тата Ігар – вартаўнік, маці Анастасія – дворнік, малодшая дачушка Ліза наведвае дзіцячы сад, а Дзіяна вучыцца ў чацвёртым класе. Радуе бацькоў добрымі адзнакамі.

  

…адукацыйнымі лайфхакамі

 

Са званком настаўнікі і вучні зноў разыходзяцца па класах, а мы працягваем гутарку з дырэктарам. Тамара Віктараўна дзеліцца сакрэтамі матывацыі школьнікаў на вучобу:
– Нікому не ў навінку, што цяперашніх дзяцей больш вабяць гаджаты, чым кнігі. Каб тэхналогіі служылі на карысць, мы прыдумалі гульню. У пачатку тыдня вучні 1 і 2 класаў атрымліваюць пяць пытанняў на развіццё кругагляду, для 3 і 4 класаў – дзесяць пытанняў. Іх рыхтуюць настаўнікі, раздрукоўваюць і раздаюць дзецям. У пятніцу на перапынках правяраем адказы. Шукаць іх можна як самастойна, так і з дапамогай бацькоў. Добра, калі таты і мамы далучаюцца. За правільныя адказы вучань атрымлівае балы, якія ў канцы месяца можа абмяняць на прыемныя сюрпрызы: кніжачкі, канцтавары, ласункі. Вынікі гульні кожны тыдзень падводзім на агульнашкольнай лінейцы.
Яшчэ адна традыцыя – агульнашкольная хвілінка бяспекі па пятніцах. Праз віктарыны, конкурсы, практычныя заданні дзеці паўтараюць правілы бяспечных паводзін дома, на вуліцы, у школе і так далей. Раз на месяц праходзіць лінейка, прысвечаная патрыятычнаму выхаванню. Вучняў знаёмяць з асновамі Канстытуцыі, дзяржаўнай сімволікай, гісторыяй Міёршчыны і роднай вёскі.
У суботу замест урокаў – мерапрыемствы. Творчыя, інтэлектуальныя, спартыўныя, святочныя. За наведванне вучні атрымліваюць карцінкі-бонусы, якія ўклейваюць у спецыяльны сшытак і пасля таксама мяняюць іх на прызы. Тэрмін дзеяння бонусаў – месяц.
Весела адзначаюць у школе святы. У Дзень настаўніка чацвёртакласнікі вялі ўрокі ў малодшых сяброў. Затым вучні разам з педагогамі ладзілі дыскатэку, якая завяршылася чаяпіццем з тортам.
Цяпер рыхтуюць тэатралізаваную праграму да навагодняга ранішніку. Улічваючы невялікі акцёрскі састаў, камусьці давядзецца іграць па дзве ролі. Да гэтага юным тэатралам не прывыкаць.
– Усе дзеці ў душы артысты. Трэба толькі даць ім раскрыць сябе, – упэўнена Тамара Невяроўская.

 

…пазітыўным настроем

 

Ідучы па школьных калідорах, абавязкова ўсміхнешся. Яркія малюнкі на сценах, стракатыя стэнды з разнастайнай інфармацыяй. У стылізаванай бярозцы з матылькамі і грыбом-чагай не адразу распазнаеш звычайную трубу.
– Школа для мяне як родны дом, дзе жыве дружная сям’я, адносіны ў якой будуюцца на сяброўстве, адкрытасці і падтрымцы, – заўважае Тамара Невяроўская. – Штовечар, збіраючыся ў шэсць гадзін дадому, абавязкова прайдуся на калідорах, прагуляюся па тэрыторыі. Так хораша тут, усё роднае і дарагое. Упэўнена, са мной пагодзяцца калегі. Напрыклад, загадчык гаспадаркі Віктар Грыгор’еў заняты ў школе 28 гадоў. 17 гадоў разам з намі кладаўшчык Надзея Астроўская, якая працягвае працаваць на заслужаным адпачынку. Роднай стала ўстанова для качагара Анатоля Латышонка. Памятаюць пра школу выпускнікі, кожны год дасылаюць віншаванні са святамі.
Дырэктар праводзіць да дзвярэй, цёпла ўсміхаецца і жадае добрай дарогі. На развітанне абводжу позіркам школу. На яе знешнім выгля- дзе час пакінуў свой след: абсыпаная ў некалькіх месцах плітка адымае ў будынка прывабнасць. Затое ўнутранае афармленне радуе сваёй непахіснай жыццесвярджальнасцю.
Ці давядзецца прыехаць сюды яшчэ за навінамі і рэпартажамі? Далёка ў будучыню калектыў школы не заглядвае. Выбірае жыць сягоняшнім і рабіць яго максімальна цікавым, пазнавальным і яркім.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 30 января 2022
Антон, Виктор, Георгий, Иван, Павел, Савелий, Антонина

Именины 29 января 2022
Иван, Максим, Петр, Неонила

Госці краін

free counters
Партнеры сайта