Баянный оркестр из Миор выступил на фестивале в Дубровно

 Скарбонка ўзнагарод узорнага баяннага аркестра Міёрскай школы мастацтваў папоўнілася дыпломам лаўрэата ІІІ ступені за высокае майстэрства ў конкурсе, які праходзіў у рамках Дубровенскага фестывалю песні і музыкі, і яго фірменным сімвалам – керамічным увасабленнем «Дняпроўскага салаўя».

Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы» ладзілі на Дубровеншчыне ў 26-ы раз. Традыцыйна на яго збіраюцца не толькі беларускія творчыя калектывы. Сёлета ўдзельнічалі прадстаўнікі пяці краін – Расіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы. Кожны год мерапрыемства складае ўнікальную культурную мазаіку. А новыя праекты дазваляюць яму развівацца. Адзін з самых маладых – агляд-конкурс аркестраў народных інструментаў.


– У такім творчым спаборніцтве ўдзельнічалі другі раз, – дзеліцца ўражаннямі дырэктар Міёрскай школы мастацтваў, кіраўнік узорнага баяннага аркестра Ігар Лавец. – Дэбютавалі ў 2017 годзе. Сёлета зноў паімкнуліся выпрабаваць свае магчымасці. Сабралася 16 калектываў. Відовішча яркае, ігралі на розных пляцоўках па ўсім райцэнтры. Кожны аркестр падрыхтаваў па тры нумары: інструментальнае выкананне, вакал і дэкламацыя. Рэпертуар прысвячаўся 75-годдзю вызвалення Беларусі.


  Міёрскі аркестр прадстаўлялі 32 музыкі, у ліку якіх выхаванцы і выкладчыкі школы мастацтваў. Вяла праграму салістка-вакалістка Яўгенія Шук. У яе выкананні прагучала песня «Радзіма». Сыгралі інструментальную п’еску. А фішкай выступлення стала дэкламацыя ў музычным суправаджэнні. Задача перад аркестрам стаяла няпростая. Трэба было граматна падстроіцца пад інтанацыю чытача: своечасова рабіць паўзы, умела дасягнуць кульмінацыі. Аднак справіліся і гарманічна сышліся ў дуэце з Аляксеем Рачыцкім. Ён сам паэт, але па ўмовах конкурсу чытаў твор класіка. Верш Эдуарда Асадава «Даражыце шчасцем» пад «Мелодыю» ў аркестровым выкананні прагучаў надзвычай чулліва, крануў да слёз не толькі аўдыторыю слухачоў. У тым вялікая роля тонкай натуры маладога чалавека, а таксама папярэдніх заняткаў з педагогам Наталляй Варанько. У Аляксея заслужаны асабісты дыплом лаўрэата ІІІ ступені.


Са слоў Ігара Уладзіміравіча, ацэньвала конкурс кампетэнтнае журы ў складзе загадчыкаў кафедраў народных інструментаў полацкага і віцебскага каледжаў. Сярод іх і Ніна Слюсар – былая віцяблянка, выканаўца, педагог, аранжыроўшчык, лаўрэат міжнародных конкурсаў і ўдзельніца шматлікіх фестываляў, а цяпер Віцэ-Прэзідэнт міжнароднай арганізацыі «Творчы альянс акардэаністаў» у ЗША, Фларыдзе. Можна ганарыцца, што майстэрства міёрскіх творцаў высока ацэнена такімі заслужанымі людзьмі.


– Гэта каласальны вопыт, які дапамагае калектыву дынамічна развівацца далей, – гаворыць Ігар Лавец. – Асаблівы стымул адчуваюць нашы выхаванцы. 

ДАРЭЧЫ
Па меркаванні Ігара Лаўца, бяздарных дзяцей не бывае. Трэба толькі намацаць здольнасці і правільна іх развіваць. Гэта ўдаецца педагогу ад Бога, які любіць сваю работу, шчыры, без ноткі фальшы ў адносінах са сваімі падапечнымі.

Фота К. БЛАЖЭВІЧА і з архіва школы мастацтваў. 

Наталія СТАНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.