Тепло, ярко светит звезда народного вокально-хореографического коллектива "Озерницы" из Миор
gazeta 9-01-2020, 13:10 710 Культура2019-ы стаў адметным для вядомага на Міёршчыне і не толькі народнага вакальна-харэаграфічнага калектыву «Азярніцы» УП ЖКГ. Яму споўнілася дзесяць гадоў. Датай нараджэння калектыву лічыцца 27 лістапада. Дзесяць гадоў таму ў гэты дзень работнікі камунальнай гаспадаркі праходзілі кастынг у артысты. З сарака жадаючых адабралі трыццаць.
Спяваюць як прафесіяналы
«І навошта вядомых артыстаў запрашаць?! У нас сёння «Азярніцы» выступалі, цудоўна спяваюць. Не кожная «зорка» так умее», – дзялілася ўражаннямі знаёмая пасля канцэрта ў мясцовым СДК.
У вакальна-харэаграфічнага калектыву УП ЖКГ на Міёршчыне шмат прыхільнікаў. Цёплымі апладысментамі вітаюць артыстаў у сельскіх клубах і на гарадскіх святах. Падпяваюць, пускаюцца ў пляс пад вясёлыя песні.
Канцэртная геаграфія выходзіць далёка за межы раёна. Докшыцы, Глыбокае, Лёзна, Наваполацк, Віцебск, Мінск. Выступалі ў Нацыянальнай бібліятэцы на прафесійным свяце камунальнікаў. У скарбонцы поспехаў разам з узнагародамі за першыя месцы ў раённых аглядах мастацкай творчасці захоўваюцца дыпломы конкурсу «Новыя імёны Беларусі».
У 2012 годзе калектыву прысвоілі званне народнага. Пасля «Азярніцы» двойчы яго пацвярджалі.
Сцэна трымае ў тонусе
У складзе «Азярніц» цяпер крыху больш за 20 чалавек. Спевакі, танцоры, тэатралы, вядучыя. Часцей за ўсіх выходзяць на сцэну салісты Лада Сушко, Ірына Федуковіч, Ала Цурыкава, Сяргей Пачопка, Леанід Кулянок, Ігар Мятла. Спяваюць сольна, дуэтам, трыа і ўсе разам.
Сустрэліся з артыстамі ў студыі гуказапісу раённага Дома культуры. З цяперашнім кіраўніком Ігарам Бунта яны рэпеціравалі кампазіцыі з новай праграмы.
– Упершыню мы выступілі на сцэне 1 сакавіка 2010 года. Гэта быў раённы агляд-конкурс мастацкай творчасці. Таму і юбілейны канцэрт запланавалі на вясну. Рыхтуемся загадзя, – расказвае Лада Сушко.
Заўважае, што за час існавання калектыў стаў дружнай і згуртаванай камандай. Навучыліся спраўляцца з хваляваннем, якое суправаджае кожны канцэрт, і атрымліваць асалоду ад выступленняў.
– Бывае, выходзіш на сцэну і разумееш, што забыўся словы. Толькі музыка зайграе – і ўсё адразу ўспамінаеш, – гаворыць Леанід Кулянок, чый талент артыста раскрыўся ў 45 гадоў. – Асабліва хвалююся, калі выступаем з новай праграмай. Між тым сцэна ўжо неад’емная частка жыцця. Без гэтага было б сумна.
– Музыка і спевы дораць задавальненне, трымаюць у тонусе, – дадае Ірына Федуковіч. – А яшчэ сцэна лечыць. Ва ўсіх сэнсах гэтага слова.
У артыстаў назапасілася шмат пацешных гісторый, што здараліся на канцэртах. Жанчыны смяюцца, прыгадваючы, як у адной з іх падчас выступлення разышоўся замок на спадніцы, як паміж дошкамі сцэны застравалі абцасы. Такія нябачныя гледачу моманты таксама мацуюць сяброўскую атмасферу ў калектыве.
Выступленні на сцэне для артыстаў-камунальнікаў – гэта вясёлыя ноткі, якімі разбаўляюць аднастайны матыў паўсядзённасці, і каларыйная порцыя пазітыву, што надоўга зараджае энергіяй. Без гэтага сябе ўжо не ўяўляюць. Як, напэўна, і гледачы не ўяўляюць святочныя канцэрты без мілагучных і абаяльных «Азярніц».
Творчыя планы ў калектыву простыя: радаваць далей запамінальнымі музычнымі нумарамі і сябе, і сваіх прыхільнікаў.
Чытайце цалкам у № 1 раённай газеты, электронны варыянт тут.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА і з архіва рэдакцыі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.