Авторизация
 

Міёры адзначылі Дзень горада

 Самым ажыўленым месцам у райцэнтры у нядзелю, 4 ліпеня, быў гарадскі парк «Паўвостраў». Увесь дзень і да позняга вечара сюды прыходзілі міярчане і госці горада на свята. Забавы, сувеніры, салодкія ласункі, музычныя падарункі, конкурсы, салют – у праграме кожны знаходзіў штосьці цікавае для сябе.

 

Работнікаў культуры шанавалі

Па традыцыі, на ўрачыстым адкрыцці свята адзначылі найлепшых работнікаў культуры раёна. Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта старшыня Ігар Кузняцоў уручыў рэжысёру Цвецінскага цэнтра нацыянальнай культуры і фальклору Зінаідзе Кадушка. Удзячнасць аб’явіў рэжысёру Язненскага СДК Вользе Александроўскай. Адзначыў узнагародамі пераможцаў у намінацыях.

 
«Найлепшая клубная ўстанова раёна» – Павяцкі СДК, які ўзначальвае Валерый Блажэвіч. «Найлепшая бібліятэка раёна» – у Чапуках, дзе працуе Алена Дулінская. «Найлепшы калектыў мастацкай самадзейнасці» – народны фальклорны калектыў «Язынка» Язненскага СДК пад кіраўніцтвам Ларысы Бервячонак.

 
«За вялікі асабісты ўнёсак у развіццё культуры і мастацтва раёна» ўзнагародзілі дырэктара Дзісненскага гарадскога Цэнтра культуры Аляксея Астукевіча. «Найлепшым клубным работнікам» стаў намеснік дырэктара Міёрскага РДК Аляксей Гайдзель. «Найлепшы бібліятэчны работнік» – загадчык Міёрскай дзіцячай бібліятэкі Анастасія Драба, «Лепшы настаўнік школы мастацтваў» – Ігар Лавец. «Найлепшым арганізатарам платных паслуг насельніцтву» вызначылі Міёрскі гісторыка-этнаграфічны музей на чале з дырэктарам Аксанай Лагунёнак. У намінацыі «Творчая асоба» прысудзілі перамогу вядучаму метадысту па традыцыйнай культуры аддзела арганізацыйна–метадычнай работы Міёрскага РДК Дзіяне Маляўка. «За вернасць прафесіі» атрымаў узнагароду дырэктар раённага Дома культуры Аляксандр Фурс.

 

 Букет эмоцый і ўражанняў збіралі

«Этот город самый лучший город на земле…» – хітом гурта «Брава» з сярэдзіны 90-х распачалі святочны канцэрт Аляксей Конах і Ігар Мятла. Гэта кампазіцыя, як і ўсе наступныя, знайшла водгук у гледачоў. Адны прыйшлі падтрымаць юных артыстаў – харэаграфічны калектыў «Непаседы», Аліну Федуковіч, Таццяну Жук. Другім запомніліся маладзёжныя трыа. «Свой полет по жизни сделай лёгким сам», – раілі Ягор Абалевіч, Дар’я Каралькова і Аляксандра Пашкоўская. Пра тое, што трэба шмат паспець, пакуль маладыя, нагадалі Павел Зімнік, Сафія Шук і Вікторыя Савейка. Знайшлі сваіх прыхільнікаў салісткі Святлана Бакевіч, Таццяна Бялевіч, Сняжана Аксёнава. Яркім і эмацыянальна насычаным атрымаўся нумар Ігара Мятлы, Дзіяны Маляўкі, Алены Граковіч і Анастасіі Густавай з кампазіцыяй «Притяженья больше нет». Гумарам і харызматычнасцю вызначаўся квартэт Тамары Якімёнак, Сяргея Пачопкі, Святланы Ішчук і Юрыя Казлова. Кампазіцыю на італьянскай мове падарылі гледачам Мікіта Дабравольскі, Дзіяна Маляўка і Таццяна Іванова.

 
Як заўважалі ў пачатку канцэрта вядучыя Аляксей Гайдзель і Марына Дзям’янава, у падарунак гораду артысты сабралі яркі букет з песень, эмоцый і ўражанняў. А яшчэ – рознакаляровыя кветкі. Адну за другой складалі іх у вялікі кошык. Пачалі з белай, якая сімвалізуе чысціню і сумленне. Дадалі сінюю, што на мове фларыстаў азначае прызнанне ў вернасці. Чырвонай нагадалі пра каханне, здольнае тварыць цуды. Так кошык запоўніўся яркімі фарбамі.

 
«Все цветы июля, все цветы июля,
С капельками солнца принесём в наш дом», – праспявалі ўсе разам у фінале.
Гледачы праводзілі міёрскіх артыстаў удзячнымі апладысментамі. Далей чакала сустрэча з беларускім выканаўцам Аляксеем Хлястовым і новая порцыя прыемных уражанняў.

 

 Родныя словы разам паўтаралі

Розныя цікавосткі чакалі на свяце. Многім спадабалася гульня ад дзіцячай бібліятэкі. Правіла простае: адгадай значэнне беларускага слова – атрымаеш салодкі ласунак. Жадалі пагуляць і дзеці, і дарослыя. Як расказала бібліятэкар Ірына Масюгіна, самым складаным аказалася слова «трускалкі». Мала хто адказаў, што гэта клубніцы. Са словам «настаўнік» ні ў кога не ўзнікла праблем. Яшчэ бібліятэкары прапаноўвалі напісаць пажаданні гораду, знаёмілі з сучаснай беларускай літаратурай.

 
Побач прадстаўлялі экспанаты супрацоўнікі гісторыка-краязнаўчага музея. Нямала знайшлося ахвотнікаў сфатаграфавацца на памяць у фотазоне. За арыгінальнымі здымкамі заходзілі госці свята ў палатку Дзісненскага гарадскога Дома рамёстваў.

 

На памяць сувеніры набывалі

Разнастайныя цацкі, упрыгожанні, драўляныя і вырабы з бісеру, арыгінальныя пано і шмат іншай прыгажосці прывезлі гандляры і рамеснікі. Кіраўнік клуба народных майстроў «Святліца» Алена Батарчук праноўвала керамічныя сувеніры. Пашырылі асартымент вырабаў з керамікі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Хутка пусцеў кошык з распіснымі пернікамі-латарэйкамі ў палатцы Ксеніі Маскаленка.

 
Наўрад ці хто пайшоў дадому з пустымі рукамі. Кожны жадаў узяць з сабой часцінку свята.

 

На святочнай урачыстасці ўручылі Ордэн Маці бухгалтару Міёрскай цэнтральнай раённай бальніцы Іі Плюто. Такой узнагародай адзначаюць жанчын, якія выхоўваюць ад пяці і больш дзяцей.

 
Таксама падвялі вынікі спаборніцтва сярод моладзі «Лепшы па прафесіі», якое ў перыяд пасяўной кампаніі праводзіў аддзел ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі. У намінацыі «Падрыхтоўка глебы» перамог трактарыст-машыніст філіяла «Павяцце» СУП «Чэрасы» Аляксей Мароз. У намінацыі «Сеў» – трактарыст-машыніст ААТ «Міёрскі райаграсервіс» Аляксандр Лонскі.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотарэпартаж Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июля 2021
Аркадий, Лев, Елена, Ольга

Именины 23 июля 2021
Александр, Антон, Георгий, Даниил, Леонтий, Петр

Госці краін

free counters
Партнеры сайта