Авторизация
 

На Міёршчыне пачалася вакцынацыя ад каронавіруса. Што кажуць першыя пацыенты?

 Вакцынацыя супраць каронавіруса на Міёршчыне распачалася ў сярэдзіне лютага. Па інфармацыі галоўнага ўрача РЦГЭ Галіны Федуковіч, першым кампанентам расійскай вакцыны «Спутнік V» і кітайскай SARS-CoV-2 прышчэплены ўсе 240 чалавек, як належала па плане. Сярод іх медыцынскія і сацыяльныя работнікі, пастаяльцы Дзісненскага аддзялення кругласутачнага знаходжання пажылых, пацыенты бальніцы сястрынскага догляду, а таксама 19 чалавек з хранічнымі захворваннямі. Надышла пара масавай імунізацыі. Пацікавімся ў тых, хто зрабіў першую прышчэпку ад каронавіруса ці ўжо абедзве, пра іх самаадчуванне і адносіны да вакцынацыі.

 

На старт, пакуль хвароба не адолела

Старшая медсястра райпаліклінікі Алена Януковіч:
– Штогод раблю прышчэпку ад грыпу, і ад каронавіруса вырашыла засцерагчыся без ваганняў, пакуль хвароба да мяне яшчэ не дабралася. Вакцыну «Спутнік V» перанесла нармальна, пачувала сябе добра, нават пачырванення на месцы ад уколу не ўзнікла. Не скардзіліся і калегі па паліклініцы. На мой погляд, сучаснай навуцы варта давяраць, нічога страшнага ў вакцыне няма. Трэба прышчапляцца не раздумваючы, каб хутчэй выпрацоўваўся калектыўны імунітэт.

 

Старыкі як агуркі, і маладым не пасаваць

Загадчык Дзісненскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Наталля Кураш:
– Першую дозу кітайскай прышчэпкі ад каронавіруса без пабочных эфектаў перанеслі ўсе нашы 15 пастаяльцаў. Самаму малодшаму з іх 73 гады, а старэйшай, усім вядомай нашай Зіновіі Яўстаф’еўне Талічан, – 93. Ніводны не паскардзіўся на здароўе.
З паступленнем чарговай партыі вакцыны надыдзе чарга работнікаў аддзялення. У нашым калектыве некалькі чалавек летам хварэлі на ковід, некаторыя змагаліся з немаччу на бальнічным ложку. Яны дакладна ведаюць, што ад прышчэпкі не будзе горш, таму страху перад вакцынацыяй не адчуваюць. Як кіраўнік я абавязана падаць прыклад. Шчыра прызнацца, ёсць апасенні, як павядзе сябе мой слабы імунітэт з далучэннем іншароднага кампанента. Спадзяюся на меркаванні імунолагаў, што склад вакцыны бяспечны, шкоды не прынясе.

 

Не слухаць пужалак

Вадзіцель РЦГЭ Дзмітрый Федуковіч:
– Ад грыпу прышчапляюся рэгулярна. У складзе брыгады, якая працуе на ачагах інфекцый, штодзень рызыкую захварэць, таму на вакцынацыю ад каронавіруса, а тым больш расійскай вытворчасці, згадзіўся не раздумваючы. Эмацыянальнай напругі не было, хаця чуў водгукі, што ў некаторых на першым часе ўзнікаюць недамаганне, слабасць, у кагосьці выскоквае тэмпература. Нічога падобнага ў мяне не ўзнікла. Два этапы вакцынацыі прайшоў без праблем. Цяпер жартую: ці не плацэба замест вакцыны ўвялі? Затое адчуваю маральнае аблягчэнне: пра здароўе паклапаціўся. Парада ад мяне: не слухаць пужалак, не сумнявацца, проста прышчапіцеся.

 

Перад вачыма пакуты хворых, няма чаго раздумваць

Намеснік галоўнага ўрача ЦРБ па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Анжаліка Сухоўская:
– Станоўча стаўлюся да ўсіх прышчэпак, штогод засцерагаюся ад грыпу. Як урач не па чутках ведаю, як пакутуюць хворыя на каронавірус, якія ўскладненні ўзнікаюць пасля цяжкай формы і наколькі працяглы працэс рэабілітацыі. Таму першапачаткова была гатова вакцыніравацца, а тым больш «Спутнік V», у надзейнасці якой няма падстаў сумнявацца. Пасля ўвядзення першага і другога кампанентаў заставалася абсалютна здаровай, нічога анамальнага не адчула.

 
Гатовы да працэдуры члены маёй сям’і, з нецярпеннем чакаюць чаргі. Заклікаю ўсіх пераймаць прыклад і падаваць яго іншым. Толькі нагадаю, што прышчэпку ад кавіда, як і любую іншую, трэба рабіць, калі няма ніякіх скарг на здароўе і абвастрэння хранічных захворванняў.
 
Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 15 апреля 2021
Георгий, Григорий, Ефим

Именины 14 апреля 2021
Ефим, Иван, Макар, Сергей, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта