Культработники в Миорском РДК
gazeta 23-10-2018, 15:47 2 928 Культура
Яны сатканы са слоў любові і адданасці справе, са смеху і нот. Іх прызначэнне — дарыць дабро і прыносіць радасць. Гэтыя словы прагучалі на святочным канцэрце з нагоды Дня работнікаў культуры.
У пазаМІНУЛУЮ нядзелю сто восемдзесят сем жыхароў Міёршчыны адзначалі прафесійнае свята. Гэта дырэктары і мастацкія кіраўнікі дамоў культуры, выкладчыкі школы мастацтваў, бібліятэкары і супрацоўнікі музея, майстры дома рамёстваў. Усе, хто мае дачыненне да сферы культуры, далучае да прыгожага і вечнага, захоўвае спадчыну.
Напярэдадні культработнікі сабраліся ў Міёрскім РДК. Прымалі віншаванні і ўзнагароды.
— Пладамі культуры мы карыстаемся, калі наведваем музеі, прыходзім у бібліятэкі, бываем на канцэртах. Прафесія культработніка складаная і бясконца творчая. Яна неабходна нашаму грамадству, — вітаў калег начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Тронькін.
НА МІЁРШЧЫНЕ дзейнічаюць дваццаць клубных устаноў, дваццаць тры бібліятэкі, дзіцячая школа мастацтваў, гісторыка-этнаграфічны музей, кінавідэасетка. У іх розныя задачы і агульная мэта — весці ў дзіўны свет творчасці, дарыць яркія ўражанні і эстэтычную асалоду. Кожны год у работнікаў культуры насычаны мерапрыемствамі рознага маштабу. Ад святаў вёсак да абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў. У ліку актывістаў культурнага жыцця ў раёне і за яго межамі Аляксандр Тронькін адзначыў фальклорныя калектывы “Язынка” і “Іставіца”, эстрадную студыю “Зараніца”, клуб народных майстроў “Святліца”, клуб нацыянальнай кухні “Цвецінскія прысмакі”, ансамбль народных інструментаў “Павятчанка”, творчыя калектывы Дзісенскага ГЦК і Перабродскага СДК. На раённых аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці на высокім узроўні выступаюць Дзісенскі ГЦК, Язненскі, Наўгародскі, Павяцкі, Чэраскі, Чапукоўскі сельскія дамы культуры, Істаўскі і Мікалаёўскі клубы. У бібліятэчнай справе задаюць тон цэнтральная раённая і дзіцячая бібліятэкі.
ЗА актыўную творчую дзейнасць і яе высокія вынікі работнікі культуры атрымалі ўзнагароды. Ганаровую грамату райвыканкама ўручылі
майстру Дзісенскага дома рамёстваў Людміле Ганебнай. Падзяка аб’яўлена бібліятэкару цэнтральнай раённай бібліятэкі Іне Януковіч. Граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аляксандр Тронькін назваў самымі роднымі ўзнагародамі. Іх атрымалі бухгалтар Фаіна Шокель, бібліятэкары Міёрскай дзіцячай бібліятэкі Анастасія Драба і Павяцкай бібліятэкі Таццяна Мутар, выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў Галіна Шокель і Таццяна Бялевіч, мастацкі кіраўнік Чапукоўскага СДК
Тэрэза Корсак, намеснік дырэктара Міёрскага РДК Аляксей Гайдзель, работнік гаспадарчай групы Іван Мароз.
У ПАДАРУНАК усім — святочны канцэрт, які падрыхтавалі педагогі і выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў. Жывая музыка, прыгожыя галасы, шчырыя ўсмешкі, пазітыўная энергетыка ліліся са сцэны ў глядзельную залу, адкуль пасля кожнага нумару гучалі воклічы “Брава!” і дружныя доўгія апладысменты.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.