Уменні і навыкі, засвоеныя на працягу навучальнага года, выхаванцы Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў звычайна спачатку дэманструюць у мясцовых аўдыторыях, на ўнутры- школьным конкурсе. Ён таксама вызначае тых, хто будзе абараняць гонар навучальнай установы на занальных і абласных спаборніцтвах.
Праўда, сёлета пандэмія ўнесла пэўныя карэктывы ў прывычны працэс: найлепшыя юныя музыкі не выступалі ў Наваполацку, а накіроўвалі журы відэазапісы, зробленыя «ў дамашніх умовах».
Такім чынам у другім туры занальнага конкурсу баяністаў-акардэаністаў паспяхова ўдзельнічаў Максім Мізер з Міёр, ён адзначаны граматай у ліку 12 навучэнцаў катэгорыі А1. Такую ж узнагароду атрымаў сярод толькі двух удзельнікаў катэгорыі В1 Павел Зімнік. Абодва музыкі – выхаванцы настаўніка Вячаслава Адзінца.
У фінальным трэцім туры абласнога конкурсу прадэманстраваў найлепшыя выканальніцкія здольнасці, прафесіяналізм і творчы падыход да выконваемых твораў вучань Ігара Лаўца Уладзіслаў Кунцэвіч. Ён таксама ўзнагароджаны граматай.
У відэафармаце праходзіў і абласны конкурс выканаўцаў на гітары, у ім прымалі ўдзел выхаванцы настаўніцы Таццяны Бялевіч. Лаўрэатам другой ступені стаў ансамбль у складзе Кірыла Дзехцяронка, Віталя Нарэйкі і Аляксандра Дундзера. Да таго ж Кірыл выступаў у якасці саліста. Для журы ў складзе мінскіх спецыялістаў падрыхтавалі музычную п’есу Ігара Кухцінскага «Рассказ Грейс» і «Перуанскі вальс». Майстэрства хлопцаў адзначана дыпломам другой ступені, яны выступяць на рэспубліканскім фінале конкурсу ў Лідзе.
Дарэчы, выканальніцкі ўзровень юных гітарыстаў ужо ацанілі мясцовыя слухачы. Нядаўна ансамбль выступіў на адным з мерапрыемстваў пярвічнай арганізацыі ветэранаў райсельгасхарчу.