Авторизация
 

Фішка Наўгародскага СДК - хор

 Наўгародскі СДК ад іншых сельскіх устаноў культуры адрознівае адна фішка. Масавая і галасістая. Тут свой хор. Спяваюць у ім і мужчыны, і жанчыны. Адкуль у вёсцы столькі артыстаў? За адказам едзем да мясцовых культработнікаў.

Сельскі Дом культуры ў Наўгародах знайсці проста. Доўгі двухпавярховы будынак у цэнтры вёскі зверне на сябе ўвагу вандроўніка. Узведзены ў 1995 годзе на сродкі мясцовай гаспадаркі, ён умяшчаў на другім паверсе адміністрацыю калгаса «Перамога». Цяпер там бібліятэка і ФАП, а першы паверх па-ранейшаму займаюць клубныя работнікі.


Дырэктар установы Наталля Сівая сустракае нас на ганку і разам з мастацкім кіраўніком Святланай Паперадзень право- дзяць невялікую экскурсію. Вось прадаўгаватае фае, тут ладзяць мерапрыемствы і дыскатэкі. Праўда, танцоры прыходзяць усё радзей і не так масава, як гадоў 15 – 20 таму. Прасторныя глядзельная зала і сцэна. Калісьці тут прымалі агляды мастацкай самадзейнасці. Цяпер памяшканне не выкарыстоўваецца – патрэбны рамонт.


Працягваем размову ў невялікім утульным кабінеце мастацкага кіраўніка, аздобленым фотаздымкамі з мерапрыемстваў, сувенірамі і лялькамі, якія майструюць з дзецьмі на гуртках.


 На стале важкі фотаальбом з шырокімі кардоннымі старонкамі, на якіх здымкі розных гадоў.
 – Альбом гэты завяла былы дырэктар СДК Ганна Беразоўская. Пасля яна працавала мастацкім кіраўніком. Цяпер на адпачынку, але застаецца актыўнай удзельніцай самадзейнасці. Спявае ў хоры, які калісьці сама стварыла. У ліку першых удзельнікаў быў і яе муж Норберт, – расказвае пра калегу Наталля Пятроўна. – Існуе хор з 1980 года. Раней артыстаў больш было, моладзь прыходзіла, сем’ямі выступалі. І цяпер касцяк харавога калектыву складаюць тыя, хто стаяў ля вытокаў.


Хор аб’яднаў людзей розных прафесій. Нават тагачасны старшыня калгаса Казімір Сташулёнак спяваў разам з сяльчанамі. Выходзілі на сцэну мясцовы прадпрымальнік Пётр Вінакураў, бібліятэкар Алена Кандрашова, загадчык майстэрні Вітольд Катовіч з жонкай Эмай, якая працягвае выступаць. Па-ранейшаму спяшаюцца на рэпетыцыі Іосіф і Таіса Няміры, Віктар і Ніна Крукі. Засталася ў хоры Алена Купча, якая калісьці прыехала ў Наўгароды з Малдавіі.


– У нашых артыстаў прыгожыя галасы. Але трэба, каб з хорам спецыяліст займаўся, – заўважае дырэктар СДК. – Дапамагалі нам Дзіяна Маляўка, Святлана Атопкіна. Добры было працаваць з дзяўчатамі. Сёлета чакаем у памочнікі Дар’ю Шук.


– Вяскоўцы адказныя. Рэпетыцыі не прапускаюць, стараюцца. На іх можна спадзявацца, – дадае мастацкі кіраўнік.
Наталля Сівая і Святлана Паперадзень працуюць разам 12 гадоў. Ім лёгка знаходзіць узаемаразуменне, бо абедзве захоплены справай. Нягледзячы на невялікія заробкі, работу ў выхадныя і святочныя дні.


– Бацькі не хацелі, каб я працавала ў сферы культуры. А маё жаданне яшчэ больш разгарэлася, калі да нас у Слабаду прыехалі з канцэртам студэнты інстытута культуры, – успамінае Наталля Пятроўна. – Урэшце тата сказаў: «Табе з гэтай прафесіяй жыць, сама вырашай». Зрабіла свой выбар і не шкадую.


У 1985 годзе Наталля скончыла сталічны інстытут культуры. Па размеркаванні два гады адпрацавала ў Дзісне. Затым выйшла замуж і разам з мужам Іванам пераехалі ў Наўгароды. Дарэчы, Іван Уладзіміравіч таксама пастаянны ўдзельнік хору. Знаёмы са сцэнай іх дзеці. Сын Іван цяпер жыве і працуе ў Мінску, наве- даць бацькоў атрымліваецца не часта. За Наўгародскі СДК выступаюць на аглядах-конкурсах дачка Таццяна з мужам Святаславам. Ім з Міёр блізка. Збіраецца папоўніць творчы калектыў іх пяцігадовая дачушка Маша.


Выхаванне сцэнай прайшлі ўсе трое дзяцей Святланы Паперадзень. Дачка Вікторыя ўжо чацвёрты год выкладае ў школе мастацтваў у Чашніках. Вучыць дзяцей іграць на домры. Сыны Уладзімір і Валерый – студэнты. Іх будучыя прафесіі са сферай культуры не звязаны, але выступіць за свой СДК хлопцы гатовы.


– Прасцей было працаваць, калі ў вёсцы дзейнічалі дзіцячы сад і школа. Цяпер нават на гурткі дзеці не заўсёды могуць прыйсці, бо позна з урокаў прыязджаюць. Чакаем іх у выхадныя, – расказвае Наталля Сівая. – Аднак пашанцавала са старэйшымі сяльчанамі, якія застаюцца з намі столькі гадоў. Удзячны ім за актыўнасць і падтрымку.


І гэта ўзаемна. Якраз зайшлася ў СДК удзельніца хору Ніна Іосіфаўна Крук. Пацікавіліся, чым вабіць яе мясцовая сцэна.
– Люблю спяваць, – адказвае жанчына. – Ды і што вечарамі дома рабіць? Гаспадарка ў нас невялікая, тэлевізар надакучвае. А тут жывыя зносіны з аднавяскоўцамі, добрыя песні, новыя ўражанні. Перад выступленнем, канечне, хвалюемся. Хочацца праспяваць як мага лепш.


Відаць, і ў іншых сельскіх артыстаў такія матывы. Цікава сабрацца разам, развучыць новую кампазіцыю і заспяваць. Як і шмат гадоў таму – дружна хорам.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках

  • да 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 727
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 82 362
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 68 308
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 41 215
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 786
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 246
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 329
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 22 ноября 2019
Александр, Алексей, Антон, Виктор, Дмитрий, Иван, Илья, Иосиф, Константин, Порфирий, Тимофей, Федор, Семен

Именины 21 ноября 2019
Гавриил, Михаил, Павел, Рафаил

Госці краін

free counters
Партнеры сайта