Миорчане участвовали в "Славянском базаре"
gazeta 19-07-2021, 16:45 2 222 Культура
Шматлікія абласныя конкурсы і мерапрыемствы прайшлі падчас ХХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» з 15 па 18 ліпеня. Актыўны ўдзел прынялі ў іх міярчане.
На кірмашы рамёстваў «Горад майстроў» прадстаўлялі свае вырабы майстры Дзісненскага гарадскога Дома рамёстваў Людміла Ганебная, Наталля Валенцік і Яўгенія Козел, кіраўнік клуба «Святліца» Алена Батарчук.
Цікавым зместам напоўнілі тэматычную брэндавую пляцоўку Міёрскага раёна. Тут ладзілі выставу старой мэблі супрацоўнікі гісторыка-этнаграфічнага музея, размясцілі разнастайныя вырабы майстры Дзісненскага гарадскога Дома рамёстваў. Выставу-продаж распісных пернікаў праводзіла кіраўнік ініцыятывы «Распісныя пернікі Міёршчыны» Ксенія Маскаленка. Прапаноўвалі сувеніры супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Клуб нацыянальнай кухні і фальклору «Цвецінскія прысмакі» сярод рознай смакаты прадставіў клёцкі. Гэтая страва адносіцца да нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. На канцэрце ў абарону брэнда Міёршчыны выступалі «Дзісенчукі», змешаная вакальная група Дзісненскага ГЦК і харэаграфічны калектыў «Натхненне». У сцэнарый уключылі расповяды пра адметнасці Міёрскага раёна, у тым ліку Дзісны.
У адкрытым абласным свяце-конкурсе майстроў народнай цацкі і лялькі «Забава-2021» прынялі ўдзел больш за 80 творцаў. Сярод іх дзісненскія майстрыцы Наталля Валенцік і Яўгенія Козел. Іх работы адзначылі дыпломам за адраджэнне і папулярызацыю традыцыйнай культуры і мастацтва.
На адкрытым турніры нацыянальных танцаў «Танчым разам» ва ўзроставай катэгорыі ад 16 да 30 гадоў паспаборнічалі і выйшлі ў фінал Дзіяна Маляўка і Аляксей Рачыцкі. Менш пашанцавала Анастасіі Густавай і Андрэю Ражанскаму. У катэгорыі ад 30 да 50 гадоў выступалі Марына Дзям’янава і Сяргей Пілецкі, Алеся Барысоўская і Яўген Кажан. Апошняя пара прайшла ў фінал.
Трэцяе месца ў абласным конкурсе аркестраў народных інструментаў, аркестраў баянаў і акардэонаў «Спяваем з аркестрам» заняў узорны аркестр баянаў і акардэонаў Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Ігара Лаўца. Дарэчы, вядучымі конкурсу сталі міярчане Аляксей Рачыцкі і Алеся Барысоўская.
Падрыхтавала Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.






