Хорошие истории — в книгах писательницы-сказочницы из Милашово Елены Масло

 Маленькi дыназаўрык Лахнэска ўцякла з роднага возера, дзе ўсе яе дражнiлi за нестандартную знешнасць. Затое ў сажалцы яна сустрэла апалонiка Апалона, таксама незадаволенага сваім выглядам. 

Няважныя мадэльныя стандарты! Галоўнае — душа. Фэлікам клічуць героя іншай кнігі. Ён супраць замкнутага жыцця ў сутарэннях, выбірае падарожнічаць: схадзіў у рэстаран, на модную вечарыну, пакатаўся на джыпе… А дадому вярнуўся
з нявестай Ларыскай.


Арыгінальныя персанажы, неверагодныя сюжэты, павучальны змест, добрыя гісторыі — у кнігах пісьменніцы-казачніцы з Мілашова Алены МАСЛА. Пазнаёмімся бліжэй з цікавай асобай, шлях і адмысловы талент якой пачынаўся з міёрскай “раёнкі”.

Алена Масла даўно мінчанка. У сталіцы засталася адразу пасля паступлення на журфак БДУ. Але разумныя людзі заўсёды клапоцяцца пра малую радзіму і не парываюць сувязей з ёй. Так і казачніца ўпэўнена, што Мілашова — самы слаўны куток на зямлі, да таго ж славуты гістарычна. Тут і незвычайны касцёл — адзіны ў стылі мадэрн у Беларусі, і сядзіба шляхецкага роду Мілашаў.


Менавіта Алена Масла ў 2011 годзе распачала праект “Мілашоўска-Мілашаўскіх чытанняў” падчас 100-гадовага юбілею Нобелеўскага лаўрэата, паэта і перакладчыка Чэслава Мілаша — блізкага сваяка гаспадароў мясцовага фальварка. Праект прадугледжвае адметныя літаратурныя і гістарычныя мерапрыемствы, якія займелі прапіску не толькі на Міёршчыне, але ў Віцебску, Мінску, Літве. Хутка яны пройдуць у Мінскай Пушкінскай бібліятэцы сумесна з пасольствам Францыі ў памяць светлага імя французскага паэта-містыка Оскара Мілаша.


Дарэчы, у праграме тых жа чытанняў у Мілашове з’явілася мастацкая галерэя з дзіўнай назвай “Пуня”. Пра падзею расказвалі бадай што ўсе газеты. Алена Масла ўводзіць у курс справы:
— Мая дачка Крысціна, студэнтка акадэміі мастацтваў, прыехала з сяброўкай у Мілашова на пленэр. Развешалі карціны ў старым свірне. Майму тату ідэя спадабалася. Ён адрамантаваў свіран — так узнікла “Пуня”.


Наогул, у Алены Масла з Міёршчынай звязаны самыя прыемныя ўспаміны. З супрацоўніцтва з раённай газетай пачалася яе творчая біяграфія:

— Мне было гадоў 10… Спадары Аляксей Кавалевіч і Леанід Матэленак заўважылі мяне, ахвотна друкавалі допісы. Першую практыку падчас вучобы на журфаку праходзіла ў “раёнцы”. Памятаю добразычлівую, спакойную атмасферу, якая там панавала. Літаратурная старонка, краязнаўчая тэматыка і тады былі ў нашай газеце на вышыні. Я цікавілася гэтым. А людзі, якія аддана рабілі сваю справу, выклікалі захапленне. Людвіг Касаты, Тамара Гугала, Эліза і Казімір Блажэвічы, Эвеліна Багдановіч. А яшчэ ў тую пару пры газеце дзейнічаў цэх, дзе лінатыпісткі ўручную (!) набіралі газетныя тэксты. Па літарках. Калі знаходзіліся памылкі, тэкст разбіралі. Вось хто выклікаў у мяне нязменнае захапленне. Гэта ж такія пчолкі!


Алена Масла ў Мінску чалавек папулярны. Яе запрашаюць на творчыя вечарыны, канферэнцыі, “круглыя сталы”, акцыі, у журы па прысуджэнні літаратурных прэмій. Спіс ушанаванняў доўгі. У ліку асноўных: удзельніца канферэнцыі славістаў у Швецыі, шведскай цырымоніі ўзнагароджання прэміяй Астрыд Ліндгрэн, “круглых сталоў” па праблемах дзіцячай літаратуры і кнігавыдання на Міжнародных кніжных кірмашах у Мінску, Львове, Вільнюсе, сябра журы літаратурных прэмій імя Янкі Маўра, імя Цёткі.


Асобная старонка біяграфіі пісьменніцы —  яе кнігі, якія выйшлі ў прэстыжных беларускіх выдавецтвах “Мастацкая літаратура”, “Літаратура і мастацтва”, “Выдавецкі дом “Звязда”, “Адукацыя і выхаванне”. Першай скарыла чытачоў у 2005 годзе казачная аповесць “Каляды з хроснай”. Многія ведаюць Алену Масла па зборы аўтарскіх казак “Таямніца закінутай хаты”, уключаных у праграму пазашкольнага чытання для пяцікласнікаў.


Гэтыя дзве кнігі па выніках конкурсу водгукаў “Лепшая беларуская кніга” атрымалі Пасведчанне чытацкіх сімпатый Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі і Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска.


Наступны апагей творчасці — казачная аповесць “Вандроўка з божымі кароўкамі”, уключаная ў школьную праграму для трэцякласнікаў. Літаратурная прэмія “Залаты Купідон” прысвоена зборніку казак “Першая прыгажуня”. Таксама ў арсенале зямлячкі фантастычныя гісторыі “Як пані Чаротная на госці ў Палангу бегала”, казкі “Пацучок Фэлік падарожнічае” і “Мяне завуць Лахнэска”.


леташняй восенню Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” па казцы зямлячкі выпусціла анімацыйны мульцік “Лагодны воўк”. Смешны, пацешны, вучыць дабру, дапамозе слабым. Аказваецца, і ваўкі лагоднымі бываюць. Разам з тым і галоднымі, бо ласавацца жывымі істотамі сабе не дазваляюць. Такога героя забіраюць да сябе людзі абараняць свой статак ад іншых шэрых братоў.


Рэжысёр — Наталля Дарвіна. Яна прыхільніца творчасці Алены Масла і плануе стварыць мультфільмы па іншых яе казках, у тым ліку і пра Лахнэскую пачвару. Да слова, “Лагодны воўк” стаў лепшай анімацыяй на леташнім кінафестывалі “Лістапад”.


 Літаратурнаму прызнанню казачніцы папярэднічала грунтоўная праца. Спачатку сярэдняя школа з залатым медалём:
— За прагу да ведаў, будзённасць, напоўненую вучнёўскім шчасцем, шчыра дзякую настаўнікам Мілашоўскай школы і СШ №2, — раскрывае пачуцці зямлячка.


1989 год. Факультэт журналістыкі БДУ, які падарыў пісьменніцы адчуванне свабоды:
— Я нават не ўяўляла да паступлення ў ВНУ, што вучоба можа складацца толькі з прыемнасцяў! Гуманітарыі мяне зразумеюць: на журфаку не штудзіравалі алгебру, геаметрыю, фізіку ды іншыя прадметы, на якія ў школе столькі часу сыходзіла! Выкладалі сапраўдныя мэтры. Проста трэба было не ленавацца браць тое, што яны шчодра прапаноўвалі нам. Пры садзеянні выкладчыкаў мы наведвалі закрытыя прагляды ў Доме кіно, спектаклі, дзе напрыканцы сустракаліся з рэжысёрамі і акцёрамі.


На журфаку не падрэзалі крылаў, навучылі разважаць, аналізаваць і выказваць думкі. Гэта вельмі дапамагло творчасці. Пачалася сталая праца ў газеце “Піянер Беларусі” (“Раніца”), часопісах “Туризм и отдых”, “Качели”. Алена Масла была галоўным рэдактарам газеты “Переходный возраст” і часопіса “Бярозка”, загадвала рэдакцыяй дзіцячай літаратуры ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”.


Як сталася, што журналістка занялася казкамі? Адразу дзве кнігі ў яе выйшлі пасля падарожжа па Швецыі. Натхнёная прыкладам Астрыд Ліндгрэн, якая ў 37 гадоў пачала друкавацца, Алена Масла адважылася аднесці свае творы ў выдавецтва. Там прынялі і выпусцілі ў свет. Больш за тое, у камп’ютарнай базе гэтыя кнігі перамаглі па колькасці запытаў і адзначаны лепшымі ў чытацкім рэйтынгу.


Аналізуючы літаратурныя пытанні, зямлячка ўпэўнена: казкі і фэнтэзі — жанры запатрабаваныя. Пра гэта сведчыць шматгадовая практыка ў выдавецтве. А рэалістычнай прозы для дзяцей не хапае. Алена Масла запаўняе гэты прабел, піша аповесці і апавяданні пра рэчаіснасць. Некаторыя з іх ужо пабачылі свет у рэспубліканскай літпрэсе.


Колькі ж захапленняў у пісьменніцы! І да аўтамабіляў няроўна дыхае, і шкляныя бутэлькі распісвае, кветкі разводзіць, вандруе. Нават народных лялек вырабляе па аўтэнтычных традыцыях. Калі рукі занятыя — думкі толькі добрыя ў галаву імкнуцца, расстаўляе акцэнты пісьменніца.


Тут як нельга лепш пацвярджае сябе прыказка: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. А працавітасць яшчэ адна слаўная рыса мілашоўскай панны. У галаве круціцца цікавая паралель: а магчыма, Чэслаў Мілаш даўно выбраў сабе пераемніцу і зямлячка таксама хутка стане Нобелеўскім лаўрэатам у намінацыі “Дзіцячая літаратура”. Было б крута! 

Фота з архіва Алены МАСЛА.

Алена БАСІКІРСКАЯ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.