Через искусство постигают гармонию мира воспитанники Миорской детской школы искусств

 Ярка, таленавіта, запамінальна завяршыў другую чвэрць калектыў дзіцячай школы мастацтваў. На сцэне раённага Дома культуры прайшоў справаздачны канцэрт выхаванцаў і выкладчыкаў. У фае арганізавалі выставу малюнкаў і прыкладной творчасці. Судакрануцца з дзіўным светам музыкі, пагрузіцца ў непаўторную атмасферу мастацтва запрасілі вучняў гарадскіх школ. Раптам хтосьці захоча пераняць натхняльны прыклад.

Па добрай традыцыі распачаў канцэрт узорны аркестр баянаў і акардыёнаў. Заснавальніка і бяззменнага кіраўніка, дырыжора, настаўніка, творцу, музыку, а з нядаўняй пары і дырэктара школы мастацтваў Ігара Лаўца зала сустракала авацыямі. Дзясяткі вучняў разам з выкладчыкамі – згуртаваны творчы калектыў. Па ўзмаху рукі Ігара Уладзіміравіча багацце гукаў музычных інструментаў злілося ў адзінае цэлае. Жывое, выразнае гучанне п’ес, шчырая захопленасць саміх удзельнікаў аркестра заўсёды выклікаюць фурор.


 Аркестр змянілі сольныя нумары, дуэты, трыа. Юныя музыкі дэманстравалі, як навучыліся граць на баяне, акардыёне, скрыпцы, балалайцы, цымбалах, гітары, фартэпіяна, домры. Эмацыянальнай мовай рухаў перадавалі пачуцці ў танцы выхаванцы харэаграфічнага аддзялення. Трэба было бачыць, як стараліся дзеці, як за кулісамі падтрымлівалі педагогі, а ў глядацкай зале – бацькі і настаўнікі. Некаторыя вучні раскрыліся для іх зусім з іншага боку.


 У фінале віртуознай ігрой на музычных інструментах пацвердзілі сваё майстэрства і прафесіяналізм выкладчыкі школы мастацтваў.
Шмат добрых слоў заслугоўваюць удзельнікі канцэрта, але галоўнае, што ўсё не дарэмна. Яшчэ ў былыя часы ведаць ноты і граць на інструменце лічылася прыкметай добрага выхавання. Не меншую патрэбу ў дадатковай адукацыі маюць і цяпер. У школе мастацтваў тры аддзяленні: музычнае, харэаграфічнае і выяўленчае. На любое без кастынгаў прымаюць усіх жадаючых. Вучыцца слухаць і чуць жывую музыку, развіваць творчыя здольнасці нікому не зашкодзіць.


 – Хай не ўсё атрымліваецца адразу і не прадвызначана стаць музыкамі, мастакамі ці харэографамі. Затое ў нас атрымліваюць асновы эстэтычнага выхавання, вучацца самадысцыпліне, правільна размяркоўваць вольны час, – гаварыў дырэктар школы мастацтваў Ігар Лавец. – Мы імкнёмся, каб нашы падапечныя раслі адукаванымі, выхаванымі, чалавечнымі.


Навучацца мастацтву – прэстыжна і класна. Са спадзяваннем, што захапляльны свет творчай установы ўсхвалюе іншых дзяцей, зацікавіць бацькоў, у зале раздалі рэкламныя буклеты.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.