Авторизация
 

Настаўніца Міёрскай школы - пра вучняў, любоў да працы і прафесійнае свята

 «Мая работа – маё хобі», – адзначае настаўніца пачатковых класаў СШ № 3 імя Я. Томкі Ірына ЗАНКЕВІЧ (на фота). За любімым заняткам яна правяла больш за 20 гадоў. 

 

– Якім трэба быць настаўніку пачатковых класаў?
– Перш-наперш памятаць сябе малым, – адказвае Ірына ЗАНКЕВІЧ. – Трэба ўмець глядзець на свет вачыма дзіцяці, каб разумець яго ўчынкі.

 
Далей у пераліку прафесійных якасцяў педагог называе строгасць, справядлівасць, дабрыню, пачуццё гумару.

Празвінеў званок з пятага ўрока. Другакласнікі сабралі ранцы і скіраваліся хто дадому, хто на заняткі ў групу падоўжанага дня. У настаўніцы са званком працоўныя справы не скончыліся. Увогуле складана вызначыць, калі завяршаецца рабочы дзень педагога. Пасля ўрокаў чакае праверка сшыткаў, дома ўвечары – планы-канспекты.

 
– Звычайна падрыхтоўка да аднаго ўрока займае гадзіну, – расказвае настаўніца. – Можна і за 15 хвілін справіцца, але тады на занятках не атрымаю вынікаў і аддачы.
Часу, праведзенага дома за падручнікамі і планамі, Ірына Занкевіч не шкадуе. Любіць сваю работу з усімі яе складнікамі. Хіба толькі праверка сшыткаў не натхняе. Між тым у дзяцінстве, калі гуляла ў школу, гэта вельмі падабалася.

 
Быць настаўніцай Ірына Пятроўна жадала са школьных гадоў. Іншыя варыянты не разглядала. Перад вачыма быў прыклад маці – настаўніцы хіміі СШ № 1 Ванды Браніславаўны Хілько. Часта дапамагала ёй афармляць стэнды ў кабінеце, рыхтаваць абсталяванне да ўрокаў. Мелася ў характары дзяўчынкі важная для будучага педагога рыса – цікаўнасць. Любіла спазнаваць новае, імкнулася пашыраць кругагляд. Успамінае, як на канікулах штудзіравала старыя падручнікі па рускай мове, знойдзеныя ў бабулі на гарышчы.
Скончыўшы восьмы клас, Ірына паступіла ў педагагічны каледж у расійскі горад Апочка. У 1993 годзе прыйшла на працу ў СШ № 3. Васямнаццацігадовай маладой настаўніцы даверылі другакласнікаў. Тады разам з жаданнем працаваць яе адольваў страх, што не зможа навучыць дзяцей. Сумненні і перажыванні развеяліся, а імкненне вучыць і выхоўваць мацнела. Пасля Ірына Пятроўна завочна скончыла педагагічны факультэт ВДУ імя П. М. Машэрава.
Прызнаецца, што ў педкаледж паступала, цалкам не ўсведамляючы каштоўнасць настаўніцкай справы. Маючы за плячыма багаты вопыт, упэўнена:

 
– Мая прафесія вельмі важная, а чалавеку неабходна ўсведамляць, што ён заняты патрэбнай справай. Даю дзецям веды, выхоўваю ў іх дысцыплінаванасць і імкненне да парадку, вучу станавіцца дарослымі. Нікога з вучняў не выдзяляю, бо кожны – унікальны. Люблю сваю работу за зносіны з дзецьмі. Яны дораць адчуванне свята. Як не ўсміхнуцца іх непасрэднасці? Так, дзень у школе патрабуе эмацыянальных затрат. Пасля хапае паўгадзіны цішыні, каб аднавіць сілы.

 
У архіве настаўніцы захоўваюцца здымкі ўсіх яе выпускаў. Прызнаецца, што расставанне кожны раз няпростае. Разам з вучнямі адпускае часцінку сваёй душы.
Цяпер у Ірыны Пятроўны 30 цікавых і цікаўных другакласнікаў. Паводзіць сябе з імі строга і справядліва, у зносінах ёсць месца ўсмешкам і дасціпным жартам.

 
Педагагічныя веды і навыкі дапамаглі выхаваць уласных дзяцей. Асабліва спатрэбілася цярплівасць, якой настаўніцы не займаць. Цяпер старэйшы сын Дзмітрый працуе інжынерам-праграмістам у Мінску. Дачка Наталля два гады выкладала англійскую мову ў Міёрскай СШ № 3 імя Я. Томкі, нядаўна ўладкавалася інжынерам-тэсціроўшчыкам у сталічную ІТ-кампанію. Старэйшыя брат і сястра дапамагаюць вывучаць асновы праграмавання і замежную мову малодшаму дзевяцікласніку Данілу, які марыць стаць праграмістам.
Пастаянная загружанасць на працы не перашкаджае Ірыне Пятроўне знаходзіць час для сям’і. Умее распланаваць справы так, каб пабыць разам з блізкімі людзьмі, прыгата- ваць ласункі на вячэру. Вольныя хвіліны праводзіць за кнігамі. У прыярытэце прафесійная літаратура і фантастыка.

 
Сярод яе вучняў таксама ёсць кнігалюбы. На перапынках дастаюць з шафы дзіцячыя энцыклапедыі, каб даведацца штосьці новае.
– Апошнія гады заўважаю, што бацькі сочаць за тым, каб дзеці больш чыталі друкаваныя кнігі і менш часу забаўляліся з гаджатамі, – адзначае педагог.
У прафесійнае свята Ірына Пятроўна штогод атрымлівае віншаванні ад сваіх вучняў і іх бацькоў. Важныя даты яе календара – Новы год і дні нараджэння дзяцей. А яшчэ лічыць святочным кожны дзень, праведзены разам з вучнямі.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Именины 16 апреля 2021
Никита

Госці краін

free counters
Партнеры сайта