Авторизация
 

Працягваецца конкурс мастацкай творчасці на Міёршчыне

 Мы Памяці той верныя. Пад такім дэвізам праходзіць сёлета конкурс мастацкай творчасці, прымеркаваны да 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Шырока раскрылі тэму ўдзельнікі з Перабродскага і Павяцкага СДК, Ідолтаўскага СК, Забалоццеўскай бібліятэкі-клуба і Лявонпальскага сельскага Цэнтра культуры і адпачынку. Сумесную праграму прадставілі 16 лютага на сцэне Павяцкага сельскага Дома культуры.

«Над миром вновь ликует светлый май,
Который раз мы празднуем Победу.
Но то, что совершили наши деды,
Ты помни, никогда не забывай».

Песенныя радкі, што прагучалі ў фінале трэцяга тура раённага конкурсу калектываў мастацкай творчасці і індывідуальных выканаўцаў
«Беларусь – мая песня», можна лічыць лейтматывам творчага спаборніцтва.

 «Время героев,
а что ты оставило нам?»

 З такога пытання пачалі конкурсную праграму вядучыя – настаўніца гісторыі Наталля Самсановіч і загадчыца Забалоццеўскай бібліятэкі-клуба Людміла Белая. У адказ загучалі песенныя і вершаваныя радкі.


«Як хораша тут, на маёй Беларусі, пад зоркамі марыць і жыць», – спяваў пра родны край вакальны гурт Перабродскага СДК. Падтрымлівалі апладысментамі гледачы змешаны вакальны гурт Павяцкага СДК з іх вясёлай «Каляднай песняй». Аўтарскую «Оду Беларусі» выканала пад гітару Ларыса Аляксеева з Лявонпаля. Лёгка выводзіў мелодыю народнага ўкраінскага танца інструментальны гурт Павяцкага СДК пад кіраўніцтвам баяніста Сяргея Матэленка. На балалайцы граў Антоній Блажэвіч, на гітары – Юрый Рачыцкі, а за барабаннай устаноўкай – фотакарэспандэнт нашай рэдакцыі Казімір Блажэвіч, працоўны шлях якога пачынаўся з павяцкай установы культуры. Пра светлае каханне кампазіцыяй «Черёмуха душистая» нагадаў дуэт Наталіі Паўлоўскай і Валянціны Фёдаравай з Пераброддзя.


 Пераважалі ў канцэртнай праграме ваенныя матывы.
«Лишь бы ей живым вернули сына,
Остальное вынесет она», – пяшчотным голасам спявала салістка Павяцкага СДК Марына Драба пра салдацкіх маці. Кампазіцыю «Салдацкі вальс» у суправаджэнні танцораў з Ідолта выконваў павяцкі дуэт Антона Астукевіча і Андрэя Савуця. Вядомы верш К. Сіманава «Жди меня» чытала Раіса Іванова з Пераброддзя. Юны артыст Ідолтаўскага СК Арцём Янушонак заваяваў сімпатыі гледачоў, чытаючы даволі вялікі ўрывак з паэмы «Васіль Цёркін».
Памятаць пра вялікі подзвіг нашых дзядоў нагадвалі перабродскія салісты Цімафей Фёдараў і Анастасія Касцюкевіч.

 «Добрых рук майстэрства»

Так называлася выстава вышыванак Галіны Панізнік з вёскі Паташня. Лебедзі на воднай роўнядзі, сінічкі ля кошыка з вішнямі, букет кветак, асенні пейзаж. Ад прадстаўленых работ веела цеплынёй і ўтульнасцю.
– Вышыўкай захапілася, як на пенсію выйшла, – расказвае Галіна Іосіфаўна. – У мінулым я педагог. Выкладала ў Паташнянскай школе фізіку і матэматыку, была намеснікам дырэктара. Тады для хобі часу не заставалася. Цяпер атрымліваю асалоду ад любімага занятку. Асабліва зімовымі вечарамі.


 Матэрыялам для творчасці забяспечваюць дзеці. У Галіны Іосіфаўны чатыры дарослыя дачкі. Ведаюць, што для маці найлепшы падарунак – схема вышыўкі. Свае работы майстрыца дорыць родным, упрыгожвае імі ўласны дом.
Намаляваныя іголкай і ніткамі карціны аздобілі творчае спаборніцтва ў сельскім Доме культуры.

 УРАЖАННІ ГЛЕДАЧОЎ

Рамуальда БЛАЖЭВІЧ, в. Паташня:
– На канцэртах не часта бываю. Прыехалі разам з мужам. Шкада, што спазніліся і не пабачылі ўсе нумары. Спадабалася, як спявалі вакальныя гурты Перабродскага і Павяцкага СДК. Добра выступалі дуэты і салісты. Цікава было паглядзець і паслухаць.


 Леў КРУК, в. Павяцце:
– У зале Павяцкага СДК я пастаянны глядач. Ведаю ўсіх артыстаў, што выходзяць на сцэну. У вакальным гурце мая жонка спявае. Вельмі спадабалася, як маленькі хлопчык чытаў урывак з «Васіля Цёркіна». Прыгожы голас у Цімафея Фёдарава. Увогуле кожны нумар адметны і запамінальны. Дзякуй выступоўцам за падоранае задавальненне.

 СЛОВА ЖУРЫ

Алеся БАРЫСОЎСКАЯ, харэограф раённага Дома культуры:
– Мая задача – ацэньваць танцавальныя нумары. Іх у праграме было няшмат. Між тым канцэрт прыпаднёс адкрыцці. Асабліва ўразілі салісты Цімафей Фёдараў і Анастасія Касцюкевіч, спадабаўся змешаны вакальны гурт Павяцкага СДК. Трэба адзначыць, дэвіз сёлетняга конкурсу «Мы Памяці той верныя» знайшоў шырокае адлюстраванне ў прадстаўленых нумарах.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта