У Міёрскім гісторыка-этнаграфічным музеі 8 лістапада прайшло адкрыццё выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці мінскага аб’яднання “Прырода і фантазія”. Першыя наведвальнікі — клуб “Бажэна”.
У ліку прадстаўленых на выставе работ — фігуркі і біжутэрыя з прыродных матэрыялаў беларускай савецкай актрысы тэатра і кіно Стэфаніі Станюты.
Батык, стужкавы дызайн, алмазная вышыўка. Творчасць у гэтых і іншых тэхніках займае выставачную залу. Насычаныя колеры, цікавыя формы, разнастайныя сюжэты. У Міёрах сталічныя творцы-аматары прадстаўляюць свае работы ў другі раз. Першая выстава адбылася яшчэ ў 2013 годзе.
З гісторыяй і напрамкамі дзейнасці “Прыроды і фантазіі” бліжэй пазнаёміла супрацоўнік музея Таццяна Барысава. Сёлета клуб адзначае пяцідзесяцігоддзе. У яго радах шэсць дзясяткаў удзельнікаў ва ўзросце ад пятнаццаці да дзевяноста пяці год.
Ганаровы член клуба — савецкая беларуская актрыса тэатра і кіно, народная артыстка СССР Стэфанія Станюта. З 1970 года наведвала аб’яднанне. Яе калекцыя біжутэрыі з прыродных матэрыялаў і фігуркі з каранёў — каштоўныя экспанаты выставы.
Аранжыроўкай кветак займаецца дзевяностапяцігадовая Кацярына Фёдараўна Новікава. Цікавыя работы стварае з прыроднага матэрыялу — кары, сухіх пялёсткаў кветак, імху, бяросты і інш. Захапленню прысвяціла шмат год, напісала дапаможнікі і кнігі па гэтай тэме. Два з паловай месяцы ёсць у жыхароў і гасцей Міёр, каб наведаць выставу. Пасля 15 студзеня творчыя работы адправяцца ў іншыя беларускія гарады.