Выступало театрально-хореографическое отделение Миорской ДШИ

Больш фота глядзіце тут ОК

 Заварожваюць зладжаныя рухі і плаўныя пераходы, вабяць усмешкі. З асалодай сочыш за ўзмахамі рук, лёгкасцю паваротаў і разумееш: танец – гэта таямніца. Ці магчыма яе разгадаць?

Бацькі выхаванцаў тэатральна-харэаграфічнага аддзялення Міёрскай дзіцячай школы мастацтваў наўрад ці пытаюцца ў іх: “Чаму вас вучаць?” У гэтым няма неабходнасці. Напрыканцы навучальнага года на свае вочы бачаць поспехі дзяцей.

 ЯК навучыць 10 – 15 – 20 і больш юных танцораў адчуваць музычны рытм, рабіць сінхронныя рухі, запамінаць, што за чым, трымацца ўпэўнена, усміхацца нязмушана? Танец – гэта праца. Доўгая, карпатлівая. Спалучае ў сабе цярплівасць і вынослівасць, старанне і настойлівасць. Але нават калі раскласці па палічках кожны элемент, адпрацаваць кожны рух і злучыць усё ў адно цэлае, вынік гэтай працы застаецца загадкай. Для многіх. Але не для выкладчыкаў тэатральна-харэаграфічнага аддзялення школы мастацтваў. Год за годам са сваімі выхаванцамі яны адточваюць грані танцавальнага майстэрства і дзеляцца поспехамі з удзячным гледачом.


Майскім вечарам спяшаліся ў залу раённага Дома культуры таты і мамы, дзядулі і бабулі. Хваляваліся, бо на сцэне выступяць іх дзеці. Справаздачны канцэрт для артыстаў – нагода паказаць свае ўменні, для гледачоў – парадавацца за юныя таленты і пашырыць кругагляд. Творчую справаздачу сёлета прысвяцілі Году малой радзімы. Дарэчы, адбылося мерапрыемства напярэдадні важнай даты – Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.


 ВЯСЁЛАЙ “Лявоніхай” распачалі праграму вучні шостага класа. У перапынках паміж выступленнямі загадчыца тэатральна-харэаграфічнага аддзялення Аляксандра Катышава расказвала пра адметнасці беларускай харэаграфіі. Напрыклад, танцу “Мітусь” уласцівы дух саперніцтва. Удзельнікі імкнуцца ператанцаваць адзін аднаго, а перамагае дружба. На практыцы гэта паказалі танцоры з трэцяга і чацвёртага класаў. Чэшскі танец “Полька”  аказаўся блізкім беларусам, асабліва любілі яго танчыць жыхары сельскай мясцовасці. Існуе некалькі разнавіднасцей полькі. Напрыклад, падскочная, рассыпуха. Пяцікласнікі станцавалі “Польку з прысюдамі”. Нямала беларускіх танцаў, у аснову якіх пакладзены сюжэт з літаратуры ці міфалогіі. Героем выбіраюць смелага, знаходлівага, вясёлага. Такога, як Несцерка. З аднайменным танцам дэбютавалі першакласнікі. А вучні другога класа расказалі ў танцы, як “жили у бабуси два весёлых гуся”.


 Выхаванцы тэатральна-харэаграфічнага аддзялення асвойваюць і музычныя інструменты. Навыкі ігры на клавішных паказалі Валерыя Бунта, Мілана Цітовіч, Аксана Тарапіна, Сафія Ерафеева, Надзея Лобачава, Аляксандра Глебка. Музычную кампазіцыю на цымбалах выканаў Раман Чарняўскі. Струны гітары перабіралі Аляксандр Шамёнак, Кірыл Цярэшка, Артур Курдутаў і Арцём Карандзей.


ПАСЛЯ музычнай паўзы запоўнілі сцэну ўдзельнікі калектыву “Дзьмухаўцы”, якім кіруе Наталля Варанько. Падрыхтавалі тэатралізавана-музычную пастаноўку, куды ўплялі шмат яркіх і запамінальных танцаў. Сярэдняя група вадзіла “Карагод”, старэйшая кружыла “Барыню”, а малодшая скакала “Чунга-Чангу”. Пасля былі танец матылькоў, “Вожыкі” і іншыя харэаграфічныя нумары.


 Гэты год для “Дзьмухаўцоў” адметны першым выпускам. Пакідаюць танцавальны калектыў Карына Найдзёнак, Кацярына Іванова, Юлія Цыцына, Маргарыта Баранава, Аляксандра Панізнік, Арына Кліменцьева, Вікторыя Осіпава, Віялета Ролік, Вікторыя Конах, Ганна Панізнік, Валерыя Варанько, Анастасія Грэцкая, Паліна Шыманская.


Словы ўдзячнасці педагогу Наталлі Варанько адрасавалі бацькі выхаванцаў. За тое, што паверыла і раскрыла талент кожнай дзяўчынкі, навучыла майстэрству танца і выхавала эстэтычны густ.


Гаворачы пра сваіх выпускніц, Наталля Генадзьеўна не стрымлівала слёз:
– Гэта самыя стойкія, старанныя і цярплівыя дзяўчаты. Разам мы прайшлі вялікі шлях. Не ўсё атрымлівалася, спраўляліся з няўдачамі. Шкада развітвацца, бо да дзяцей прыкіпаеш душой.


На памяць дзяўчатам падарылі фотакалажы са здымкамі з выступленняў, уручылі ўдзячнасці ад кіраўніцтва раённага Дома культуры за актыўны ўдзел у канцэртах і святочных мерапрыемствах.


НА развітанне “Дзьмухаўцы” падарылі яшчэ адзін танец пад жыццесцвярджальную песню “Солнечный круг” у выкананні Вікторыі Савейкі.

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА. 

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.