Авторизация
 

Прайшоў конкурс “Таленты Міёршчыны”

 Змяніць школьную парту на сцэну, узяць замест падручніка мікрафон і замест адзнакі атрымаць гучныя апладысменты. Так можна? Так патрэбна! Раённы агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці школьнікаў “Таленты Міёршчыны” разгараецца ярчэй і адкрывае новыя зорачкі на небасхіле творчасці.

Хвілін за дзесяць да пачатку

ЗАЛА РДК пакрысе запаўняецца. Чакаюць свайго выхаду канкурсанты. Рыхтуецца ацэньваць выступленні журы на чале з дырэктарам Цэнтра дзяцей і моладзі Валянцінай Мітрафанавай. Дапамагаць будуць яе намеснік Ларыса Малецкая, намеснік дырэктара дзіцячай школы мастацтваў Жанна Каскевіч, выкладчык харэаграфіі Аляксандра Катышава і наш карэспандэнт. Адзначу, што лепш быць звычайным гледачом.

 Выбіраць лепшых, калі ўсе хвалююцца і стараюцца – справа складаная. — Конкурс “Таленты Міёршчыны” — добрая традыцыя. Арганізатарамі выступаюць аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, — расказала загадчык мастацка-эстэтычнага аддзела ЦДМ Алена Сушко. — У выбары намінацый і колькасці ўдзельнікаў не абмяжоўваем. Кожная школа можа прадстаўляць нумары розных жанраў.

 Россыпы гукаў і ўсмешак

СТАРШАКЛАСНІКАЎ з Новапагосцкай школы застала ў фае РДК. Апранутыя ў народныя касцюмы хлопцы і дзяўчаты рыхтаваліся да выступлення. Ім першымі выходзіць на сцэну. — Наш гурт “Шчадроўкі” пакажа ўрывак з абраду Васілле. Пастаноўку распрацавалі сумесна з Шаркаўшчынскім Домам фальклору,— робіць анонс кіраўнік Людміла Бялевіч. – Вывучаем з дзецьмі народную культуру, мясцовыя абрады. Абрад Васілле звязаны з імем святога Васіля. Ладзілі яго ў нашых мясцінах пасля Старога Новага года. Вяскоўцы збіраліся ў гурт і хадзілі па хатах, віншавалі гаспадароў, гаварылі добрыя пажаданні. Каб пашчасціла з ураджаем, рассыпалі зерне, якое прыносілі з сабой. У пачатку сакавіка мы ўдзельнічалі ў абласным аглядзе-конкурсе фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі "Ад прашчураў да зор”, які праходзіў у Расонах. На сцэне РДК канкурсанты трымаліся ўпэўнена. Нумару прысуджана першае месца ў намінацыі “Фальклорная творчасць”.

 Сіцькоўская школа прыехала на агляд-конкурс з модным паказам. Іх “Кветкавая калекцыя” захапіла гледачоў. Авангардныя ўборы з падручных матэрыялаў у выглядзе ружы, півоні, рамонка і іншых кветак юныя мадэлі майстравалі пад кіраўніцтвам Любові Белазорчык. Заслужаная перамога ў намінацыі “Тэатры моды”.

БОЛЬШ за ўсё нашы дзеці любяць спяваць. На перамогу ў намінацыі “Вакальная творчасць” прэтэндавалі без малога сорак нумароў. Сола, дуэты, трыа, квартэты, вакальныя гурты. Лепшых вызначалі ў трох узроставых групах. Сярод салістаў у лідарах Ягор Абалевіч з СШ №3 імя Я.Томкі, дзісенцы Яўген Барташэвіч і Данііл Астукевіч. На другім месцы — Віка Пухальская з СШ №3 імя Я.Томкі, Ілья Арол з Туркоўскай і Наталля Дзяменцьева з Павяцкай школ. Трэцяе месца прысудзілі вучню Язненскай школы Яўгену Маліноўскаму і Маргарыце Пірог з Узмён. Вакальныя ансамблі ў пераможнай табліцы размеркаваліся наступным чынам. Хлапечы квартэт і дуэт шасцікласнікаў Дзісенскай школы Данііла Астукевіча і Паліны Валенцік узялі першае месца. Разам з імі вакальная група з Язна. Другую пазіцыю занялі дуэты Улада Чынікайлы і Валерыі Калеснік з Дворнасельскай школы, Алесі Апет і Кіры Драпеза з СШ №2. Трэція — вакальная група СШ №3 імя Я.Томкі, дуэты вучняў СШ №2 Варвары Пяткевіч і Данілы Валеўкі, Лізы Уткінай і Паліны Крук, трыа сябровак з Чапукоў Вольгі Гусевай, Насці Вашкель, Паліны Паўлоўскай. Асобную намінацыю — “Вакальна-інструментальны ансамбль” — вызначыла журы для калектыву “Сірыус” з СШ №2. Трое хлопцаў з гітарамі і салістка Вераніка Закрэўская заслужылі глядацкія сімпатыі і першае месца ад журы за рок-баладу “Беспечный ангел”.

 НАКОНТ лепшых у намінацыі “Харэаграфічная творчасць” журы не сумнявалася. Аднолькава ўразілі і скарылі майстэрствам выканання танцавальныя калектывы з Узмёнскай, Дзісенскай, Язненскай і Дворнасельскай школ. Усіх – на першае месца. Другое засталося свабодным. Трэцяе прысудзілі калектыву “Юнацтва” СШ №2. У намінацыі “Інструментальная творчасць” выступалі Уладзімір Іваноў з Дворнасельскай школы і Аліна Пашкоўская з Туркоўскай. Вова сыграў на сінтэзатары мелодыю з кінафільма “Прафесіянал”. Аліна выканала на баяне “Рускае ронда”. Абодва прызнаны пераможцамі. БЫЦЬ вядучым — таксама талент. Намінацыю “Тэатральная творчасць” прадугледзілі для ўд зельнікаў, дзякуючы якім нумары конкурсных праграм знітоўваліся ў адно цэлае. Паспяхова з гэтай задачай справіліся Ілья Кавалеўскі з Язненскай школы, Насця Цвячкоўская і Дзіма Чынікайла з Дворнасельскай. На другім месцы Аксана Каскевіч і Крысціна Астукевіч з Павяцця. Замыкае тройку лепшых вядучых Данііл Смірноў з СШ №2.

* * *

АМАЛЬ чатыры гадзіны эстэтычнай асалоды падарылі канкурсанты гледачам і журы. Адны выйшлі на сцэну ўпершыню, для другіх гэта даўно не ў навінку. Як заўважыла старшыня журы Валянціна Мітрафанава, ад конкурсу да конкурсу майстэрства ўдзельнікаў расце. Сёлета творчая планка ўзнялася яшчэ вышэй. Пераможцы атрымаюць узнагароды.

Больш фота ў фотаальбомах сацгруп "Миорские новости" https://ok.ru/merskyanav/album/53734488604811

https://vk.com/album-93032809_253137545

https://www.facebook.com/media/set/?set=oa.178929492739761&type=3 .

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

 

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Наведвальнікі, змешчаныя ў групе Гости, не могуць пакідаць каментары да дадзенай публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
  • Вконтакте
  • Facebook
  • OK
  • Камэнтуюць
  • Актуальна
  • Чытанае

Рэцыдыў

  • 09 ноябрь 2010, 11:17
  • 84 684
  • 0

Інвестыцыйны форум

  • 23 сентябрь 2011, 10:05
  • 53 224
  • 1

Кандыдатамі жадаюць стаць

  • 21 август 2012, 15:30
  • 23 297
  • 0

Пераброддзе 2012. Погляд вучонага

  • 31 август 2012, 15:19
  • 23 092
  • 0

  • 11 февраль 2011, 11:20
  • 21 967
  • 0

Злавілі рыбку, ды… залатую

  • 28 февраль 2011, 16:16
  • 20 065
  • 0

Вагон "вярнуўся"

  • 11 июнь 2013, 10:04
  • 0
  • 2

Пра тых, хто акты рэгіструе

  • 19 декабрь 2012, 09:24
  • 0
  • 2

Трагічны люты

  • 01 март 2011, 09:00
  • 12 735
  • 2
Курс валют НБРБ
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 27 апреля 2018
Александр, Антон, Валентин, Иван, Мартин

Именины 26 апреля 2018
Георгий, Дмитрий, Марфа

Госці краін
free counters
Партнеры сайта