Творческий тандем Астукевичей в Дисне

 – У гарадскім Цэнтры культуры жыццё яркае і разнастайнае, – упэўнівае яго кіраўнік Аляксей Астукевіч. І пералічвае канцэртныя праграмы, тэатралізаваныя прадстаўленні да традыцыйных народных святаў, творчыя калектывы і верных сцэне мясцовых аматараў мастацкай самадзейнасці.

У Дзісне нямала таленавітых жыхароў. Наглядна гэта прадэманстраваў чэрвеньскі справаздачны канцэрт да Дня абароны дзяцей. Зала ГЦК была запоўнена, на сцэне змянялі адзін другога харэаграфічныя калектывы. “Вясёлка” – з ліку малодшых школьнікаў, “Натхненне” – старэйшыя. Для кожнага нумара мастацкі кіраўнік Наталля Астукевіч сама пашыла касцюмы. Паклапацілася, каб кожнае выступленне стала маленькім яркім спектаклем. Не выпадкова юныя танцоры з Дзісны ўжо выступалі на сцэне РДК і іншых устаноў культуры Міёршчыны, на фестывалях “Жураўлі і журавіны” ў райцэнтры, “Перабродская зорка”, нават ездзілі на “Славянскі базар”.
 Больш разнастайным па тэматыцы і нумарах атрымаўся канцэрт удзельнікаў ваенна-палявых збораў.


У ліку тых, хто рэгулярна выступае на сцэне Цэнтра культуры, Аляксей найперш вылучае мужчынскую вакальную групу “Дзісенчукі” з васьмі чалавек, ад малодшага Жэні Барташэвіча да старэйшага Віктара Баўтота. Меншая па складзе, але такая ж папулярная ў гледачоў змешаная вакальная група “Спатканне”. Салістка Ядвіга Ганебная цяпер жыве ў Полацку, але прыязджае на кожны канцэрт. Ёй на змену падрастае васьмікласніца Паліна Валенцік.


 Сям’я самога Аляксея Астукевіча культработніцкая, артыстычная. Спявае сам, у дуэце з сынам Данілам, у трыа – з бацькам Антонам Баляслававічам, які для гэтага спецыяльна наведваецца з Павяцця. Жонка Наталля Іванаўна паспявае быць харэографам, пастаноўшчыкам нумароў, касцюмерам і спявачкай у складзе калектыву “Спатканне” разам з мужам, Васілём Яленскім, Святланай Доўнер, Валянцінай Швед і вышэйпералічанымі самадзейнымі артыстамі.


Чэрвень для сям’і Астукевічаў асабліва напружаны. Аляксей і Наталля выступаюць вядучымі ўрачыстасці свята горада, клапаціліся пра афармленне калоны, што пройдзе па вуліцы Юбілейнай ад “Віцябчанкі” да парку, пра музычнае суправаджэнне на галоўнай сцэне. Не менш важным пунктам праграмы стане канцэрт “Квітней, горад мой!” непасрэдна ў гарадскім Цэнтры культуры, дзе не толькі гасцей трэба прымаць-прадстаўляць, але і самім сям’ёй выступаць.

Фотаматэрыял К. БЛАЖЭВІЧА.
Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.