Відэа глядзець тут
Фота па спасылцы
Калі на адной сцэне спяваюць педагогі, камунальнікі, медыкі, гэта значыць, агляд мастацкай творчасці на фінішнай прамой. Выступленні калектываў устаноў і прадпрыемстваў горада 5 мая ў раённым Доме культуры паставілі ў сёлетнім спаборніцтве вакалу, харэаграфіі і тэатралізацыі тры вялікія клічнікі.
Палёт над паўсядзённасцю
“Узмахну я, як ластаўка, крыламі, пагляджу на зямлю з вышыні”, – чыталі вершаваныя радкі вядучыя праграмы аддзела па адукацыі Уладзіслаў Кашкур і Наталля Будзько. Запрашалі, як птушка ў неба, узняцца над паўсядзённасцю.
Будні педагогаў – кругазварот заняткаў, тлумачэнняў, работ над памылкамі. Яны штодня крыху артысты. Толькі ў рэпертуары правілы, формулы, табліцы. Іх выхаванцы не заўсёды бываюць удзячнымі гледачамі. У зале РДК выхавацелі і настаўнікі аказаліся пад увагай шчодрай на эмоцыі публікі.
Распачалі выступленне тэатралізацыяй. Абыгралі ўрывак з п’есы Каруся Каганца “Самотны шляхцюк”. У цэнтры пастаноўкі – вясковая дзяўчына Гануля, да якой сватаецца Францішак. Выхадзец з вёскі падаўся ў горад, апранаецца па сучаснай модзе, забыўся родную гаворку і народныя традыцыі. Лічыць сябе зайздросным жаніхом, а за знешнім лоскам – пустая галава. Таму цікавяцца ім толькі сабакі, каб ухапіць за модныя штаны.
Уплеценыя ў гісторыю гумар і сум, весялосць і сур’ёзнасць прадоўжыліся ў наступных нумарах. Усмешкамі і зладжанымі рухамі вабіў харэаграфічны калектыў. Вясёлымі байкамі пра лячэнне ў бабкі-шаптухі, знаходлівага п’яніцу ля царскіх варот і сучасную жанчыну, якая гатуе вячэру па мабільным тэлефоне, павесяліла Валянціна Любакова. Сольныя нумары Святланы Бакевіч, Леаніда Мятлы, Алены Гоч змянялі настрой на лірычны.
На развітанне жаночы вакальны гурт нагадаў:
“Мы – единое целое,
И все, кто верит и верует,
Пройдут сквозь грозы и молнии
Легко и незримо”.
“Мы желаем вам – пусть будет праздник”, – спявалі ў фінале артысты УП ЖКГ. А перад гэтым самі падарылі свята. Свята звонкіх галасоў, нязмушаных усмешак, добрай музыкі.
Як заўважылі вядучыя Аляксандр Шокель і Кацярына Сярко, народ без песні нямее. У сваёй праграме выступоўцы зрабілі стаўку на песні і не прагадалі. Вясёлыя і лірычныя, народныя і сучасныя, пра светлыя пачуцці, радасць душы, цяпло роднага дома – кампазіцыі на любы густ дарылі гледачам. Спяваў калектыў “Азярніцы”. З сольнымі нумарамі выходзілі на сцэну Ала Цурыкава, Лада Сушко, Ігар Мятла. “Ты мне не снишься”, “Кто тебе сказал”, “Всё, что в жизни есть у меня” – вядомыя хіты 70-х напявала зала разам з мужчынскім трыа ў складзе Ігара Мятлы, Леаніда Кулянка і Сяргея Пачопкі. Яркіх колераў дадаў праграме харэаграфічны нумар.
Вясёлыя песні нібы рукой здымаюць сум. А яшчэ, як казаў мульцяшны герой, ніхто не можа сумаваць, калі ў яго ёсць паветраны шарык. На развітанне ў залу паляцелі чырвоныя і белыя прыкметы добрага настрою.
Медыкі назвалі сваю праграму “Старые песни о главном” і вярнулі ў пачатак 90-х гадоў. Калі не было дыскаў і флэшак, а музыку слухалі на магнітафонных касетах. Пра што спявалі ў той час? Як і заўсёды – пра каханне. Першае, узаемнае, сапраўднае, безнадзейнае, светлае.
Хітом Наташы Каралёвай “Синие лебеди” распачала марафон музычнай настальгіі Наталля Рудзь. “Он уехал прочь на ночной электричке”, – паўтарала зала за Аленай Зімнік песню Алены Апінай, радкі якой калісьці дружна напявалі на школьных перапынках старшакласніцы. З трох нот пазнае аматар папулярнай музыкі 90-х хіт “На белом покрывале января”, які пад гучныя апладысменты выконваў Уладзіслаў Сіманіс. З беларускамоўнай кампазіцыяй “Агонь у ночы запалі” выступіла Ганна Блажэвіч. Дабавіў пазітыўнага настрою танец у стылі дыска. На лірычны лад настройвала літаратурна-музычная кампазіцыя “Гісторыя адной душы”. Пра чалавечую душу, якую гаспадар з-за яе дабрыні і чуласці, каб пазбавіцца ад перажыванняў і пакут, прагнаў у асеннюю непагадзь, і яна памірае пад лаўкай у парку. Сцішана і заварожана слухалі гледачы чытальнікаў Наталлю і Кацярыну Кавалеўскіх. У кагосьці на вачах выступалі слёзы.
“Замыкая круг,
ты назад посмотришь вдруг,
Там увидишь в окнах свет,
сияющий нам вслед.
Пусть идут дожди,
прошлых бед от них не жди,
Камни пройденных дорог сумел пробить росток”, – развіталіся артысты цэнтральнай раённай бальніцы песняй, якую калісьці разам спявалі вядомыя рок- і поп-выканаўцы.
Каментарый старшыні журы раённага агляду мастацкай творчасці Аляксея Гайдзеля:
– Агляд мастацкай творчасці завяршыўся, час падводзіць вынікі. Журы вызначыць лепшых салістаў, дуэты, трыа, вакальныя гурты, харэаграфічныя калектывы і так далей. Нагадаю, што для сельскіх клубаў і Дамоў культуры сёлетні агляд-конкурс праходзіў у новым фармаце. Некалькі ўстаноў рыхтавалі агульную праграму. Такой формай супрацоўніцтва засталіся задаволены і выступоўцы, і журы. Для гарадскіх прадпрыемстваў і ўстаноў фармат не змянялі: каманды выступалі асобна. Журы складана здзівіць. Як правіла, салісты, вакальныя і харэаграфічныя калектывы – пастаянныя. Аднак радуе, што кожны год прадстаўляюць новыя нумары, працуюць над сабой, спрабуюць розныя вобразы, удасканальваюць майстэрства.
Фота і відэа Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.