Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар-2018” у творчым зеніце. Непаўторную атмасферу адчуваюць і міярчане, якія адправіліся ў святочны Віцебск прадстаўляць Міёрскі край.
Шмат цікавых і яркіх мерапрыемстваў уключае фестывальная праграма. Дзе ўдзельнічаюць міярчане, расказаў намеснік дырэктара Міёрскага РДК Аляксей Гайдзель.
Конкурс майстроў па кераміцы і ганчарстве “Гліна спявае” праходзіць з 13 па 15 ліпеня. У ім прымае ўдзел Алена Батарчук. У горадзе майстроў размясціліся ўмельцы Дзісенскага гарадскога Дома рамёстваў Алена Балаш, Людміла Ганебная і Уладзімір Майсяёнак. Здзіўляюць вырабамі ручной работы. Разьба па дрэве, лапікавае шыццё, пляценне, габелен — асартымент шырокі.
На тэматычнай пляцоўцы “Брэнд раёна” 13 ліпеня прагульваліся Журавель і Журавінка. Фатаграфаваліся з наведвальнікамі, пакідалі на памяць інфармацыйныя буклеты. Вабілі апетытная прадукцыя мясакамбіната, выставы Дзісенскага Дома рамёстваў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, візіт-цэнтра “Ельня”. Дадаваў настрою калектыў “Язынка”. Па тэлевізары ішоў фільм пра залатое кальцо Міёршчыны. У творчай абароне пляцоўкі ўдзельнічалі салісты Ігар Мятла і Дзіяна Маляўка.
У гэты ж дзень прашло нацыянальнае свята-конкурс традыцыйнага народнага касцюма “Сцяжкі майстэрства-2018”. Прысвячалася 80-годдзю Віцебскай вобласці. Конкурсная работа Міёрскага раёна — зімовы дзісенскі строй. Аўтар — Алена Балаш, у якасці мадэлі выступіла Алеся Барысоўская. Майстар-клас па пляценні паясоў правяла Людміла Ганебная.
Сёння ў турніры бытавых танцаў спаборнічаюць Анастасія Ільніцкая і Андрэй Ражанскі, Яўген Кажан і Дзіяна Маляўка, Ігар Сардыка і Алеся Барысоўская, Аляксей Гайдзель і Алена Шангіна. На заўтрашнім абласным конкурсе народных інструментаў і прыпевачнікаў “А музыкі граюць-граюць” выступіць квінтэт выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў.
Фота для ілюстрацыі.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.