Авторизация
 

“Трымайце ваша нараджонае, а наша хрышчонае”

 Пярловая каша з мёдам ад кумы, гульня з расціраннем саломы, бабка-павітуха ў тачцы — складнікі абраду “Хрэсьбіны”. Урачыстае і вясёлае сямейна-радавое свята Хрэсьбіны ў розных рэгіёнах мае свае асаблівасці. На якія народныя традыцыі арыентаваліся ў вёсцы Чэрасы і навакольных населеных пунктах, расказвае дырэктар Чэраскага СДК Сняжана АКСЁНАВА.

— Самая важная частка абраду — зборы ў царкву, — заўважае Сняжана Мікалаеўна. — Перад паездкай дзіця абавязкова мылі. Дзяўчынцы ў ваду дабаўлялі малако, каб расла прыгожай. Хлопчыку пад ванначку клалі мужчынскія прадметы. Апраналі малое ў белае адзенне, пра якое загадзя клапацілася маці. Перш чым выправіцца ў дарогу, хросны бацька з іконай і хросная маці са свечкай тройчы абходзілі вакол немаўля. Побач з дзіцём клалі хлеб, каб у дастатку жыло.


ІСНАВАЛА павер’е, што хросныя перадаюць хросніку частку свайго лёсу. Таму запрашалі быць імі людзей вясёлых, жыццярадасных, абавязкова сямейных, у якіх ёсць уласныя дзеці.


У царкву ехалі толькі хросныя з дзіцём. Бацькі наказвалі ім, як назваць малое. Аднак святар мог даць іншае імя, згодна з днём ушанавання святых.


— Трымайце ваша нараджонае, а наша хрышчонае, — казалі кум і кума, вярнуўшыся з царквы.
— Як назвалі? Так, як мы казалі, ці па патронцы, — цікавіліся бацька з маці.


ДОМА ўжо чакалі госці. Абавязкова запрашалі на хрэсьбіны бабку-павітуху. Яна прыходзілі з блінамі, якімі пасля частаваліся.
— Блін сімвалізуе сонца, радасць, цяпло. Гэтая страва патрэбна на стале, каб у дзіцяці жыццё шчасліва складвалася, — гаворыць Сняжана Аксёнава. — Дзеля дастатку хросніка ці хросніцы кума варыла пярловую кашу з мёдам. Госці яе выкупалі. Гаспадару ў кашу падсыпалі шмат солі і перцу, каб адчуў, як несалодка жонцы нараджаць.


Каб праверыць, колькі дзяцей чакаць у сям’і, кум браў гаршчок з кашай, заварочваў у тканіну і разбіваў. Колькі аскепкаў — столькі яшчэ сыноў і дачок. Ёсць і іншая прыкмета, звязаная з гэтым дзеяннем. Чым больш рэштак і чым яны драбней, тым шчаслівей будзе дзіця.
ГОСЦІ, вядома, прыходзілі не з пустымі рукамі. Пачастункі прыносілі, падарункі дарылі. Некаторыя рэчы мелі сімвалічнае значэнне. Напрыклад, яйка — каб дзіця, як дарослым стане, сваіх сыноў ці дачок нарадзіла; гадзіннік — каб уставала раней. Адорвалі адзін аднаго кум з кумой. Прычым падораныя імі рэчы павінны былі быць блізка да цела. Таму звычайна выбіралі адзенне ці тканіну.


— Ніводнае сямейнае свята не абыходзілася без песень і гульняў, — падкрэслівае Сняжана Мікалаеўна. — На хрэсьбінах спявалі куму і куме, бабцы-павітусе, гаспадарам. Гульні мелі на мэце зблізіць паміж сабой гасцей. Адна з забаў — церці салому. Насыпалі яе на засцеленую падлогу і накрывалі тканінай. Куму з кумой трэба на ёй пакачацца. Добра салому сатруць — жыццё ў хросніка гладкім будзе.


ФІНАЛЬНАЕ дзеянне абраду — бабку ў тачцы па вёсцы павазіць. У дарогу павітусе і хросным гаспадыня давала булачкі-кумавікі. Імі частавалі сяльчан, да якіх заязджалі. А накіроўваўся “экіпаж” у тыя двары, дзе яшчэ дзетак няма. Візіт бабкі-павітухі прарочыў хуткія хрэсьбіны і ў гэтых дамах. 

ЦІКАВА ВЕДАЦЬ
* Па народных уяўленнях дзіця трэба пахрысціць як мага раней — да саракавога дня.


* Як сведчаць этнаграфічныя запісы з розных раёнаў Беларусі, да хрышчэння маці не мела права паказваць немаўля іншым людзям, выносіць яго на вуліцу, класці ў калыску і нават карміць грудзямі.


* Калі дзіця нараджалася слабым, хворым, яго адразу магла пахрысціць бабка-павітуха. У гэты дзень трэба было раздаць сорак крыжыкаў, сорак міласцін і даць малому “моцнае” імя. Напрыклад, Іван, Пётр, Павел, Мікалай, Андрэй, Ганна, Марыя. Тады дзіця выжыве.

Фота для ілюстрацыі.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 7 мая 2021
Алексей, Валентин, Иннокентий, Иосиф, Леонтий, Николай, Сергей, Елизавета

Именины 6 мая 2021
Анатолий, Валерий, Георгий, Иван, Александра, Валерия, Афанасий

Госці краін

free counters
Партнеры сайта