Выпускники простились с Миорской школой искусств

Больш здымкаў у фотаальбомах груп ОК і ВК глядзіце па спасылках.

 31 мая ў дзіцячай школе мастацтваў падвялі вынікі мінулага года. Ён выдаўся насычаным на конкурсы, фестывалі, выступленні. Прыемна, што творчая скарбонка выхаванцаў папоўнілася ўзнагародамі. Наперадзе новыя  планы. А выпускны – яшчэ адна нагода пацвердзіць сваё майстэрства. 

 Адкрыў свята творчасці і таленту дзіцячы ўзорны аркестр баянаў і акардэонаў пад кіраўніцтвам Ігара Лаўца. Калектыў – неаднаразовы ўдзельнік і пераможца конкурсаў і фестываляў. Немагчыма ўявіць, лепш на свае вочы пабачыць, як захоплена баяністы выводзяць найскладанейшыя мелодыі, лёгка пераходзячы з адной кампазіцыі на другую.


 Плённую дзейнасць школы мастацтваў і яе выкладчыкаў адлюстроўваюць дасягненні вучняў. Дырэктар Ігар Лавец уручыў выхаванцам стос узнагарод. Дыпломам першай ступені ў абласным конкурсе “ГітАрт” адзначаны гітарыст Кірыл Дзехцяронак, удзячным лістом ад аргкамітэта – настаўнік Таццяна Бялевіч. Дыпломы атрымалі наведвальнікі выяўленчага аддзялення Дар’я Блажэвіч, Ксенія Даргель, Ксенія Міласердава, Ірына Густава і Мілана Арцімовіч – удзельніцы абласной выставы-конкурсу “Навагоднія цуды”. Вольга Баравік і Ілона Грэцкая прывезлі прызы з рэспубліканскага конкурсу “Шчасце жыць у мірнай краіне”. Работы Ксеніі Даргель і Вольгі Баравік прайшлі на рэспубліканскую выставу, прысвечаную Году малой радзімы.


 Талентаў выхаванцаў школы мастацтваў не пералічыць. Яны спяваюць, танцуюць, граюць на музычных інструментах, малююць. Хтосьці займаецца па некалькіх напрамках і ўсюды з поспехам. На іх асноўныя надзеі і спадзяванні. Такія – мэтанакіраваныя і ўпэўненыя ў сваіх сілах – сёлетнія выпускнікі. Ігар Уладзіміравіч пажадаў ім поспехаў і ўдачы, каб гарманічна развіваліся далей, а набытыя веды спатрэбіліся ў жыцці.


Выдатнікі вучобы атрымалі граматы і падзякі ад загадчыкаў фартэпіяна-скрыпічнага, выяўленчага, харэаграфічнага і народных аддзяленняў. Вучні дзіцячай школы мастацтваў і іх педагогі перабіралі струны душы і націскалі на клавішы станоўчых эмоцый, здзіўлялі пластычнасцю і энергічнасцю, бралі высокія ноты творчасці, дорачы гледачам эстэтычнае задавальненне і добры настрой. Сёлета Міёрскую дзіцячую школу мастацтваў скончылі 44 выпускнікі. Хтосьці з іх зробіць музыку, танцы і маляванне сваім хобі, іншы будзе развівацца далей і вучыць цудоўнаму акружаючых.


 – Поспехі нашых дзяцей у многім заслуга педагогаў, – ад імя бацькоў падсумаваў вынікі выступленняў Сяргей Слізень. – Ім разам давялося пераадолець шмат цяжкасцей, каб выйсці на ўзровень, які мы бачым сёння. Магчыма, хтосьці з выпускнікоў пойдзе па шляху сваіх настаўнікаў.


Удзячнасць за адданасць справе, яркасць і энергічнасць, прафесіяналізм і чулыя адносіны да дзяцей выказала калектыву ад імя бацькоў Алеся Каліноўская. Адзначыла, што яны нястомна вялі ў свет музыкі і творчасці, складанае рабілі простым і зразумелым. Пажадала прыемных сюрпрызаў і таленавітых вучняў.


Музычны наказ даў выпускнікам Сяргей Мацвееў: не зварочваць з намечанага шляху, выбіраць правільныя прыярытэты.
Намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак заўважыла, што агульная праца дзяцей, іх педагогаў і бацькоў дала свой плён: перад гледачамі паўсталі прыга- жосць і грацыя, пяшчота і лірычнасць, душэўнасць і энергічнасць. Засталіся ў мінулым сем гадоў вучобы, а наперадзе – шчаслівая і поўная планаў маладосць.


Выпускнікі паказалі традыцыйны капуснік, дзе прадставілі пародыю на сваіх педагогаў, разыгралі сцэнку няўдачы на экзаменах. 

P. S.: Летам школа мастацтваў не зачыняецца на канікулы. Днямі хор пад кіраўніцтвам Зінаіды Пучкоўскай прывёз дыплом з агляду-конкурсу харавых калектываў “Браслаўская харавая асамблея”. 15 чэрвеня ўзорны аркестр баянаў і акардэонаў выступіць на міжнародным фестывалі ў Дуброўне.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Алена ВАРОНІНА.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.