Авторизация
 

Маштабнае свята творчасці «Перабродская зорка»

Больш фота ў нашых групах у сацыяльных сетках ОК і ВК.

 На невялікай вясковай плошчы ў мінулую нядзелю, 21 ліпеня, разгарнулася маштабнае свята народнай творчасці
«Перабродская зорка». Інтэлектуальныя задачкі і вясёлыя забавы, сувеніры ручной работы і дабрачынны аўкцыён, песенны каларыт і танцавальныя майстар-класы, мяккія сканцы і духмяная юшка – святочныя цікавосткі на любы густ. 

Сёлета традыцыйнае свята «Перабродская зорка» праходзіла ў рамках праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці». Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза.

 Афіцыйнае адкрыццё свята апоўдні, між тым першыя госці гулялі па плошчы з паловы адзінаццатай. Да гэтага часу паспелі раскласці вырабы некаторыя майстры, дзяцей чакалі батуты, прынеслі свежую выпечку гаспадыні. Пляцоўка імкліва запаўнялася, свята абяцала быць цікавым.

Пагуляць і дапамагчы

Святочным пралогам можна лічыць гульнёвую праграму «Працавітыя гаспадынькі» ад перабродскіх культработнікаў. У азёрным краі, багатым на рыбу, бульба таксама ў пашане. Другі хлеб стаў конкурсным атрыбутам. Дзве каманды спачатку на хуткасць садзілі бульбу, а пасля капалі. Прызоў усім хапіла.


Дабрачынны аўкцыён ладзіла Аляксандра Краўчанка з Наваполацка. Разам з унучкай яна адпачывае на «Мацейкавай сялібе». Гаспадыня аграсядзібы Галіна Паўлоўская падтрымала ідэю. Прадавалі сувеніры, зробленыя дзецьмі падчас адпачынку, прадаставілі лоты майстры, якія прыехалі на свята. Выручаныя сродкі пойдуць на лекі і спецыяльнае харчаванне для наваполацкага хлопчыка з цяжкім захворваннем.

 «Як сад на пагодзе цвіце Пераброддзе»

Два возеры сініх, рака іх злучае.
Зялёнай падковай іх лес аступае.
Між лесам, вадою, як сад на пагодзе,
Цвіце Пераброддзе, маё Пераброддзе…
Гучаць пад спакойную мелодыю пранікнёныя радкі. Музыку і тэкст напісала ўраджэнка Пераброддзя Людміла Смірнова (Паўлоўская). Аўтара ўжо няма, а песня жыве. Як памяць пра бабулю яе запісала ў мінскай студыі ўнучка Віта. Кампазіцыя стала гімнам маляўнічага азёрнага краю. Сваю згоду на гэта гледачы пацвердзілі апладысментамі.


Сёлета ў Пераброддзя юбілей. Дзесяць гадоў як мае ўласныя герб і сцяг. Адпаведны ўказ Прэзідэнт падпісаў у чэрвені 2009-га. Пра гэта нагадалі вядучыя Антон Астукевіч і Наталля Самсановіч.


Самым прыгожым на Міёршчыне і не толькі назваў перабродскі край намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба. Адзначыў, што мястэчка мае даўнюю гісторыю, багатыя традыцыі і таленавітых людзей.


Адчуць дабрыню, цеплыню і пазітыў свята жадаў гасцям старшыня Перабродскага сельсавета Віктар Дзеравянчык. За дапамогу ў арганізацыі падзякаваў кіраўніцтву Міёрскага райвыканкама, УП ЖКГ, ВУПКУ «Міёрскі», праекту «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці». Да добрых слоў – салодкі торт.
Адраджаць перабродскую гісторыю, развіваць мястэчка паабяцаў дапамагаць кіраўнік праекта Алег Сівагракаў.

 Музыка ўсіх звязала

Ярчэй запаліў «Перабродскую зорку» калектыў УП ЖКГ «Азярніцы». Гучалі народныя матывы і знаёмыя хіты 70 – 80-х. Гледачы не ўседзелі на месцы. Дружна танцавалі перад сцэнай пад шатамі разгалістага каштана.


– «Азярніцы» выступаюць у нас на свяце другі раз. Вяскоўцам спадабаўся калектыў. Таленавітыя, вясёлыя. Рады зноў іх бачыць і чуць, – заўважае старшыня Перабродскага сельсавета Віктар Дзеравянчык. – Чакаем, што госці з Мінска таксама парадуюць і здзівяць.


Калектывы са сталіцы – беларускі народны фальклорны ансамбль «Вербіца» і гурт «Стары Ольса» – спадабаліся і запомніліся. Салісты «Вербіцы» акунулі ў народныя матывы. У глыбіню гісторыі зазірнулі разам з калектывам «Стары Ольса». Артысты гралі мелодыі эпохі сярэднявечча і Рэнесансу, спявалі балады даўно мінулых часоў. Сімпатыю гледача заваявалі манерай выканання, дасціпнымі жартамі, адкрытасцю зносін. Разам з удзельніцай гурта Марыяй Шарый госці свята вучыліся танцаваць старадаўнія народныя танцы. Ахвотнікаў шмат знайшлося. Выводзілі «Ойру», адзін з варыянтаў «Кракавяка», а яшчэ «Друмальдракуль». Апошні танец, па словах артыстаў, з’явіўся ў Румыніі ў 15 стагоддзі і лічыўся абаронай ад вампіраў. Адзін раз патанчыш – і нячыстай сілы больш не трэба баяцца.


– Нібы падарожжа ў мінулае, – дзеліцца ўражаннямі пасля танцавальнага майстар-класа Юлія Жукава з Санкт-Пецярбурга. – Увогуле на свяце вельмі падабаецца. Тут свой каларыт. Родам я з Міёр, летам прыязджаю на малую радзіму. На «Перабродскай зорцы» ўпершыню. Завітала сюды з роднымі і сябрамі. Дачку Вераніку найбольш батуты прывабілі. Шкада, што прыехалі позна і не паспелі паспрабаваць мясцовыя стравы.

 Смачна есці!

На святочнай кухні хутка разыходзілася выпечка. Піражкі з тварагом, яблыкамі і макам, торты прапаноўвала Надзея Рубанік з Зачарэўя.
– Сваю прадукцыю на свяце ўпершыню прадаю, – гаворыць гаспадыня. – Выпечкай з дзяцінства захапляюся. Пяку для родных і сяброў.
На «Перабродскую зорку» ў якасці гледача прыходзіла раней Анастасія Сувалкіна. На гэты раз за прылаўкам. За яе блінцамі з тварагом па 50 капеек выстраілася чарга.


Мясцовую кулінарную фішку – сканцы – разам з унучкай Міланай па 40 капеек прадавала Алена Грыгор’ева.
– Сканцамі стараверы называюць піражкі з дражджавога цеста з розным начыннем. У мяне чатырох відаў: з тварагом, павідлам, варанай згушчонкай, тварагом і разынкамі, – знаёміць з асартыментам. – На цеста шэсць кілаграм мукі пайшло. Апошнюю партыю дастала з печы а палове дзясятай раніцы. Выпякаць можна і ў духоўцы. Ніякіх сакрэтаў няма. Важна адчуваць цеста, каб яно дыхала. І, канечне, гатаваць з любоўю.


Спрабуеш мяккі саладкаваты піражок з тварагом і разумееш: гаспадыня ў справе толк ведае.
Не бывае «Перабродскай зоркі» без юшкі. Штогод яе гатуе Галіна Генадзьеўна Паўлоўская. У святочны дзень устала ў пяць раніцы, развяла касцёр. І вось для гасцей і ўдзельнікаў – духмяная страва ў ёмістасці літраў на 20. Па словах гаспадыні, за свята ўся разыходзіцца. Нават у спякотны сонечны дзень многія жадалі падсілкавацца цёплым рыбным ласункам.


Хто жадаў салодзенькага, падыходзілі да пчаляра з Міёр Аляксандра Крокаса. У яго на стале мёд у вядзерцах і ў сотах, пярга, праполіс. Прадукцыю са свайго пчальніка на свята прывёз першы раз.


 Прапановы ад Праекта

Многіх цікавіла фотасушка «Наш лёс – Пераброддзе». На развешаных па-сучаснаму апрацаваных фотаздымках – сюжэты мінулых гадоў. Мясцовыя жыхары пазнавалі сваякоў, аднавяскоўцаў.


Ладзілі фотасушку прадстаўнікі праекта «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Міёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці».


– Сабраць фотаздымкі дапамагла дырэктар Перабродскага СДК Ларыса Нікіціна. Астатняе – справа тэхнікі, – гаворыць прадстаўнік Праекта Марына Гернат. – Большасць здымкаў з 50 – 60 гадоў мінулага стагоддзя.


Сярод цікавых заняткаў – пазлы. Каб скласці выявы перабродскіх царквы і касцёла, трэба было пастарацца.
Валанцёры праекта – вучаніцы СШ № 3 імя Я. Томкі – распытвалі ў гасцей свята і мясцовых жыхароў, якой бачыцца будучыня Пераброддзя, як прывабіць у вёску моладзь. Адказы пасля прааналізуць і зробяць адпаведныя вывады.


Майстар-класы па вырабе папяровых птушак праводзілі партнёры Праекта – удзельнікі грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Расказвалі пра сваю дзейнасць, дарылі тэматычныя паштоўкі і часопіс «Птушкі і мы».

 На вуліцы майстроў

Упрыгожылі свята вырабы майстроў.  Сувеніры з керамікі прывезла Алена Батарчук з Міёр. У Тэрэзы Корсак з Чапукоў – дэкаратыўныя лялькі-шкатулкі, работы з воўны і ў тэхніцы халоднага фарфору. Размясціліся па-суседстве міярчанкі Надзея Атопкіна і Наталля Даргель. У першай – вышываныя карціны, у другой – маляванкі. Плеценыя з газетных трубачак кошыкі прывезла жыхарка райцэнтра Нэлі Сініца. Для яе гэта дэбют.


Майстры з Браслава Уладзімір і Валянціна Лук’янец – пастаянныя ўдзельнікі святаў на Міёршчыне. Уладзімір пляце з лазы, Валянціна займаецца лапікавым шыццём, ткацтвам.


Мімаволі затрымаўся позірк на камізэльках, аздобленых маленькімі рознакаляровымі кавалачкамі тканіны і ніткамі. Гэта справа рук Алены Казаковай з Наваполацка. Удзельніца гарадскога цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры сама прыдумала такі дэкор для адзення.
Пералік прадстаўленых сувеніраў і практычных рэчаў далёка не поўны. Адной прагулкі па вуліцы майстроў наўрад ці каму хапіла. Тут хацелася праходзіць зноў і зноў, любуючыся на рукатворную прыгажосць.


– Асартымент багаты. Ёсць што купіць, – гаворыць міярчанка Дзіна Пянькоўская. – На «Перабродскай зорцы» трэці раз. Прыехалі ў госці да сваякоў і разам прыйшлі на свята. Сёлета праграма вельмі цікавая, насычаная. Для дзяцей забавы ёсць. Выступленні творчых калектываў спадабаліся.

***
Да чатырох гадзін ззяла «Перабродская зорка». Увесь час на пляцоўцы было шматлюдна. Не зважаючы на спякоту, весяліліся, падпявалі артыстам, танцавалі. Нават калі заціхла музыка, разыходзіцца не спяшаліся.


Свята атрымалася, запомнілася. Парадавала і гасцей, і мясцовых жыхароў. Між тым апошнія любяць сваю вёску і ў будні.
– У нас цудоўная прырода. Прыгожыя азёры, багатыя на грыбы і ягады лясы, – кажуць удзельніцы мастацкай творчасці Перабродскага СДК Наталля Паўлоўская і Валянціна Фёдарава. – Родам мы з іншай мясцовасці, але ўжо не адзін дзясятак гадоў жывём у Пераброддзі. Гэтая маляўнічая вёска стала для нас другой радзімай. І яе ні на што не прамяняем! 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • 2018
  • 2019
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 97 394
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 80 600
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 59 663
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 40 851
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 39 574
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 36 105
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 25 161
  • 2
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 23 августа 2019
Вячеслав, Роман, Афанасий

Именины 22 августа 2019
Алексей, Антон, Григорий, Дмитрий, Иван, Леонтий, Макар, Матвей, Петр, Самуил, Юлиан, Ирина, Маргарита, Мария, Яков

Госці краін

free counters
Партнеры сайта