Лялькі-сувеніры з Дзісенскага гарадскога Дома рамёстваў раз’язджаюцца па розных беларускіх гарадах і замежжы.
Доўгая льняная каса, какошнік з атласнымі стужкамі, блакітныя вочкі і акуратныя чырвоныя вусны, белая блузка з дэкаратыўнымі элементамі, каляровая камізэлька і доўгая спадніца ў клетку. Вось асноўныя штрыхі да партрэта лялькі-Дзіснянкі — брэнда самага маленькага горада Беларусі і Міёрскага раёна.
— Лялек завём і дзіснянкамі, і міярчанкамі. Мы хоць і знаходзімся ў Дзісне, аднак на абласных святах, на выставах у іншых гарадах прадстаўляем Міёрскі раён. Таму ў лялек два імені, — удакладняе дырэктар Дзісенскага гарадскога Дома рамёстваў Алена Балаш.
ГІСТОРЫЯ лялек пачалася ў 2013 годзе. Перад майстрамі паставілі задачу стварыць брэнд Дзісны. Яны вырашылі, што гэта будзе лялька.
Першыя атрымаліся вышынёй 15 сантыметраў. Асновай для тулава служылі шпулькі ад швачных нітак, а галава — тэнісны шарык.
— Закупіць спецыяльныя матэрыялы не маглі, таму карысталіся тым, што пад рукой. Са шпулькамі, сінтэпонам, абрэзкамі тканіны дапамагала былы кіраўнік мясцовага цэха “Віцябчанкі” Ганна Воюш, — расказвае Алена Фадзееўна. — Пасля замест шпулек паспрабавалі выкарыстоўваць трубкі з-пад алюмініевай фольгі, харчовай плёнкі і да т.п., а тэнісныя шарыкі замянілі на тканіну. Для цвёрдасці некалькі разоў апрацоўвалі клеем. Малявалі твар спецыяльнымі фарбамі.
У БРЭНДА Дзісны і Міёрскага раёна першы юбілей. За пяць год лялька падрасла. З невялікай сувенірнай дзяўчынкі ператварылася ў статную прыгажуню. Як гавораць стваральнікі, разам з лялькай расло і іх майстэрства. Дадавалі новыя дэталі. Ёсць у калекцыі лялькі з каромыслам, з вяночкамі на галаве і ў хусцінках.
Дзісенскі сувенір цяпер часта прысутнічае на важных раённых мерапрыемствах. Нядаўна дзесяць лялек-міярчанак падарылі гасцям, якія ўдзельнічалі ў адкрыцці новай раённай бальніцы. Яшчэ раней уручылі падарунак на памяць дэлегацыі з Егіпта, што наведвалася ў раён. Ёсць такія лялькі ў Латвіі.
ДЫРЭКТАР Дома рамёстваў заўважае, што над вырабам брэнда працуе ўвесь калектыў. Знутры лялька цяпер драўляная. На спецыяльным станку выточвае галаву і тулава Уладзімір Майсяёнак. Фігуру стварае Наталля Валенцік. Яна шые камізэльку і кашулю, апранае ляльку. Спадніца і дэкор усяго строю – справа Людмілы Ганебнай. Косы заплятае Алена Балаш. На словах усё хутка і проста. На справе, каб зрабіць адну ляльку, патрэбны цэлы працоўны тыдзень.
Нядаўна калекцыя лялек з Дзісны адправілася на конкурс народнай цацкі і лялькі “Забава”, які праходзіць у Віцебску з 27 чэрвеня да 31 ліпеня. Наш брэнд ацэняць госці “Славянскага базару”.
Прадставіць сваю прадукцыю Дом рамёстваў на свяце горада. У творчым багажы — лялькі, тэкстыльныя цацкі, тканыя паясы, журавінавыя пацеркі, купальскія вянкі і шмат іншых вырабаў ручной работы.
ДАРЭЧЫ. Лялькі — не адзіны брэндавы выраб Дзісенскага гарадскога Дома рамёстваў. Сюды можна аднесці журавінавыя пацеркі з тканіны. Па словах майстроў, на экалагічным свяце “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” на гэтае ўпрыгожванне звяртаюць асаблівую ўвагу. Цікавяцца тканымі паясамі. Зараз распрацоўваюць яшчэ адзін дзісенскі брэнд – гіпсавыя магніцікі з выявай ладдзі.
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.