Пятилетие со дня рождения коллектива "Дисенчуки"

 Мужчынскі вакальны калектыў “Дзісенчукі” існуе з 2014 года, але сапраўдны поспех пачаў ім спадарожнічаць з 2016-га. З гэтага часу займаюць першыя месцы на раённых аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці. 

У РЭПЕРТУАРЫ ў асноўным беларускія народныя песні і хіты сучасных айчынных кампазітараў. Арганічна з імі суіснуе гумарыстычная тэатралізацыя.


“Дзісенчукоў” у складзе кіраўніка калектыву дырэктара Дзісенскага гарадскога Цэнтра культуры Аляксея Астукевіча, супрацоўніка МНС Васіля Яленскага, работніка лясгаса Аляксандра Шведа, настаўніка працоўнага навучання Туркоўскай школы Віктара Баўтота, маладога спецыяліста беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы Ігара Гіргеля, вадзіцеля ЛВДС “Дзісна” Пятра Ганебнага, Івана Кабяка (працуе ў службе аховы ЛВДС “Дзісна”) і студэнта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Яўгена Барташэвіча добра ведаюць на сцэнах Міёршчыны. Напрыклад, у мінулым годзе выступалі на свяце вёскі ў Паташні. У “паслужным спісе” выязных канцэртаў назбіралася шмат. Ладзяць вечары ў Цэнтры культуры. Збіраюць аншлагі.


У 2017-ым абаранялі гонар Міёршчыны на Славянскім базары ў Віцебску. У праграме Дзісенскага ГЦК выканалі дзве песні. Мяркуючы па апладысментах, гледачам спадабалася. Як і заўсёды, запомнілася мясцовым жыхарам навагодняя праграма з удзелам “Дзісенчукоў”. Дарэчы, пасля гэтага калектыў сабраўся на святочны агеньчык. Многія прыйшлі з сем’ямі. На тое і добрая традыцыя адзначаць усе святы разам. 

ЗА КУЛІСАМІ:
Мала проста выканаць песню, на рэпетыцыях тры разы на тыдзень “Дзісенчукі” адпрацоўваюць рухі. З імі займаецца харэограф — жонка кіраўніка вакальнага калектыву Наталля Астукевіч.

У ПЛАНАХ:
У снежні 2019 года на пяцігоддзе з дня нараджэння калектыву “Дзісенчукі” плануюць арганізаваць у гарадскім Цэнтры культуры творчы вечар. Хутка пачнуцца рэпетыцыі. На стадыі распрацоўкі ўласны лагатып групы. І, напэўна, неўзабаве брэндавы касцюм артыстаў (ажурныя кашуля і каптан) дапоўняць белыя штаны.

Ігар МАТЭЛЕНАК.

Фота з архіва рэдакцыі. 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.