Авторизация
 

Да Дня Перамогі прайшоў ўрачысты мітынг на міёрскай плошчы Памяці загінулых барацьбітоў

 Пра пакуты і выпрабаванні, якія прынесла вайна, пра гераізм дзядоў і прадзедаў, што здабывалі Перамогу, пра наш абавязак несці памяць пра іх подзвіг дзецям і ўнукам гаварылі на ўрачыстым мітынгу на плошчы Памяці загінулых барацьбітоў.

 

Днём гонару за пакаленне ваенных гадоў, за іх сілу духу і мужнасць назвала свята Перамогі старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава. Адзначыла, што час не мае ўлады над памяццю. І яшчэ доўга званы на месцы спаленых вёсак і лагераў смерці, імёны на брацкіх магілах будуць нагадваць нам пра дзяцей, у якіх вайна забрала дзяцінства, пра пасівелых ад гора матуль, што атрымалі пахаронкі пра гібель сваіх сыноў, пра горкі бацькоўскі смутак мільёнаў беларусаў, што зведалі нечалавечыя пакуты, але не скарыліся і не былі пераможаны.

 
 – Вялікая Перамога з’яўляецца для нас нацыянальным багаццем, – падкрэсліў ваенны камісар Сяргей Пунтус. – Сёння нельга не звярнуцца да подзвігаў, якія ажыццявіў наш народ у тыя цяжкія гады. Яны забяспечылі нам свабоду і незалежнасць. Мы не зможам забыць пра цану Перамогі.

 
Ад моладзі раёна павіншавала міярчан са святам прадстаўніца Маладзёжнай палаты раённага Савета дэпутатаў Алена Яфімава. Адзначыць з землякамі Дзень Перамогі прыехаў з Мінска пісьменнік Славамір Даргель. Шлях у дзве тысячы дзвесце кіламетраў з Арлоўскага раёна Растоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі адолелі Аляксандр, Вадзім і Мікалай Ізварыны (на фота ўверсе), каб ушанаваць памяць дзеда і прадзеда Мікалая Ізварына, што загінуў у баі 7 ліпеня 1944 года і пахаваны ў брацкай магіле ў Міёрах.

 
 – Я вучыўся ў класе пятым ці шостым, калі тата расказаў, што мой дзядуля Мікалай загінуў і пахаваны ў Міёрах. З таго часу марыў сюды прыехаць, – гаворыць Вадзім Валер’евіч з вільготнымі ад слёз вачыма. – На словах не перадаць тыя эмоцыі, якія мы цяпер адчуваем. Для нашай сям’і 9 мая – святы дзень. Дома кожны год удзельнічаем ва ўрачыстасцях, прысвечаных Дню Перамогі. На шэсце «Бессмяротнага палка» ідзём з партрэтам дзеда Мікалая. Загінуў на вайне і яго брат Сяргей. Ёсць сярод сваякоў тыя, хто знік без вестак. Для нас пачэсна ўдзельнічаць у мітынгу на міёрскай зямлі. Удзячны, што тут таксама берагуць памяць пра воінаў Вялікай Айчыннай вайны.

 
Памяць усіх, хто змагаўся за Перамогу, ушанавалі хвілінай маўчання. Да брацкай магілы і помніка «Чорны цюльпан» усклалі вянкі і кветкі.
Па традыцыі, падчас урачыстасці ўручылі новыя пагоны супрацоўнікам міліцыі. Званні старшага лейтэнанта прысвоены старшаму інспектару-дзяжурнаму аператыўна-дзяжурнай службы Паўлу Аніська і інспектару ДПС Мікалаю Мільяновічу, лейтэнанта – участковаму інспектару Аляксандру Павучонку, малодшага сяржанта – міліцыянеру-канваіру ізалятара часовага ўтрымання Уладзіславу Беразоўскаму.

 
 Пра дзяцей, што пасталелі заўчасна

Дарослыя змахвалі слёзы з вачэй, калі ля скульптуры «Дзеці міру – дзецям вайны» вучаніцы СШ № 3 імя Я. Томкі чыталі верш пра дзвюх сястрычак, што ўцякалі ад ворагаў. Вайна не шкадавала нікога. Бязлітасна ламала людскія лёсы, нягледзячы на ўзрост. Падчас Другой сусветнай вайны загінула 13 мільёнаў дзяцей. Яшчэ больш прайшлі праз страшныя пакуты.

 
 «Немцы прыехалі на матацыклах, сталі бегаць па дамах, зганяць усіх да хлява. Мы, малыя, асабліва нічога не баяліся, а старэйшыя думалі пра тое, што нас расстраляюць. А затым распусцілі ўсіх па дамах. Вечарам мы выходзілі на вуліцу і глядзелі, як гарыць вогненная зара над вёскай Сухавержжа».
 
«Мне было сем гадоў. Нашу сям’ю адправілі ў канцлагер. У горад Саласпілс. Ведаеце, да чаго хацелася есці. За дротам, пакуль не бачылі немцы, колькі дацягвалася рука, мы выкапвалі ўсе карэньчыкі. Елі іх нямытымі. Кожны дзень немцы выстройвалі нас на плац. Мы стаялі гадзінамі, а яны рагаталі. Затым ганялі нас, пакуль не падалі. Хто падаў, таго білі».
 
«Памятаю, як з сястрычкай летам збіралі кветкі высахлай чырвонай канюшыны. Маці дадавала ў іх насенне і мукі, пякла для нас ляпёшкі».
Гэта ўспаміны нашых землякоў, чыё дзяцінства забрала вайна. Іх зачытвалі школьнікі, якія жывуць у мірны час.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта