Авторизация
 

Сэрца Іста б’ецца з песняй у такт

 “Пакуль Іст яшчэ пяе, датуль Іст яшчэ жыве”. Фраза з прыпеўкі, якую напісала ўдзельніца мастацкай самадзейнасці Людміла Іванаўна Сямчонак, стала крылатай і трапна характарызуе артыстаў мясцовага сельскага клуба. 

Кожны раз на раённы агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці Істаўскі сельскі клуб прыязджае вялікай камандай. Спяваюць народныя песні, чытаюць рэп уласнага сачынення, ставяць гумарыстычныя сцэнкі. На сцэне артысты ад дзесяці да васьмідзесяці шасці год.

— Вёска ў нас дружная, згуртаваная. Працаваць з аднасяльчанамі цікава і проста. Адказныя і дысцыплінаваныя, яны не спазняюцца на рэпетыцыі, дапамагаюць падбіраць песенны рэпертуар. І людзі паважанага ўзросту, і моладзь актыўна ўдзельнічаюць у самадзейнасці, — радуецца загадчык Істаўскага СК Раіса Налівайка.


У ШТАЦЕ сельскага клуба два супрацоўнікі: загадчык і тэхнічны работнік. За парадкам і чысцінёй у памяшканнях і на тэрыторыі сочыць Алена Францаўна Парадня. Яшчэ яна спявае ў жаночай вакальнай групе. Калі адысці ад фармальнасцей, то калектыў установы — больш за дваццаць чалавек. Гэта ўдзельнікі “Іставіцы”, вакальнай групы, сольныя выканаўцы, танцоры. Не чужой увагай і апладысментамі вабіць іх самадзейнасць. Гэта для сябе. Каб сагрэць душу добрай песняй, забыцца на клопатную паўсядзённасць. Гэта ўнутраная патрэба і неад’емная частка ладу жыцця.


— “Нам песня строить и жить помогает”, — цытуе вядомы радок удзельніца аматарскага народнага песеннага калектыву “Іставіца” Раіса Мікалаеўна Сачыўка. — Трыццаць тры гады я працавала выхавацелем у дзіцячым садку, цяпер на заслужаным адпачынку. У клуб іду з радасцю. Прыгожыя песні і прыемныя зносіны — найлепшы занятак. Без гэтага сябе не ўяўляю. Атмасфера тут добразычлівая, з маладымі артыстамі ладзім, і яны да нас з павагай ставяцца.


Так лічаць і іншыя актывісткі мастацкай самадзейнасці, якія ідуць поруч з песнямі дзясяткі год. Са светлым сумам прыгадваюць другую палову 80-х: у вёсцы быў хор, у якім спявалі адміністрацыя і работнікі былога саўгаса “Дзісенскі”, іншых мясцовых устаноў. У той час з’явілася “Іставіца”. Назву калектыў атрымаў значна пазней і першапачаткова арыентаваўся на народныя абрады.


ІДЭЯ стварыць пры сельскім клубе фальклорны калектыў належыць колішняму мастацкаму кіраўніку Марыне Іванаўне Анікеевай. Загадвала ўстановай у той час Ірына Мікалаеўна Балай. Ахвотнікаў да абрадавых дзеянняў знайшлося нямала. Нават мужчыны зацікавіліся. Цэлымі сем’ямі ўдзельнічалі ў пастаноўках. З абрадам “Жаніцьба Цярэшкі” выступалі ў Мінску, пасля глядзелі на сябе па тэлевізары. Пакрысе з абрадаў перайшлі да народных песень. Шмат іх ведала адна з першых удзельніц Зінаіда Фёдараўна Люцкая. Цяпер былой работніцы сельскай гаспадаркі за 90 год, і калі б не стала падводзіць здароўе, працягвала б спяваць з “Іставіцай”. З самага пачатку ў калектыве Вера Фадзееўна Грыдзюшка, ёй 85. На год старэйшая Ядвіга Іосіфаўна Фурс. Таксама былі заняты сельскай працай і вельмі любяць песні. Астатнім удзельніцам каля і крыху за шэсцьдзясят, у вакальнай групе спяваюць сяльчанкі, занятыя працоўнай дзейнасцю.


Выступаюць у сваёй вёсцы, на аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці ў раёне, на абласных фестывалях. “Букет Паазер’я” ў Оршы, “Масленічны разгуляй” у Шуміліне, “Вялікая вясельніца” ў Дуброўне і Ушачах, “Не старэюць душой ветэраны” ў Міёрах — на гэтых і іншых мерапрыемствах у розныя гады спявалі істаўцы. Старэйшыя бралі з сабой у дарогу лякарствы, якія так і не спатрэбіліся.
Двойчы прымалі ў сябе журналістаў з тэлеперадачы “Наперад у мінулае”.


— Калі зараз патэлефануюць і скажуць, што заўтра да нас едзе тэлебачанне, сустрэнем як належыць, — гаворыць загадчыца ўстановы. — Дзяўчаты арганізаваныя, песні на памяць ведаем, можам абысціся без доўгіх рэпетыцый.


 РЫХТУЮЧЫСЯ да канцэртаў і конкурсаў, заўсёды разлічваюць на маладых артыстаў. За родны клуб выступаюць школьнікі, студэнты, працоўная моладзь. Так, Яўген Кабяк жыве і працуе ў Полацку, піша песні ў стылі рэп, спявае іх для аднавяскоўцаў. На гітары грае Павел Карповіч. Калісьці яны разам танцавалі брэйк-данс. З сольнымі і танцавальнымі нумарамі выходзяць на сцэну студэнты Кацярына Альхімовіч, Аксана і Яўген Кулянкі, Вольга Белавус, Аляксандр Каланда.


— Усе яны ў самадзейнасці са школьнай пары. Радуе, што на сяброўства нашай моладзі з клубам не ўплывае адлегласць і занятасць на працы і вучобе, — гаворыць Раіса Налівайка. — Хоць школы ў Ісце ўжо няма, мясцовых дзяцей працягваем далучаць да творчасці. У ліку юных артыстаў — Данііл Стома, Арына Альхімовіч, Даша Касцюкевіч, Кірыл Дзімітровіч.


ІСТАЎСКІ сельскі клуб цяпер размяшчаецца ў адным з будынкаў былой школы. У новым доме стварылі музей. Пакуль без назвы. Захоўваюць прадметы сельскага побыту, сабраныя ў сваёй мясцовасці. Сцяну ўпрыгожвае вышыты кветкамі дыван з двума лебедзямі ў цэнтры. Экспанату трыццаць шэсць год. Гэта работа ўдзельніцы “Іставіцы” Таццяны Рыгораўны Козел.


— Вышывала ў водпуску па доглядзе за дзіцём. Справілася за месяц, — расказвае аўтар. — Асновай дывана служыць мешкавіна. На яе наносіцца малюнак. Карысталася спецыяльнай іголкай ад шпрыца і каляровымі адходамі нітрону.


Аздобленыя вышыўкай падушкі, сурвэткі, покрывы, вышытыя карціны — справа рук Феліцыі Багданавай. Умеліцы ўжо няма, яе работы перадалі ў музей унукі. На століку побач з масіўным прайгравальнікам пласцінкі Сафіі Ратару і Валерыя Лявонцьева. Імі падзяліўся Аляксандр Паўлавіч Пучкоўскі. Лазовае крэсла-качалку, якое змайстраваў дзед, падарыла музею Вера Сільвестраўна Глебка.
Словам, у Істаўскім сельскім клубе ёсць чаму падзівіцца. У першую чаргу — трываламу сяброўству і нястомнаму энтузіязму мясцовых артыстаў.


— Шчыра ўдзячна ўсім удзельнікам мастацкай самадзейнасці за іх звонкія галасы і добрыя сэрцы, за надзейную падтрымку і актыўнасць. Дзякуй калегам з Язна і Цвеціна, на чыю дапамогу заўсёды можна спадзявацца, — гаворыць загадчыца Істаўскага клуба Раіса Налівайка. — Віншую ўсіх з нашым прафесійным святам і з Днём маці. Моцнага здароўя, дабрабыту і цеплыні, поспехаў і радасных падзей. Няхай добрая песня цешыць душу і спадарожнічае ў справах.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 376
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 77 128
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 779
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 344
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 38 085
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 229
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 201
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 25 апреля 2019
Василий, Давид, Иван, Сергей, Мария, Марфа

Именины 24 апреля 2019
Ефим, Иван, Николай, Петр, Прохор, Яков

Госці краін
free counters
Партнеры сайта