Авторизация
 

Агляд творчасці грымеў у Чэрасах

  Творчую эстафету 22 красавіка прымаў Чэраскі СДК. Конкурсныя праграмы прадставілі шэсць самадзейных калектываў. І кожны запомніўся чымсьці сваім. Адметным і непаўторным.

Шанаваць традыцыі і дарыць усмешкі
“Мы вітаем вас, добрыя людзі, каб адзін аднаму ўсміхнуцца”, — спявала жаночая вакальная група Чэраскага СДК. У сцэнічных касцюмах новая дэталь — вянкі з кветак. Вясновае ўпрыгожанне спляла майстрыца Тамара Красоўская. Яе талент не толькі ў рукадзеллі. Спявае, спрабуе сябе ў гумарыстычных пастаноўках. Менавіта гумар і павага да мясцовых традыцый адрозніваюць Чэраскі СДК.


Цікавым атрымаўся абрад “Хрэсьбіны”. Галоўныя героі — маладыя бацькі, бабуля, кумы і, канечне, госці. Выкуплялі куміну кашу, каб жыло ў дастатку дзіця. Частаваліся бабінымі блінамі. Церлі салому, каб даведацца, колькі яшчэ дзетак будзе ў сям’і. Спявалі прыпеўкі, танцавалі польку, вазілі ў тачцы бабулю. Яе ролю выконвала былы бібліятэкар і пастаянная ўдзельніца самадзейнасці Надзея Федуковіч. Калі абрад завяршыўся, яна выйшла на сцэну ў вобразе пенсіянеркі з забінтаванай нагой і расказвала, як аддала ўсю пенсію на фітнес і што з гэтага атрымалася.


— Аднолькава цікава ўдзельнічаць і ў абрадавых пастаноўках, і ў гумарыстычных, — гаворыць Надзея Аркадзьеўна. — Рэпеціравала шмат. І ў СДК, і дома. Мае крытыкі — унукі. Падказкі слушныя давалі.


Яшчэ адна порцыя гумару — мініяцюра “Бюро знаёмстваў”. У сольных спевах спрабавалі сябе юныя артысты Даніла Грэцкі і Паліна Аніська.

 Рухацца ў такт і быць уважлівым да блізкіх
З песнямі пра любоў да сваёй зямлі і мілай матулі, з адметнымі танцамі, з напамінам пра добрае надвор’е ў доме прыехалі на агляд-конкурс артысты Туркоўскага сельскага Дома культуры. Першымі выйшлі на сцэну салісткі Саша Сініца і Віка Стома. За імі — юныя танцоры. У народных касцюмах танцавалі пад песню “В горнице моей светло”. Прыгожы нумар — гучныя апладысменты.


— Дзецям падабаецца займацца танцамі, — заўважае дырэктар СДК Марыя Шчасная. — З задавальненнем прыходзяць на заняткі ў харэаграфічны гурток. Ёсць навічкі, а многія танцуюць не адзін год.


Дарослыя ўдзельнікі спявалі ў жаночай вакальнай групе. Праз гумарыстычную пастаноўку паказалі вечар у звычайнай сям’і. Калі кожны заняты сабой і ў размовах гучаць папрокі і крыўды. Камічныя сітуацыі нагадвалі, што сямейны лад павінен трымацца на ўвазе, клопаце і цеплыні.

 Здзіўляць майстэрствам і спяваць ад душы
Перш чым выйсці на сцэну, юныя мадэлі з Чапукоў дэфілявалі ў фае. Дзяўчынкам-чацвёртакласніцам трэба было падрыхтавацца перад дэбютам. У касцюмах рамонка, васілька, дзьмухаўца яны выглядалі эфектна. Авангардная калекцыя “Кветкавы баль” — чарговы творчы падарунак ад мастацкага кіраўніка і таленавітай майстрыцы Тэрэзы Корсак.


Дарылі песні. У праграме значылася восем нумароў. Спявала вакальная група “Любава”, з кампазіцыяй на ўкраінскай мове выступіла Людміла Пяткевіч, упэўнена выглядала на сцэне Жанна Кліпацкая, з душой праспявала “Эхо любви” Юля Гедравец. Самыя маленькія спевакі — дуэт Лёшы Гедраўца і Ксюшы Шпянёвай, вакальная група “Званочкі”.
Яркіх фарбаў і дынамікі дадавалі танцы. У Чапуках танцуюць і дзеці, і дарослыя.


  Трымацца разам і ўмець рассмяшыць
Наўгародскі СДК не мае патрэбы ў прадстаўленні. Яго можна пазнаць па хоры. “Красуйся, песня родная, спявай, душа народная”, — разам віталі гледачоў моладзь і старэйшае пакаленне, мужчыны і жанчыны.


Галоўны скарб краіны — гэта людзі, прагучала падчас выступлення. А людзі энергічныя і творчыя — скарб для сельскага Дома культуры. Спяваў пад гітару Уладзімір Кашкур, затым вітала песняй Алена Купча. Юныя зорачкі — Вераніка Маляўка і Рэната Раманава, сястрычкі Маша і Даша Рынкевічы.


Багаты песенны рэпертуар перамяжоўваўся з дасціпным гумарам. Майстар жартоўных маналогаў — Алена Батура. На гэты раз давала парады па тэлефоне замужняй дачцэ і жанатаму сыну. Прадоўжыла смех гледачоў камедыя “Расплата за нелюбоў”, дзе вясковая прыгажуня вырашыла прывабіць чужога мужа. З ролямі справіліся Святлана Паперадзень, Таццяна Рынкевіч, Наталля Быкоўская, Валерый Паперадзень.

  Быць дружнымі і творчасці вернымі
Праграма Новапагосцкага сельскага клуба саступала па колькасці нумароў. Аднак на трывалай пазіцыі па талентах. Дзесяцікласніца Ксенія Багданава выразна і эмацыянальна чытае і рэмаркі вядучай, і ўласныя вершы. Штогод прадстаўляе свае новыя паэтычныя творы. І лірычныя, і дынамічныя кампазіцыі ўдала гучаць у выкананні Уладзіслава Сіманіса. Верныя роднаму клубу салістка Наталля Рудзь і ўдзельніца вакальнай групы “Святліца” Зоя Шышко. У песнях прызнаваліся ў любові родным мясцінам.

 Жартаваць і таленты развіваць
Ва Узмёнскім СДК умеюць жартаваць, любяць спяваць, заўважаюць юныя таленты і прывіваюць ім любоў да сцэны. Самы пяшчотны нумар — сямейны дуэт Наталлі Канюшэўскай з сынам-пяцікласнікам Жэнем.


— Наталля — пастаянная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці. Спявае сольна і ў вакальнай групе. У Жэні першае выступленне. Хлопчык любіць сцэну, будзем далей з ім працаваць, — расказвае мастацкі кіраўнік СДК Таццяна Філіпенка. — У нас зладжаны самадзейны калектыў. Сфарміраваная вакальная група, радуюць маладыя салісты.


Вырас на ўзмёнскай сцэне Слава Тамашэвіч. Ужо студэнт, пра родны клуб не забывае. Спяваў сольна і ў дуэце з адзінаццацікласніцай Жэняй Галыня. Яна таксама выступае з малых год.


Паміж песеннымі нумарамі весялілі гледачоў новыя рускія бабулькі. Ролі ўдаліся дырэктару СДК Фаіне Рогач і маладой маці Юліі Ганчаровай. Гумарыстычныя дыялогі ў канцэртных праграмах сталі традыцыйнымі. 

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 96 379
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 77 146
  • 1

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 48 832
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 39 354
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 38 096
  • 0

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 35 233
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 24 205
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 26 апреля 2019
Георгий, Дмитрий, Марфа

Именины 25 апреля 2019
Василий, Давид, Иван, Сергей, Мария, Марфа

Госці краін
free counters
Партнеры сайта